Выбрать главу

Флярэнтына Арыса паўтарыў запросіны пазней, калі Фэрміна Даса ўжо разважыла працягваць жыццё без мужа, і тады думка падалася ёй усё ж мажлівай. Пасля разладу з дачкой, засмучаная абразамі ў бок бацькі, двудушнай ліслівасцю Люкрэсіі дэль Рэаль, якую столькі гадоў лічыла сваёй найлепшай сяброўкай, яна адчула сябе лішняй ва ўласным доме. Аднойчы ўвечары яна піла свой універсальны настой, глядзела на вя­лізную лужыну ў двары, дзе ніколі больш не будзе расці дрэва яе няшчасця, і раптоўна сказала яму:

— Я больш за ўсё хацела б пакінуць гэты дом, пайсці проста наперад і ніколі не вяртацца.

— Чаму б не на караблі? — рызыкнуў Флярэнтына Арыса.

Фэрміна Даса зірнула на яго задумліва.

— Што ж, цалкам мажліва, — адказала яна.

За імгненне да гэтага яна і не думала ні пра што падобнае, але варта было ёй усвядоміць рэальнасць прапановы, каб вырашыць: сказана — зроблена. Сын і нявестка сустрэлі яе рашучасць з захапленнем. Флярэнтына Арыса паспяшаўся патлумачыць, што Фэрміна Даса будзе ганаровай госцяй на адным з ягоных караблёў са спецыяльнай каютай, дзе яна будзе як дома, з выключным сэрвісам, і капітан асабіста зоймецца яе бяспекай і дабрабытам. Ён прынёс мапы маршрутаў, каб падтрымаць яе энтузіязм, прапанаваў паштоўкі з неверагоднымі захадамі сонца, паэмы, што апявалі першародны рай на рацэ Магдалене, якія напісалі слынныя вандроўнікі альбо тыя, хто стаўся слынным дзякуючы выдатнай паэзіі. Яна праглядала іх, калі была ў добрым настроі.

— Не трэба падманваць мяне, як немаўля, — казала яна. — Калі я паеду, гэта таму, што я так вырашыла, а не праз ціка­васць да краявідаў.

Калі сын прапанаваў, каб з маці паехала ягоная жонка, Фэрміна Даса адрэзала, як па-жывому: «Я ўжо не маленькая, і пільнаваць мяне не трэба». Яна сама рыхтавала для вандроўкі ўсё да драбязы і адчувала вялізную палёгку ад думкі, што пажыве восем дзён на караблі, пакуль ён пойдзе ўверх па рацэ, і яшчэ пяць дзён, якія трэба на адваротны шлях. Узяла з сабою толькі самае неабходнае: паўтузіна строяў з бавоўны, рэчы туалету і гігіены, пару чаравікаў для пасадкі і высадкі, хатнія тапачкі на дарогу і больш нічога: гэта была мара яе жыцця.

У студзені 1824 года камандор Еган Бэрнард Эльбэрс, піянер рачной навігацыі, узняў сцяг над першым параходам, які накіраваўся па рацэ Магдалене, — гэта была прымітыўная пасудзінка на сорак конскіх сілаў, якая мела назву «Вернасць». Больш за стагоддзе пазней, сёмага ліпеня а шостай вечара, доктар Урбіна Даса і ягоная жонка праводзілі Фэрміну Дасу да сходняў карабля, на якім яна ўпершыню ад’язджала ў вандроўку па рацэ, і гэта быў першы карабель, збудаваны на мясцовай верфі, Флярэнтына Арыса назваў яго ў гонар слыннага папярэдніка «Новая Вернасць». Фэрміна Даса не магла паверыць, што шматзначная для іх назва была насамрэч гістарычнай выпадковасцю, а не новай праявай хранічнага рамантыз­му Флярэнтына Арысы.

У кожным разе, у адрозненне ад іншых рачных караблёў, старажытных і сучасных, «Новая Вернасць» мела дадатковую каюту, даволі прасторную і камфартабельную, побач з жытлом капітана. Каюта складалася з гасцёўні, у якой была бамбукавая мэбля вясёлага колеру, шлюбнай спальні, дэкараванай кітайскімі матывамі, ванны і душа, і вельмі ўтульнай крытай веранды, аздобленай папараццю. З каюты адкрываўся краявід па хадзе і абодвух бартах карабля. Яна мела сістэму бясшумнага ахалоджвання паветра, якая аберагала вушы ад вонкавага грукату і стварала ў каюце вечную вясну. Гэтая каюта люкс, вядомая як прэзідэнцкая, бо ў ёй да таго часу ўжо вандравалі тры прэзідэнты рэспублікі, не пераследавала камерцыйных мэтаў і рэзервавалася для прадстаўнікоў найвышэйшай улады і асаблівых гасцей. Флярэнтына Арыса задумаў гэтую навінку для падняцця ўласнага іміджу, як толькі быў прызначаны прэзідэнтам параходнай кампаніі, аднак з патаемнай упэўненасцю, што рана ці позна каюта станецца шчаслівым прытулкам для ягонай вясельнае вандроўкі з Фэрмінай Дасай.