Перад тым, як дайсці да галоўнага, дзеля чаго ладзілася сустрэча, доктар Урбіна Даса падзяліўся роздумам пра старасць. Ён лічыў, што прагрэс у свеце прасоўваўся б шпарчэй, калі б не старыя: «Чалавецтва, як пяхота, рушыць з хуткасцю самых павольных». Ён прадбачыў, што свет будзе больш чалавечым і цывілізаваным, калі пагадзіцца на будоўлю селішчаў для сталых людзей у гарадах-спадарожніках, дзе яны маглі б жыць па-свойму, пазбягаючы сораму, пакутаў і жахлівай самоты на старасці гадоў. Але пакуль грамадства не дайшло да падобнай ступені міласэрнасці, адзінае рашэнне — гэта інтэрнаты, дзе старыя суцяшалі б адно аднаго, жывучы са сваімі густамі і агідамі, крыўдамі і сумам, вольныя ад натуральнае розніцы з наступнымі пакаленнямі. Ён сказаў: «Старыя сярод старых былі б менш старымі». Так доктар Урбіна Даса хацеў падзякаваць Флярэнтына Арысу за тое, што ён складаў добрую кампанію маці, пазбаўляючы яе ад удовінай самоты, і маліў яго, каб ён працягваў наведваць яе на карысць і дзеля зручнасці сям’і і не звяртаў увагі на яе старэчы настрой і нязносны характар. Флярэнтына Арыса ўздыхнуў з палёгкай. «Будзьце спакойны, — адказаў ён. — Я на чатыры гады старэйшы за яе, і гэтая розніца ўзнікла не цяпер, а існавала нават у тую пару, калі вас яшчэ не было на свеце». Затым ён паддаўся спакусе і адвёў душу іранічным выбрыкам.
— У тым грамадстве, пра якое вы казалі, — падкрэсліў ён, — вам давялося б рабіць шпацыры на могілкі штодня з кветкамі ёй і мне.
Дагэтуль доктар Урбіна Даса не ўсведамляў бязглуздасці ўласных сацыяльных праектаў. Цяпер жа ён, апраўдваючыся, трапіў у цясніну малазразумелых тлумачэнняў, у якіх заблытаўся ўшчэнт. Аднак Флярэнтына Арыса дапамог яму выбрацца з няёмкага становішча. Ён выпраменьваў радасць, бо ведаў, што рана ці позна мусіць сустрэцца з доктарам, каб выканаць непазбежнае патрабаванне этыкету: фармальна прасіць рукі ягонай матулі. Абед абнадзейваў тым, што паказаў, як лёгка будзе прынятая незвычайная просьба. Калі б ён загадзя заручыўся згодаю Фэрміны Дасы, не было б больш зручнага выпадку. Між іншым, пасля такой размовы за гістарычным абедам фармальная просьба магла быць нават залішняй.
Флярэнтына Арыса заўсёды ўздымаўся і спускаўся па лесвіцы з асаблівай засцярогай нават маладым, бо лічыў, што старасць пачынаецца з першага, няхай нават бяскрыўднага падзення, а смерць прыходзіць з другім. Самай небяспечнай здавалася яму лесвіца ягонай канторы, стромая і вузкая, і задоўга да таго, як ён заспеў сябе на тым, што мусіць рабіць дадатковыя высілкі, каб не шоргаць нагамі, ён уздымаўся, гледзячы, куды ступаць, і трымаўся за парэнчы з двух бакоў. Часам яму прапаноўвалі перарабіць лесвіцу, зрабіць яе менш небяспечнай, але рашэнне кожнага разу адкладалася на наступны месяц, бо згода на рамонт для яго была роўнай прызнанню ўласнай старасці.
Ішлі гады, ён пераадольваў лесвіцу ўсё марудней, але не таму, што рабіў гэта з большай цяжкасцю, а таму, як ён сам тлумачыў, што з часам рабіўся больш асцярожным. Аднак увечары, калі вяртаўся з слыннага абеду, падчас якога выпіў келіх белага віна для апетыту і палову чырвонага за ежай, а галоўнае — пасля пераможнай размовы з сынам Фэрміны Дасы, ён паспрабаваў дасягнуць адразу трэцяй прыступкі нібыта танцуючы, з такім юнацкім запалам, што вывіхнуў левую шчыкалатку, упаў на спіну і цудам не разбіўся насмерць. Калі падаў, паспеў падумаць, што ён не памрэ, логіка жыцця не дазволіць, каб два чалавекі, якія так доўга і моцна кахалі адну жанчыну, загінулі падобным чынам з розніцай адзін год. І ён меў рацыю. Яго нагу закратавалі ў гіпсавы панцыр ад пяткі амаль да калена і абавязалі яго ляжаць без руху. Але ў ім было больш жыцця, чым да падзення. Калі доктар прадпісаў яму шэсцьдзесят дзён поўнага спакою, ён не мог пагадзіцца.