— Ён быў толькі ўцекачом з Каены, яму вынеслі пажыццёвы прысуд за страшэннае злачынства! — усклікнуў доктар Урбіна. — Уяві сабе, ён нават еў чалавечыну.
Доктар Урбіна ўручыў ёй ліст з таямніцамі Ерэміі дэ Сэнт-Амура, якія ўцякач думаў знесці ў іншы свет, але жонка, не прачытаўшы, паклала складзеныя старонкі ў шуфлядку туалетнага століка і замкнула на ключ. Яна прызвычаілася да яго бяздоннай здольнасці здзіўляцца, да перабольшванняў у думках, якія з цягам часу рабіліся ўсё больш заблытанымі, да вузкасці крытэрыяў, якія не адпавядалі ягонай рэпутацыі ў грамадзе. Але тым разам ён перасягнуў сам сябе. Яна думала, што ейны муж паважаў Ерэмію дэ Сэнт-Амура не за яго мінулае, а за тое, кім ён стаў, прыехаўшы без маёмасці, калі не лічыць незаменнага для ўцекачоў заплечніка, і цяпер не магла зразумець, чаму муж так разгубіўся ад запозненага адкрыцця наконт сапраўднай асобы Ерэміі дэ Сэнт-Амура. Яна таксама не магла ўразумець, чаму мужу непрыемна, што ў таго была патаемная сувязь з жанчынай, хоць гэта было традыцыйным атавізмам у ягоным асяродку, нават у яго ў свой час была каханка, апрача таго, ёй здавалася кранальным доказам кахання тое, што жанчына дапамагла ажыццявіць рашэнне пайсці з жыцця. І Фэрміна Даса сказала мужу: «Калі б ты таксама рашыўся на такі крок, ды з такіх сур’ёзных прычын, як ён, маім абавязкам было б учыніць так сама, як яна». Доктар Урбіна нанава адчуў сябе на ростанях звычайнага непаразумення, якое ўжо паўстагоддзя раздражняла яго.
— Нічога ты не разумееш, — адказаў ён. — Мяне абурыла не тое, кім ён быў і што ён зрабіў, а падман, няведанне, у якім ён трымаў нас усіх столькі гадоў запар.
Ягоныя вочы засцілі раптам набеглыя слёзы, але яна прыкінулася, быццам нічога не заўважае.
— Ён учыніў слушна, — дадала яна. — Скажы вам праўду, і ні ты, ні тая бедная жанчына, словам, ніхто ў гэтым горадзе не палюбіў бы яго, як яго любілі.
Яна зашпіліла яму кішэнны гадзіннік, прасунула ланцужок праз пельку камізэлькі, падцягнула вузел гальштука і паправіла заціск з тапазам. Пасля ўцерла слёзы, прамакнула заслёзненую бараду наадэкалоненай насоўкай і сунула яе ў верхнюю кішэню, расправіўшы кончыкі, нібыта гэта не насоўка, а магнолія. Гадзіннік прабіў адзінаццатую, і рэха разарвала зацішша памяшкання.
— Хадзем, — сказала яна і ўзяла яго пад руку. — Інакш мы спознімся.
Амінта Дэшам, жонка доктара Лясыдэса Алівэллі, і яе сем старанных дачок прадугледзелі ўсё, каб абед у гонар срэбнага юбілею мужа і бацькі стаў сапраўднай падзеяй года. Іхны фамільны дом у гістарычнай частцы горада быў у старажытнасці памяшканнем Манетнага двара, і пазбавіў яго самабытнасці фларэнтыйскі дойлід, які прайшоўся па тутэйшых кварталах, як злы вецер абнаўлення, ды перайначыў не менш за чатыры рэліквіі XVII стагоддзя ў венецыянскія базілікі. Дом меў шэсць спальняў і дзве залы, адна служыла ядальняй, а другая — гасцёўняй, абедзьве былі вялікімі і добра праветрываліся, але не настолькі, каб збіраць гасцей з усяго горада і абраных з наваколля. Двор быў роўны ў памерах кляштарнай галерэі, з каменным фантанам, у якім цурчала вада, і кветнікамі, дзе буялі геліятропы, — увечары яны напаўнялі дом сваім водарам, — але раздзеленая каланадай прастора не дазваляла змясцідь столькіх славутасцяў. Так што яны вырашылі зладзіць абед у сваёй загараднай сядзібе, за дзесяць хвілін язды на аўто па каралеўскай дарозе, бо там двор займаў цэлую фанегаду[8], і на ім раслі вялізныя індыйскія лаўры, а ў ціхай рачулцы — крэольскія вадзяныя лілеі. Людзі з шынка дона Санча пад кіраўніцтвам спадарыні Алівэллі нацягнулі каляровыя тэнты ў сонечных месцах, саставілі са столікаў прастакутнік на сто дваццаць дзве персоны, накрылі льнянымі абрусамі, а ганаровы стол упрыгожылі букетамі свежых, толькі што зрэзаных ружаў. Акрамя таго, збудавалі эстраду для духавога аркестра з даволі абмежаваным рэпертуарам — яны выконвалі адно што кантрадансы і айчынныя вальсы, — а таксама для струннага квартэта Школы мастацтваў, гэга быў сюрпрыз спадарыні Алівэллі для вельмішаноўнага настаўніка мужа, які мусіў старшыняваць на абедзе. Хоць дата не зусім супадала з угодкамі атрымання лекарскага дыплома, Сёмуха была абраная, каб такім чынам падкрэсліць значнасць юбілею.