Агні горада зніклі за гарызонтам. З цёмнай веранды пяшчотная ды ціхая рака, а таксама пашы ўздоўж берагоў пад поўняй ператварыліся ў даліну, якая свяцілася сама па сабе. Час ад часу паказваўся саламяны будан каля вогнішча, там прадавалі дровы для параходных катлоў. Флярэнтына Арыса захоўваў цьмяныя ўспаміны пра вандроўку ў маладыя гады, і вобразы ракі ажывалі ў ім асляпляльнымі парывамі памяці, нібыта гэта было толькі ўчора. Ён сёе-тое прыгадваў услых, спрабуючы ўплываць на настрой Фэрміны Дасы. Яна адстаронена паліла з такім выглядам, нібыта жыла ў іншым вымярэнні. Флярэнтына Арыса спыніў успаміны і пакінуў Фэрміну Дасу сам-насам з сабой. Яна запальвала цыгарэты адну ад адной, пакуль тыя не скончыліся. Музыка спынілася апоўначы, шум на танцавальнай пляцоўцы сціх, распаўся, перайшоў у паўсонны шэпт, і два сэрцы засталіся ў цемры веранды, адлічваючы ўдары ў такт уздыхам карабельнай машыны.
Праз пэўны час Флярэнтына Арыса зірнуў на Фэрміну Дасу і праз ззянне ракі ўбачыў яе прывіднай, профілем падобнай да статуі, якая сама выпраменьвала ледзь заўважнае блакітнае святло. Ён здагадаўся, што яна бязгучна плача. Але замест таго, каб вымавіць суцяшальныя словы альбо чакаць, пакуль яна выплача ўсе слёзы, паддаўся паніцы.
— Хочаш, каб я пайшоў? — спытаў ён.
— Калі б я гэтага хацела, то не запрасіла б цябе, — ціха адказала Фэрміна Даса.
Тады ён працягнуў у цемры сцюдзёныя пальцы, пачаў шукаць навобмацак яе руку, знайшоў і знерухомеў у чаканні. Абое былі досыць цвярозыя і зразумелі імгненна, што рукі, на жаль, не тыя, якія жылі ў іхным уяўленні, а рукі старыя і кашчавыя. Аднак тут жа абое абудзіліся. Яна загаманіла пра нябожчыка мужа не ў мінулым, а ў цяперашнім часе, нібыта ён яшчэ жыў, і Флярэнтына Арыса тут жа ўсвядоміў: для яе таксама настаў час спытаць сябе годна, велічна і з нястрымнаю прагай жыцця, што рабіць з каханнем, якое засталося без гаспадара.
Фэрміна Даса кінула пагаслую самакрутку, каб не адпускаць ягонай рукі. Яна разгубілася, не ў змозе нешта разумець. Нельга было ўявіць лепшага мужа, чым нябожчык, але яна знаходзіла больш цяжкога, чым светлага ва ўспамінах аб пражытым: занадта было ўзаеманепаразуменняў, бессэнсоўных сварак, незабытых крыўдаў. Раптам яна ўздыхнула: «Неверагодна, адкуль такое шчасце цягам столькіх гадоў сярод незлічоных сварак і калатнечы, халера на яго. І я не ведаю, ці было гэта сапраўдным каханнем, ці не». Ледзь яна аблегчыла сваю душу, як хтосьці патушыў поўню. Карабель ішоў, нібыта робячы крок за крокам, ставячы спярша адну нагу, і толькі потым другую, як драпежнік, які высочвае ахвяру. Фэрміна Даса нібыта вярнулася з краіны жаданняў.
— А зараз ідзі, — сказала яна.
Флярэнтына Арыса сціснуў яе руку, нахіліўся, спрабуючы пацалаваць яе ў шчаку. Аднак яна адвяла яго пяшчотным хрыплаватым голасам:
— Ужо не трэба — ад мяне патыхае старасцю.
Яна чула, як ён выйшаў у цемры, як крокі аддаляліся па лесвіцы — да наступнага дня. Запаліла яшчэ адну самакрутку, і пакуль яе паліла, ёй бачыўся доктар Хувэналь Урбіна ў бездакорным лёгкім строі, прафесійна суворы, вельмі сімпатычны, закаханы, — ён махнуў ёй на развітанне белым капелюшом з іншага карабля мінулага. «Мужчыны — гэта вартыя жалю рабы прымхаў, — колісь сказаў ён. — Але калі жанчына вырашыла пераспаць з мужчынам, няма перашкодаў, якія яна не можа пераадолець. Няма крэпасці, якую яна не возьме. Няма маральных установак, якія не зруйнуе дашчэнту. Адным словам, няма для яе Бога». Фэрміна Даса праседзела нерухома да золку, думаючы пра Флярэнтына Арысу не як пра нязменнага вартаўніка Евангельскага скверыка, бо ў памяці ён не запальваў ужо ні найменшага промня настальгіі, а як пра старога і кульгавага, але рэальнага чалавека, які заўсёды быў побач і якога яна здолела распазнаць. Пакуль карабель вёз яе, задыхаючыся, да ружовага золку, яна маліла Бога толькі пра адно: няхай бы Флярэнтына Арыса здолеў пачаць наступны дзень як трэба.
Ён здолеў. Фэрміна Даса загадала прыслузе не турбаваць яе, пакуль яна не выспіцца як след, і калі прачнулася, на начным століку ўгледзела вазу са свежай белай ружай, яшчэ з кроплямі расы, а побач — ліст Флярэнтына Арысы, які меў столькі старонак, колькі ён паспеў напісаць з моманту іх расстання. Гэта быў спакойны ліст — ён толькі спрабаваў выказаць настрой, які ахапіў яго ўначы, — і лірычны, як папярэднія, і рытарычны, як усе ягоныя пасланні, але ён грунтаваўся на рэчаіснасці. Фэрміна Даса прачытала тэкст, саромеючыся за неўтаймоўны галоп свайго сэрца. Ліст завяршаўся просьбай перадаць праз слугу, калі яна будзе гатовая, бо капітан чакае іх на мастку, каб паказаць, як функцыянуе карабель.