Прыход смерці ў дом вырашыў і гэтую праблему. Як толькі Фэрміна Даса спаліла вопратку мужа і выявіла, што пульс пры гэтым у яе не пачасціўся, у адным парыве яна загадала час ад часу раскладваць вогнішча і наперад. Яна кідала ў агонь усё старое і нават сёе-тое новае, не думаючы пра зайздрасць багацеяў альбо помсту нябогаў, якія паміралі з голаду. Нарэшце яна загадала выкарчаваць мангавае дрэва, каб не засталося і следу ад няшчасця, і падаравала жывога папугая новаму гарадскому музею. Толькі пасля гэтага яна ўздыхнула з палёгкай у доме сваёй мары: прасторным, зручным, сваім.
Афэлія, яе дачка, пабыла з ёю тры месяцы і вярнулася ў Нью-Арлеан. Сын прыводзіў сваю сям’ю на нядзельныя абеды, а час ад часу і сярод тыдня. Найбліжэйшыя сяброўкі Фэрміны Дасы зноў пачалі яе наведваць, як толькі яна перажыла крызіс жалобы. Яны гулялі ў карты, спрабавалі новыя стравы, гатаваныя па рэцэптах, уводзілі яе ў курс падзей патаемнага жыцця ненажэрнага свету, які працягваў існаваць без яе. Адной з самых блізкіх была Люкрэсія дэль Рэаль дэль Абіспа, арыстакратка на стары манер, з якой Фэрміна Даса заўсёды падтрымлівала сяброўскія адносіны, але асабліва зблізілася пасля смерці Хувэналя Урбіна. Маларухомая праз жорсткі артрыт, Люкрэсія дэль Рэаль сама прайшла праз немалыя беды ў жыцці і складала Фэрміне Дасе добрую кампанію ў сумны час. Яны абмяркоўвалі розныя грамадскія праекты, якія рыхтаваліся ў горадзе, а таксама свецкія навіны, і ад гэтага Фэрміна Даса адчувала грамадзянскую карыснасць незалежна ад патранажу магутнага мужа. Тым не менш, ніколі раней Фэрміну Дасу так упарта не звязвалі з ім, бо цяпер апускалі дзявочае прозвішча, з якім звярталіся да яе пры жыцці мужа, і яна сталася проста ўдавой Урбіна.
Паступова, як набліжаліся першыя ўгодкі смерці мужа, Фэрміна Даса ўваходзіла ў заценены, поўны свежасці і цішы асяродак, нібыта ў гушчар непазбежнасці. Да пары яна не ўсведамляла да канца, наколькі дапамаглі ёй знайсці душэўны спакой пісьмовыя развагі Флярэнтына Арысы. Менавіта яны, прыкладзеныя да яе вопыту, дазволілі ёй зразумець уласнае жыццё і з вытрымкай чакаць таго, што наканавала ёй старасць. Сустрэча падчас імшы, якую прысвяцілі памяці мужа, сталася шчаслівай аказіяй: яна дала Флярэнтына Арысу зразумець, што дзякуючы ягоным узнёслым лістам, яна таксама гатовая сцерці з памяці мінулае.
Праз два дні яна атрымала ад яго іншы ліст: напісаны ад рукі на шыкоўнай паперы і з поўным разборлівым подпісам на адвароце канверта. Усё тым жа зграбным почыркам першых юнацкіх лістоў, з лірычнай свабодай ён дзякаваў за ветлівасць яе слоў у кафедральным саборы. Фэрміна Даса думала пра гэты ліст некалькі дзён запар, усхваляваная ўспамінамі пра юнацтва, якія былі такімі добрымі, што ў наступны чацвер яна без дай прычыны спытала ў Люкрэсіі дэль Рэаль дэль Абіспа, ці не ведае яна Флярэнтына Арысу, уладальніка рачных караблёў. Люкрэсія адказала сцвярджальна: «Відаць, гэта прапашчы чалавек». Яна паўтарыла вядомую версію пра тое, нібыта ён не ведаў у жыцці жанчын, хоць мог бы скласці добрую партыю, і завёў сабе патаемнае жытло, куды прыводзіў хлапчукоў, за якімі ўначы ганяўся па прычалах. Фэрміна Даса чула гэтую легенду з даўніх часоў, але ніколі ў яе не верыла, як і наагул не надавала значэння чуткам. Аднак тая ж легенда, паўтораная Люкрэсіяй дэль Рэаль дэль Абіспа, пра якую таксама пляткарылі, нібыта ў яе дзіўныя густы, гучала ўжо інакш, і Фэрміна Даса захацела дакапацца да ісціны. Яна распавяла, што ведала Флярэнтына Арысу з маленства. Нагадала, што ягоная маці трымала галантарэйную краму на вуліцы Вэнтанас і, апрача таго, выкупала старую бялізну, дзерла з яе корпію і прадавала як заменнік ваты для першае дапамогі параненым падчас грамадзянскіх войнаў. Тыраду яна завяршыла ўпэўнена: «Ён рос у сумленнай сям’і і ўзняў сябе сумленнай працай». Гэта было выказана з такім пафасам, што Люкрэсія ўзяла свае словы назад: «Зрэшты, і пра мяне кажуць амаль тое самае». Фэрміна Даса не праявіла цікаўнасці, не спытала сябе, чаму яна так моцна абараняла чалавека, які быў адно ценем яе жыцця. Яна працягвала думаць пра яго, асабліва калі пошта не прыносіла чарговага ліста. Прайшло два тыдні без вестак, і раптам служанка абудзіла яе падчас сіесты трывожным шэптам.