Хувэналь Урбіна быў першым мужчынам у жыцці Фэрміны Дасы, якога яна чула, як ён мочыцца. Была іх першая шлюбная ноч, і гэта здарылася ў каюце карабля, які вёз іх у Францыю. Яе змусіла легчы марская хвароба, і гук конскага струменя, што даносіўся праз тонкую перагародку з прыбіральні, падаўся ёй такім магутным і ўладным, што натуральная баязлівасць нявесты ператварылася ў жах. Менавіта ўспаміны пра гэта ажывалі ў памяці часцяком па меры таго, як гады аслаблялі той струмень, бо жонка ніколі не магла змірыцца з тым, што кожны раз пасля яго край унітаза заставаўся мокрым. Доктар Урбіна спрабаваў упэўніць яе даступнымі аргументамі — было б жаданне ўцяміць — што гэта паўтаралася з ім штодня не з неахайнасці, як яна вымаўляла яму, а з прыродных прычын. У маладосці ягоная крыніца біла так моцна і мэтанакіравана, што ў школе ён заўсёды выйграваў заклад на трапнасць — хутчэй і лепей за ўсіх напаўняў бутэлькі на адлегласці. Аднак з часам крыніца не толькі аслабла, цяпер струмень скрывіўся, непрадказальна дзяліўся на дробныя цуркі. Нарэшце, прыпадабняўся фантанчыку, які працуе з такім уяўленнем, што яго немажліва накіраваць нават коштам самых сумленных намаганняў. Ён яшчэ прыгаворваў: «Унітаз, відаць, вынайшаў той, хто нічога не ведаў пра мужчын». Ён зрабіў унёсак у хатні мір учынкам, у якім было болей самазнявагі, чым пакоры: стаў шторазу выціраць край унітаза гігіенічнай паперай. Жонка ведала пра гэта, але маўчала, пакуль аміячныя выпарэнні ў прыбіральні не сталі занадта надакучлівымі, і тады яна выкрывальна абвяшчала: «Тут трусятнікам патыхае». Напярэдадні канчатковага састарэння цялесная непрыемнасць падказала доктару Урбіна найлепшае рашэнне: наперад ён бруіў седзячы, як і яна. Унітаз заставаўся чыстым, а заадно скончыліся кпіны.
Ён ужо з цяжкасцю ўпраўляўся сам, аднойчы паслізнуўся ў ваннай, што магло для яго дрэнна скончыцца, і гэта выклікала засцярогу доктара ў адносінах да душа. Дом быў сучасным, але без металічнай ванны на львіных лапах, звычайнай ужо ў заможных дамах старога горада. Ён яшчэ раней загадаў вынесці яе і аргументаваў гэта прычынамі гігіены: ванна — дрэнь, якіх досыць у еўрапейцаў, яны мыюцца цалкам толькі ў апошнюю пятніцу месяца ў вадзе, бруднай тым брудам, якога яны намагаюцца пазбыцца. Ён жа загадаў замовіць ёмістыя, па ягоных мерках, масіўныя ночвы з гуаяканы[6], і ў іх Фэрміна Даса купала мужа, як зазвычай купаюць нованароджаных. Купанне доўжылася больш за гадзіну, у трох водах, куды падлівалі адвар з лісця мальвы і апельсінавай цэдры, і водар гэтак супакойваў яго, што часам ён засынаў у духмяным настоі. Пасля купання Фэрміна Даса тальчыла яму прамежнасць і змазвала какававым алеем апрэласці, насоўвала з вялікай любоўю шкарпэткі, бы якія пялюшкі, і далей — усю вопратку ад нагавіцаў да гальштука з тапазам на заціску. Шлюбныя золкі сталіся ціхамірнымі, бо ён вярнуўся ў маленства, адабранае ў свой час дзецьмі. Жонка, са свайго боку, прыстасавалася да сямейнага распарадку, бо і ейныя гады міналіся: яна спала ўсё меней, ёй яшчэ не было сямідзесяці, як яна ўжо ўставала раней за мужа.
У нядзелю на Сёмуху, калі доктар Урбіна прыўзняў коўдру і ўбачыў цела Ерэміі дэ Сэнт-Амура, яму адкрылася штосьці, чаго ён не мог знайсці ў часе сваіх вандраванняў па самых ясных сферах медыцыны і веры. Нібыта пасля доўгіх гадоў блізкіх стасункаў са смерцю — не дарэмна ж ён змагаўся і ўступаў у сутычкі з ёю — тое быў першы выпадак, калі ён наважыўся глянуць смерці ў твар, і яна, смерць, таксама на яго пазірала. Гэта не быў жах перад смерцю. Не, жах жыў у ім ужо шмат гадоў, суіснаваў з ім, быў ценем ягонага ценю. І гэта пачалося аднойчы ўначы, калі ён прачнуўся, спужаны дурным сном, і ўсвядоміў, што смерць — не толькі сталая верагоднасць, як ён уважаў раней, але яшчэ й неад’емная рэальнасць. Але ж у той дзень ён адчуў фізічную ўвасобленасць таго, што да тае пары адчувалася як уяўная сапраўднасць. Ён сумна ўсміхнуўся, — пасярэднікам нябёсаў для страшнага адкрыцця быў Ерэмія дэ Сэнт-Амур, якога ён заўсёды ўважаў за святога, што не ведае пра сваю святасць. Але ліст выявіў праўду пра ягоную асобу, жудаснае мінулае, неверагодную здольнасць Ерэміі да прытворства, і доктар адчуў: штосьці незваротнае і канчатковае здарылася ў ягоным жыцці.
Тым не менш, Фэрміна Даса не заразілася ягоным змрочным настроем. Ён спрабаваў, безумоўна, завесці яе, пакуль яна дапамагала трапіць нагамі ў калашыну штаноў і зашпільвала чараду гузікаў на кашулі. Аднак доктару гэта не ўдалося, бо Фэрміна Даса не была ўразлівай, да таго ж, размова ішла не пра смерць любага ёй чалавека. Яна толькі ведала, што Ерэмія дэ Сэнт-Амур — інвалід на мыліцах, якога яна ніколі не бачыла. Ён уратаваўся ўцёкамі ад карнага аддзела, пазбег расстрэлу падчас аднаго з мноства паўстанняў на адной са шматлікіх Антыльскіх выспаў. Пасля ён стаў дзіцячым фатографам, бо трэба было неяк жыць, карыстаўся найвялікшым попытам ва ўсёй правінцыі і яшчэ выйграў шахматную партыю ў кагосьці, каго яна згадвала як Торэмалінаса, хоць насамрэч гэта быў Капаблянка[7].