Выбрать главу

Фэрміна Даса і Флярэнтына Арыса заставаліся на капітанскім мастку да абеду, незадоўга да якога яны мінулі сялібу Калямар, дзе да нядаўняй пары жыццё было спрадвечным святам, а цяпер там засталіся толькі порт у руінах ды пустэльныя вуліцы. Адзінай жывой істотай, якую яны заўважылі з караб­ля, была жанчына ў белым, якая махала хусткай. Фэрміна Да­са не зразумела, чаму яе не хочуць падабраць, але капітан патлумачыў, што гэта прывід тапеліцы, уяўная дзяўчына падавала зманлівыя сігналы, каб караблі збіваліся з курсу і траплялі ў небяспечныя віры ля супрацьлеглага берага. Карабель праходзіў так блізка, што Фэрміна Даса добра разгледзела яе пад промнямі сонца, але ні на хвілю не засумнявалася, што перад ёю сапраўды прывід, хоць твар здаўся ёй знаёмым.

Дзень быў доўгім, спякота знясільвала. Пасля абеду Фэрміна Даса вярнулася ў каюту, каб там правесці абавязковую сіесту, але не магла спаць ад болю ў вушах, які ўзмацняўся, калі «Новая Вернасць» абменьвалася вітальнымі гудкамі з іншым караблём кампаніі, з якім сустрэлася за некалькі лігаў вышэй ад паселішча Баранка-Віеха. Флярэнтына Арыса заснуў ім­г­ненна, седзячы ў галоўным салоне, дзе бальшыня пасажыраў, якія не мелі месца ў каютах, спала, нібыта апоўначы. Яму снілася Расальба, а дзея адбывалася якраз непадалёк ад таго месца, дзе яна колісь узнялася на борт. У сне Расальба вандравала адна ў старамоднай вопратцы мінулага стагоддзя, і менавіта яна, а не немаўля, спала падчас сіесты ў лазовай клетцы, што вісела пад столлю. Сон Флярэнтына Арысы, таямнічы і цікавы, пакінуў у ім асаблівы прысмак на цэлы дзень, пакуль ён гуляў у даміно з капітанам і двума знаёмымі пасажырамі.

Спякота спала з захадам сонца, і карабель ажыў. Пасажыры з’яўляліся, нібыта пасля летаргічнага сну, умытыя, пераапранутыя, і займалі салонныя крэслы, чакаючы на вячэру: кухар абвесціў яе а пятай, пад воплескі і жарты ён абыходзіў палубу з капеланскім званочкам. Падчас ежы духавы аркестр граў народныя мелодыі, і вячэра ператварылася ў прэлюдыю да скокаў, якія завяршаліся апоўначы. Фэрміна Даса не захацела вячэраць праз боль у вушах і прысутнічала пры першай загрузцы дроў для карабельных катлоў каля голае стромы, дзе не было нічога, акрамя нагрувашчання ствалоў ды старога, які кіраваў пагрузкай. Здавалася, нікога няма ў акрузе на адлегласці безлічы лігаў. Для Фэрміны Дасы пагрузка зацягнулася і выклікала нуду: на еўрапейскіх трансатлантычных волатах падобнае немагчыма было б і ўявіць; спякота рабілася невыноснай і адчувалася нават на закрытай верандзе. Але карабель паплыў, зноў падзьмуў свежы вецер сельвы, і музыка ўжо здавалася весялейшай. У сялібе Сытыё-Нуэва гарэла святло толькі ў адным акне, з партовай канторы не падалі ўмоўнага сігналу пра наяўнасць грузаў альбо пасажыраў, так што карабель праплыў без гудкоў. Увесь дзень Фэрміна Даса спрабавала здагадацца, да якіх сродкаў звернецца Флярэнтына Арыса, каб сустрэцца з ёю, не грукаючы ў дзверы яе каюты, і дзесьці а восьмай вечара ўжо не магла стрымаць жаданне быць з ім. Яна выйшла ў калідор са спадзевам сустрэць яго быццам бы выпадкова, і яе разлік тут жа апраўдаўся: Флярэнтына Арыса сядзеў на лаве ў калідоры, маўклівы і сумны, як калісьці ў Евангельскім скверыку, пытаючы ў сябе другую гадзіну запар, што рабіць, каб яе пабачыць. Яны выказалі здзіўленне аднолькавымі жэстамі, абое разумеючы іх няшчырасць. Яны прайшліся разам па палубе першага класа, перапоўненай маладзёнамі, у асноўным студэнтамі, якія балявалі, каб як след адзначыць апошнія дні вакацый.

У бары Флярэнтына Арыса і Фэрміна Даса выпілі па бутэлечцы прахаладжальнага напою, седзячы за стойкай, як студэнты, і раптам яна ўбачыла сябе ў страшнай сітуацыі. Яна ўсклікнула: «Які жах!» Флярэнтына Арыса спытаў, чым выклікана падобнае ўзрушэнне.

— Я прыгадала тых бедных старых, — шапнула яна, — забітых ударамі вясла.

Абое пайшлі спаць, ледзь скончылася музыка, пасля доўгай гутаркі, якая вялася без перашкодаў у цемры веранды. Уначы не выйшла поўня, неба схавалася за густымі аблокамі, недзе каля гарызонту выбухалі бліскавіцы без грому, яны асвятлялі карабель на кароткія імгненні. Флярэнтына Арыса скручваў ёй цыгаркі, але яна не выпаліла і чатырох, пакутуючы ад болю, які часам знікаў, каб узмацніцца, калі карабель рыкаў пры сустрэчах з іншым караблём альбо плыў уздоўж соннай сялібы ці сцішаў хаду, зандуючы рачное дно. Флярэнтына Арыса распавёў Фэрміне Дасе, з якою любоўю глядзеў на яе падчас Паэтычных гульняў, перад палётам на паветраным шары, калі яна каталася на ровары для акрабатаў, і як палка чакаў вялікіх святаў, толькі б пабачыць яе. Яна таксама бачыла яго часцяком, але ні разу ёй і да галавы не прыйшло, што ён з’яўляўся на людзях толькі дзеля яе. Аднак год назад, чытаючы ягоныя лісты, яна раптам спытала сябе, як здарылася, што ён ніколі не ўдзельнічаў у Паэтычных гульнях: безумоўна, ён бы перамог. Флярэнтына Арыса схітрыў: ён, маўляў, пісаў толькі для яе і ні для каго іншага. Тады яна пашукала ў цемры ягоную руку, якая не чакала сустрэчы, як мінулай ноччу не чакала яе, — цяпер яго заспелі знянацку.