Не толькі жанчыны, якія займаліся ім, здзіўляліся таму, як ён перамяніўся. Здзіўляўся і сам Флярэнтына Арыса. Усяго дзесяць гадоў таму ён узяў служанку пад параднай лесвіцай дома, узяў як стаяла, і, нават не распрануўшы яе, хутчэй за філіпінскага пеўня пакінуў яе з жыватом. Прыйшлося падараваць ёй цалкам абстаўлены дом, і яна паклялася, што аўтарам яе сораму быў нейкі нядзельны жаніх, які ні разу не пацалаваў яе, і бацька з роднымі дзядзькамі служанкі, здаровыя мачэтэра[29], што працавалі на сафры[30], прымусілі небараку ажаніцца. Не, не верылася, што гэта быў той самы чалавек, якога цяпер абмацвалі і пераварочвалі з боку на бок дзве жанчыны, якія зусім нядаўна змушалі яго дрыжаць ад любові. Яны мылі яго з галавы да ног, выціралі ручнікамі з егіпецкай бавоўны і рабілі яму агульны масаж цела, але ў яго гэта не выклікала ніякага хвалявання. Кожная з іх тлумачыла страту ім жыццёвага апетыту па-свойму. Леона Касіяні думала, што гэта была прэлюдыя смерці. Амэрыка Вікунне лічыла яго становішча з’явай, якую ёй не дадзена разгадаць. Адзін ён ведаў праўду, і праўда мела ўласнае імя. Адно было так ці інакш няслушна: больш пакутавалі яны, калі прыслужвалі яму, чым ён, прымаючы іх клопаты.
Трох аўторкаў хапіла Фэрміне Дасе, каб зразумець, як ёй не хапае візітаў Флярэнтына Арысы. Яна бавіла час з найбліжэйшымі сяброўкамі вельмі добра, усё лепш па меры таго, як аддалялася ад звычаяў нябожчыка мужа. Люкрэсія дэль Рэаль дэль Абіспа з’езділа ў Панаму праверыцца з прычыны вушнога болю, які ніяк не адступаў, і вярнулася праз месяц у значна лепшым стане, але чула яна горш, чым перад вандроўкай, і тое з дапамогаю слухаўкі, якую прыкладвала да вуха. Фэрміна Даса звыклася да канфузаў, звязаных з гэтым, хутчэй за іншых сябровак, і гэта так стымулявала Люкрэсію, што амаль не было дня, калі б яна не з’яўлялася ў доме. Але Фэрміна Даса нікім не здолела замяніць Флярэнтына Арысу і спакой, які прыносілі вечары з ім.
Памяць пра мінулае не вызваляла ад будучыні, як ён быў схільны думаць. Затое ўзмацняла заўсёдную ўпэўненасць Фэрміны Дасы ў тым, што і пякельныя пакуты ў дваццаць гадоў былі чым заўгодна, няхай самымі высакароднымі і гожымі, толькі не каханнем. Насуперак сваёй жорсткай шчырасці, яна не мела намеру выказаць яму гэта ні поштай, ні асабіста. Ёй не хапала смеласці давесці Флярэнтына, як фальшыва гучалі сантыменты ў ягоных лістах у параўнанні з чарадзейным суцяшэннем, якое прыносіў ягоны эпісталярны роздум, і як ён шкодзіў сабе гэтай лірычнай лухтой, маніякальна настойваючы на вяртанні да мінулага. Не, не было радка ў ягоных даўніх лістах, не было ніводнага моманту ў яе мізэрным юнацтве, якія змусілі б яе адчуваць тое, што яна адчула цяпер: вечар кожнага аўторка быў такім доўгім без яго, так пакутліва самотным без яго.
У адным з парываў навядзення парадку ў доме яна сплавіла на стайню радыёлу, падараваную мужам на першыя альбо другія ўгодкі іхнага шлюбу, і якую яны думалі падараваць музею, бо гэта была першая радыёла, што з’явілася ў горадзе. У змроку жалобы яна вырашыла не карыстацца радыёлай: удава з яе прозвішчам не магла нават у адзіноце слухаць музыку, якая б яна ні была, не апаганіўшы памяці нябожчыка. Але на трэці аўторак пасля расстання з Флярэнтына Арысам яна загадала прынесці радыёлу ў залу, і не для таго, каб атрымаць асалоду ад сентыментальных спеваў, што перадавала радыё Рыёбамба, як раней, а каб ажывіць мёртвы час, які амаль не цягнуўся, слязлівымі радыёнавеламі з Сант’яга-дэ-Кубы. Гэта было ўдалым рашэннем, бо калі яна нарадзіла дачку, пачала губляць прагу да чытання, што муж старанна прышчапіў ёй з часоў вясельнай вандроўкі, а ад прагрэсуючай стомленасці зроку яна наагул перастала чытаць, часам месяцамі не ведала, дзе паклала акуляры.