Яна абыходзіла рыфы цяжкіх паўзаў альбо нежаданых тэм з дапамогай трывіяльных пытанняў пра рачныя параходы. Гучала дзіўна, што ён, уладальнік параходнай кампаніі, толькі аднойчы пусціўся ў вандроўку — шмат гадоў таму, калі яшчэ не меў ніякіх адносінаў да прадпрыемства. Яна не ведала, што тады паклікала яго ў дарогу; ён прадаў бы душу, каб распавесці ёй пра гэта. Яна таксама не ведала ракі. Муж падзяляў яе непрыязнасць да паветра Андаў, але ён меў свае прычыны: тут і небяспека вышыні для сэрца, і рызыка падхапіць пнеўманію, і двудушнасць людзей, і несправядлівасці цэнтралізму. Так што яны ведалі паўсвету, але не ведалі ўласнай краіны. Падчас сустрэчы Флярэнтына Арысы з Фэрмінай Дасай у яе доме гідрасамалёт «Юнкерс» лётаў з сялібы ў сялібу па басейне ракі Магдалены, нібыта алюмініевы конік, які браў на борт апрача двух членаў экіпажа шэсць пасажыраў і мяхі з поштай. Флярэнтына Арыса пракаментаваў: «Лятучая труна». Яна ўдзельнічала ў першым пералёце на паветраным шары і не перажыла ніякай трывогі, хоць цяпер наўрад ці магла паверыць, што сама асмелілася на падобныя прыгоды. Яна ўдакладніла: «Усё змянілася». Але хацела сказаць, што змянілася яна, а не спосабы вандравання.
Часам да яе далятала гудзенне самалётаў. Яна бачыла, як яны праляталі вельмі нізка і выконвалі акрабатычныя манеўры да сотых угодкаў смерці Вызваліцеля. Адзін з іх, чорны, як вялізны грыф-аура, праляцеў, чапляючы дахі квартала Ля-Манга і пакінуўшы кавалак крыла на галінах суседняга дрэва, і сам павіс на электрычных правадах. Але нават пасля гэтага Фэрміна Даса не схацела ўсвядоміць, што самалёты насамрэч існуюць. Яна нават не ездзіла разам з іншымі цікаўнымі знаёмымі ў бухту Мансанілля, дзе гідрасамалёты сядалі на ваду пасля таго, як караблі аховы разганялі рыбацкія і шпацырныя лодкі, бо іх кожным разам збіралася ўсё больш. Нягледзячы на сталы ўзрост, менавіта яе абралі для прыёму Чарлза Ліндбэрга з букетам ружаў, калі ён выконваў палёт добрай волі. Але яна так і не зразумела, як мог такі вялізны, светлавалосы і гожы мужчына ўзняцца ў паветра на апараце, зробленым нібыта з мятай бляшанкі, яго нават два механікі штурхалі з хваста, дапамагаючы яму ўзлятаць. Думка пра тое, што ў такім маленькім самалёце можна ўзняць у паветра восем чалавек, не змяшчалася ў галаве. Тым часам яна чула, што рачныя караблі выдатныя, бо на іх не адчуваецца гойданка, як на марскіх караблях, хоць чалавек мусіць перажыць іншую небяспеку: рачнікі траплялі на мелі, на пасажыраў нападалі бандыты.
Флярэнтына Арыса патлумачыў ёй, што гэта міфы даўніх часоў: на сучасных караблях ёсць залы для танцаў, прасторныя і раскошныя, каюты, нібыта нумары ў гатэлі, з асобнай ваннай і электрычным вентылятарам, а з часоў грамадзянскай вайны не было ўзброеных нападаў. Ён таксама сказаў не без задавальнення ад уласнае перамогі, што прагрэс вызначаны больш за ўсё свабодаю навігацыі, за якую ён выступаў, бо гэта стымулявала канкурэнцыю: замест адзінай кампаніі, як раней, іх было тры, вельмі актыўныя і грунтоўныя. Аднак хуткі прагрэс авіяцыі стаў рэальнай небяспекай для ўсіх. Яна спрабавала суцешыць яго, маўляў, караблі будуць існаваць заўсёды, бо не так шмат знойдзецца вар’ятаў, гатовых лезці ў апарат, які здаваўся ёй вяршыняй ненатуральнасці. Нарэшце, Флярэнтына Арыса загаманіў пра прагрэс як у галіне транспарту, так і ў дастаўцы пошты, спрабуючы падвесці яе да размовы пра ягоныя лісты. Але — безвынікова.
Пазней, аднак, аказія прадставілася сама. Яны адышлі далёка ад тэмы, калі служанка перарвала гамонку, каб уручыць Фэрміне Дасе ліст, толькі што дастаўлены спецыяльнай гарадской поштай, якая выкарыстоўвала такую самую сістэму, як пры дастаўцы тэлеграм. Яна не магла знайсці акуляры для чытання, як здаралася з ёю амаль заўсёды. Флярэнтына Арыса сядзеў спакойна.
— Няма патрэбы, — сказаў ён, — ліст ад мяне.
Ён напісаў ліст напярэдадні ў стане жахлівай дэпрэсіі, бо не мог пераадолець сораму за свой першы, так бы мовіць, візіт. У лісце ён перапрашаў за дзёрзкую спробу наведаць яе, не атрымаўшы папярэдняе згоды, і адмаўляўся ад далейшых намераў на гэты конт. Ён кінуў ліст у скрыню, не раздумваючы, а калі спахапіўся, ужо было позна. Аднак ён лічыў непатрэбнымі гэтыя тлумачэнні і папрасіў Фэрміну Дасу аб ласцы — не чытаць ліст.