Фэрміна Даса была гатовая аб адзінаццатай. Выходзячы з ваннага пакоя, яна пахла кветкавым мылам і апранула вельмі просты ўдовін строй з шэрай бавоўны. Адчуваючы, што цалкам узнавілася пасля начных пакут, яна папрасіла слугу ў бездакорнай белай уніформе, які абслугоўваў асабіста капітана, прынесці лёгкі сняданак, і ні слова пра тое, каб па яе прыйшлі. Яна паднялася сама пад асляпляльна чыстым небам і знайшла Флярэнтына Арысу, які гаманіў з капітанам на мастку. Ён выглядаў інакш, чым зазвычай, не толькі таму, што яна пазірала на яго іншымі вачыма, — ён і насамрэч перамяніўся. Замест заўсёднай хаўтурнай вопраткі ён надзеў вельмі зручныя белыя чаравікі, лёгкія штаны і кашулю з чыстай бавоўны з расшпіленым каўняром, кароткімі рукавамі і манаграмай на нагруднай кішэні. Апрача таго, ён насіў берэт белага колеру і мудрагелістую прыладу з цёмнымі шкельцамі ад сонца паўзверх спрадвечных акуляраў блізарукага чалавека. Вопратка была новая, напэўна, набытая спецыяльна для вандроўкі, за выключэннем старога бурага рэменя: Фэрміна Даса прыкмеціла яго з першага погляду, нібыта муху ў талерцы поліўкі. Пабачыўшы Флярэнтына Арысу такім прыбраным, прычым, зразумела, апранутым дзеля яе, яна не здолела стрымаць чырвань. Яна павітала яго сарамліва, і ён засаромеўся яшчэ больш, адчуўшы яе стан. Яны ўсведамлялі, што паводзяць сябе, як жаніх з нявестай, і гэта давяло іх да такога стану, што капітан Самарытана глядзеў на іх са шкадобай. Выйсце са становішча ён знайшоў у тым, што на працягу дзвюх гадзін тлумачыў, як кіраваць і карыстаццамеханізмамі карабля. Яны марудна плылі па бязмежнай рацэ, якая залівала пустэльныя долы да гарызонту. Вада каля бухтаў была каламутнай, а на адкрытай рацэ плынь была маруднай і празрыстай, з металічным бляскам пад неміласэрным сонцам. У Фэрміны Дасы склалася ўражанне, што яны праплываюць па дэльце з пясчанымі астравамі.
— Гэта ўсё, што застаецца ад нашай ракі, — пацвердзіў капітан.
I Флярэнтына Арыса быў здзіўлены пераменамі, і яшчэ больш здзівіўся на наступны дзень, калі плыць стала цяжэй. Ён зразумеў: рака Магдалена, адна з самых вялікіх рэк у свеце, засталася ўсяго толькі ілюзіяй, часткай ягонай памяці. Як тлумачыў ім капітан Самарытана, гэта варварскае знішчэнне лясоў пакончыла з ракой за пяцьдзясят гадоў. Карабельныя катлы зжэрлі непралазныя сельвы і каласальныя дрэвы па берагах, якія прыгняталі Флярэнтына Арысу памерамі падчас першай вандроўкі. Фэрміна Даса не пабачыць звяроў, пра якіх марыла: паляўнічыя, якія прадавалі шкуры ў Нью-Арлеан, перабілі кайманаў, якія некалі заміралі на доўгія гадзіны з разяўленымі пашчамі ля берагавых адхонаў, каб злавіць якога матыля; шумныя папугаі і шалёна крыклівыя малпы гінулі па меры таго, як высякаліся спрадвечныя гушчары; ламанціны з вялікімі жаночымі грудзямі, якія кармілі малых і плакалі голасам самотнай жанчыны на водмелях, сталіся ахвярамі аматараў палявання.
Капітан Самарытана любіў ламанцінаў амаль па-мацярынску, ён лічыў іх жанчынамі, якія пакутуюць праз нераздзеленае каханне. І верыў у легенду, паводле якой ламанціны былі адзінымі самкамі без самцоў у жывёльным свеце. Ён ніколі не дазваляў страляць з борта карабля, што звычайна рабілі паляўнічыя насуперак закону. Аднойчы паляўнічы з Паўночнай Караліны, які меў сапраўдную ліцэнзію, не паслухаўся яго і разнёс галаву самцы ламанціна, што ляжала на беразе з дзіцем, адным трапным стрэлам з свайго «Спрынгфілда». Малая, ашалелая ад болю, лямантавала каля цела забітай маці. Капітан загадаў падняць сірату на борт, стаў яе апекуном, а паляўнічага кінуў на пустэльным беразе каля рэштак ламанціна. Шэсць месяцаў правёў капітан за кратамі ў выніку дыпламатычнай ноты пратэсту і ледзь не пазбавіўся правоў навігацыі і звання, але выйшаў з турмы з рашучасцю рабіць надалей гэтак сама, як толькі гэта спатрэбіцца. Аднак эпізод увайшоў у гісторыю: малеча вырасла і жыла шмат гадоў у заапарку для рэдкіх жывёлаў у Сан-Нікаляс-дэ-ляс-Баранкас і стала апошнім ламанцінам, якога бачылі на рацэ.
— Штораз, калі мой карабель праплывае ўздоўж гэтага адхону, — сказаў ён, — я малю Бога, каб той грынга[33] зноў захацеў павандраваць з намі. Навошта? Каб з задавальненнем яшчэ раз пакінуць яго на беразе.
Нельга сказаць, каб Фэрміна Даса так ужо сімпатызавала капітану, але ўсхваляваны волат так узрушыў яе сваім аповедам, што з тае раніцы заняў прывілеяванае месца ў яе сэрцы. Вандроўка толькі пачыналася, і было колькі заўгодна часу, каб сцвердзіцца ў думцы: яна не памылілася ў ім.