Ёй хапіла першага года, каб прыняць удовін лёс. Памяць пра мужа, якая нібыта ачысцілася часам, перастала замінаць у будзённых учынках, патаемных думках, у самых простых намерах, і ператварылася ў сталую прысутнасць, якая накіроўвала яе, не прыгнятаючы. Часам яна знаходзіла яго — і не як прывід, а як жывога чалавека — менавіта там, дзе ў ім была патрэба. Ён быў з ёю, але без мужчынскіх капрызаў, патрыярхальнай патрабавальнасці, напамінаў пра тое, што яна абавязаная кахаць яго з рытуалам недарэчных пацалункаў і пяшчотных слоў, якімі ён кахаў яе. Цяпер яна разумела яго лепш, чым пры жыцці: ведала, як ён жадаў кахання, у якім шукаў упэўненасці, апірышча ва ўласных грамадскіх справах, чаго насамрэч так і не знайшоў. Аднойчы на мяжы адчаю яна крыкнула яму: «Ты не здагадваешся, што я нешчаслівая жанчына». Хувэналь Урбіна ўласцівым яму жэстам без хвалявання зняў акуляры, абвёў яе празрыстасцю сваіх хлапечых вачэй, і адной фразай раздушыў яе невыносным цяжарам сваёй мудрасці: «Помні заўсёды: галоўнае ў шлюбе не шчасце, а стабільнасць». З першых дзён удовінае самоты яна засвоіла: тая фраза не хавала ў сабе сур’ёзнай пагрозы, пра якую яна тады падумала, а была месяцавым каменьчыкам, які прынёс ім шмат шчаслівых гадзін.
Падчас вандровак па свеце Фэрміна Даса набывала ўсё, што прыцягвала яе ўвагу. Яе цягнула да гэтых рэчаў нейкім першасным парывам, якому Хувэналь Урбіна не пярэчыў, каб зрабіць жонцы прыемнасць. Размова ішла пра рэчы гожыя і карысныя, пакуль яны знаходзіліся ў натуральным асяродку, на вітрынах Рыма, Парыжа, Лондана, Нью-Ёрка, які ліхаманіла ад чарлстону, дзе пачыналі расці хмарачосы. Але рэчы страчвалі гожасць і карыснасць у іншых абставінах, не выносячы, напрыклад, вальсаў Штрауса з цыкадамі і паэтычнымі гульнямі пад саракаградуснай спякотай у ценю. Так ці інакш, на адваротным шляху яна везла паўтузіна вялізных вертыкальных баулаў з храмаванага металу, з абабітымі меддзю куткамі, падобнымі да фантастычных трунаў. Яна рабілася гаспадыняй найноўшых цудаў свету, якія, тым не менш, адпавядалі цане, заплачанай за іх золатам толькі ў той момант, калі нехта з сяброў ці суседзяў бачыў іх упершыню. Яна ўсвядоміла бязглуздасць вобразу, які яна стварыла ў вачах грамадства задоўга да парога старасці, і ў доме часцяком чулі яе словы: «Трэба вызваліцца ад гэтага смецця, нам ужо няма дзе жыць». Доктар Урбіна смяяўся з яе добрых намераў, ён ведаў, што пустыя месцы зноў будуць запоўненыя новым смеццем. Але яна настойвала, бо іх зжывалі з дома рэчы, якім ужо ніколі не знайшлі б выкарыстанне, нібыта кашулі, што віселі на клямках кожных дзвярэй, альбо еўрапейскія зімовыя паліто, складзеныя нават у шафках на кухні. Так што наступала раніца, і яна ў добрым настроі спусташала шафы і баулы, пераварочвала каморы, уздымала гвалт, нібыта пры вайсковых дзеях. Яна навальвала вакол сябе купы няношанай вопраткі, новенькіх капелюшоў, якія здаўна выйшлі з моды, а таксама чаравікаў, якія з’яўляліся копіямі тых, што імператрыцы абувалі ў дзень каранацыі. Гэта былі копіі, зробленыя еўрапейскімі майстрамі, але дзяўчаты са шляхетных сямей пагарджалі імі, бо чаравікі такога самага фасону набывалі негрыцянкі на базары, дзе яны прадаваліся як хатнія тапкі. Усю раніцу ўнутраная тэраса заставалася нібыта ў абложным становішчы, у доме было цяжка дыхаць з-за паху ад нафталінавых шарыкаў. Аднак спакой узнаўляўся за некалькі гадзін, бо ўрэшце ёй рабілася шкада ўсяго гэтага шоўку, што валяўся на падлозе, парчы, стужак і махроў, хвастоў чарнабуркі, якія былі асуджаныя на вогнішча.
— Спаліць усё гэта — грэх, — гаварыла яна, — калі шмат тых, у каго няма нават чаго паесці.
Такім чынам, выкананне прысуду адкладвалася на неакрэслены час, і рэчы толькі пераносіліся з месца на месца, пакідалі прывілеяваныя куткі дома і траплялі ў стайню, якая ператваралася ў склад нерухомых рэштак. Тым часам вызваленая прастора, як гаварыў муж, нанава напаўнялася, забівалася рэчамі, якія жылі хіба што імгненне, каб затым памерці ў шафах. Яна часцяком паўтарала: «Дзе ж тыя вынаходцы, няхай бы прыдумалі, што рабіць з рэчамі, якія ўжо не патрэбныя, калі шкада выкінуць». Яе і насамрэч палохала ненажэрнасць, з якой рэчы, як агрэсары, займалі ўсю жыццёвую прастору, адштурхоўваючы людзей, заганяючы іх у кут. Фэрміна Даса не была акуратнай, але выпрацавала ўласны адчайны метад, што дапамагаў ёй здавацца такой: яна хавала беспарадак. Калі памёр Хувэналь Урбіна, прыйшлося вызваліць палову кабінета і неяк скласці рэчы ў спальнях, інакш не было б нават мажлівасці пасядзець ля труны.