Белая ружа была ўспрынятая належным чынам, як падарунак без патаемнага сэнсу, і тым самым ён узбагаціў рытуал кожнага аўторка. Гэта настолькі ўвайшло ў звычай, што калі ён прыходзіў з белай ружай, кожнага разу ўжо была падрыхтаваная ваза з вадою ў цэнтры століка, за якім пілі гарбату. Пры чарговым візіце, ставячы ружу, ён нібыта выпадкова сказаў:
— У наш час прыносілі не ружы, а камеліі.
— Вы маеце рацыю, — пацвердзіла яна, — але за гэтым стаяла іншае, вы добра ведаеце.
Так было заўсёды: ён спрабаваў рабіць крок насустрач, а яна выслізгвала. Але на гэты раз, нягледзячы на дакладны адказ, Флярэнтына Арыса здагадаўся, што трапіў у дзясятку, бо ёй прыйшлося адвярнуцца, каб ён не заўважыў чырвані, якая заліла яе шчокі. Гарачая юнацкая чырвань, якая нахлынула нахабна і выключна з уласнае волі, выклікаўшы ў яе незадаволенасць сабой. Флярэнтына Арыса засцерагаўся пераходзіць да больш далікатных тэм, але ягоная ветлівасць была такой відавочнай, перайгранай, і гэта абурыла яе. Той аўторак выдаўся няўдалым. Яна ледзь не папрасіла яго спыніць візіты назаўсёды, але думка пра спрэчкі, якія бываюць паміж жаніхом і нявестай, былі ў іх узросце і становішчы такім абсурднымі, што яна толькі нервова засмяялася і доўга не магла спыніцца. У наступны аўторак, калі Флярэнтына Арыса ставіў кветку ў вазу, яна пільна перагледзела свае пачуцці і радасна ўпэўнілася: з мінулага тыдня не засталося ні следу горычы!
Неўзабаве візіты набылі даволі двухсэнсоўны характар сямейных сустрэч, бо час ад часу сын Фэрміны, доктар Урбіна Даса, і ягоная жонка з’яўляліся нібыта выпадкова і заставаліся гуляць у карты. Флярэнтына Арыса гуляць не ўмеў, але Фэрміна Даса навучыла яго за адзін візіт, і яны накіравалі Урбіна Дасу пісьмовы выклік на наступны аўторак. Турніры былі прыемныя ўсім і ўвайшлі ў звычай гэтак сама хутка, як і ягоныя візіты. Яны вызначылі нормы ўнёскаў кожнага ўдзельніка. Доктар Урбіна Даса і ягоная жонка, якая выдатна выпякала, прыносілі арыгінальныя, штораз новыя торты. Флярэнтына Арыса працягваў частаваць далікатэсамі, якія знаходзіў на борце еўрапейскіх караблёў, а Фэрміна Даса заўсёды прыдумвала новы сюрпрыз. Турніры праводзіліся ў трэці аўторак штомесяц, яны не рабілі грашовых ставак, але ад таго, хто прайграваў, патрабаваўся спецыяльны ўнёсак на наступную партыю.
Доктар Урбіна Даса цалкам адпавядаў свайму грамадскаму вобразу: быў не надта разумным, нягеглым, пакутаваў ад раптоўных узрушэнняў, ці то падзея радасная, ці то якая-кольвек непрыемнасць, без дай прычыны чырванеў, што змушала задумацца пра яго душэўнае здароўе. Аднак ён быў добрым чалавекам, ягоная дабрыня відавочна прыкмячалася з першага погляду, хоць Флярэнтына Арыса якраз не хацеў бы, каб пра яго самога гаварылі як пра добрага чалавека. Доктарава жонка, наадварот, адрознівалася хітрым норавам і вельмі дарэчнай іскаркай плебейства, што надавала яе элегантнасці вельмі чалавечнае адценне. Нельга было пажадаць лепшае пары для гульні ў карты, і неспатольная прага да кахання Флярэнтына Арысы спатольвалася ілюзіяй прыналежнасці да сям’і.
Аднойчы ўначы, калі яны выходзілі з дома Фэрміны Дасы, доктар запрасіў яго на абед: «Заўтра а палове на першую ў Грамадскім клубе». У Флярэнтына было адчуванне, нібыта яму падалі вытанчаную страву, якую прапаноўвалася запіць атручаным віном: у клубе дзейнічалі забароны на ўваход з розных прычын, адно з важкіх правілаў, у прыватнасці, абвяшчала, што ўваход забаронены незаконнанароджаным. Дзядзька Леон XII у гэтым сэнсе меў некаторы раздражняльны вопыт, дый сам Флярэнтына Арыса перажыў аднойчы абразу: яму ўказалі на дзверы, калі ён ужо сядзеў за сталом, запрошаны адным з заснавальнікаў клуба. Флярэнтына Арыса рабіў таму чалавеку неацэнныя паслугі, звязаныя з рачным гандлем, і чалавек не знайшоў лепшага выйсця, як адвесці яго на абед у іншае месца.
— Мы, хто стварае рэгламэнт, больш за іншых абавязаныя выконваць ягоныя патрабаванні, — сказаў ён.
Аднак з доктарам Урбіна Дасам Флярэнтына Арыса рызыкнуў прыйсці і быў прыняты з падкрэсленай ветлівасцю, хоць яму і не прапанавалі распісацца ў залатой кнізе ганаровых гасцей. Абед быў нядоўгім, прысутнічалі яны ўдвух, і ўсё прайшло ў мінорным тоне. Страх, які непакоіў Флярэнтына Арысу з папярэдняга вечара ў сувязі з гэтай сустрэчай, развеяўся ад выпітага на аперытыў келіха белага віна. Доктар Урбіна Даса хацеў пагаманіць з ім пра маці. Флярэнтына Арыса здагадаўся, што яна распавяла сыну пра яго. Да таго ж нахлусіла ў ягоную карысць. Сказала, што сябравала з ім з маленства, што яны гулялі разам з тае пары, як яна прыехала з Сан-Хуандэ-ля-Сіенагі, што менавіта ён прышчапіў ёй густ да чытання. За гэта яна захоўвала да яго даўнюю ўдзячнасць. І яшчэ сказала сыну, што часцяком, выходзячы са школы, бавіла час з Трансытай Арысай, якая тварыла вышываныя цуды ў галантарэйнай краме, бо была выдатнай майстрыхай, і што не бачыла Флярэнтына Арысу так часта, як хацела б, не па ўласнай волі, а толькі таму, што іх раздзяліла само жыццё.