Было так мала месцаў, дзе прадавалі дровы, і яны знаходзіліся так далёка адно ад аднаго, што «Новая Вернасць» засталася без паліва на чацвёрты дзень шляху. Карабель стаяў на якары амаль тыдзень, пакуль матросы паглыбляліся ў спапялелыя багны далей ад берага ў пошуках апошніх забытых ствалоў. Але іх не было: дрывасекі кінулі дзялянкі і ўцяклі ад драпежных уладальнікаў зямлі, ад нябачнай халеры, ад войнаў, якія ўтойваліся ўладамі за шырмай указаў, што толькі адцягвалі ўвагу. Тым часам пасажыры нудзіліся, ладзілі спаборніцтвы ў плаванні, арганізоўвалі паляўнічыя экспедыцыі і вярталіся з жывымі ігуанамі, а потым рэзалі іх, даставалі з іх гронкі празрыстых і мяккіх яек, і нанава зашывалі вялізнымі ігламі, а яйкі потым вялілі проста на борце. Вартыя жалю прастытуткі з блізкіх пасёлкаў ішлі за экспедыцыямі, ставілі імправізаваныя намёты на беразе ракі, прыводзілі музыкаў і гандляроў гарэлкай, ладзілі гулянкі каля карабля, які міжволі спыніў хаду.
Задоўга да таго, як Флярэнтына Арыса стаў прэзідэнтам параходнай кампаніі, ён атрымліваў трывожныя паведамленні пра стан ракі, але амаль не чытаў іх. Кампаньёнаў жа ён супакойваў: «Не хвалюйцеся, пакуль дровы скончацца, у нас будуць караблі на бензіне». Ён ніколі не пакутаваў ад гэтага, затуманены жарсным каханнем да Фэрміны Дасы, і калі ўцяміў усю глыбіню праўды, ужо нічога не заставалася рабіць, хіба што прывезці сюды новую раку. Уначы нават у лепшыя часы трэба было ставіць карабель на якар. І тады жыццё рабілася невыносным. Пасажыры, перадусім еўрапейцы, выходзілі з прапахлых гніллю каютаў і бавілі ноч на палубе, усімі сродкамі адганяючы заедзь ручнікамі, золак жа сустракалі знясіленымі, з апухлымі ад пакусаў тварамі. Англійскі вандроўнік пачатку XIX стагоддзя пісаў пра камбінаваны маршрут — на лодцы, а потым на муле, — які доўжыўся пяцьдзясят дзён, што гэта «найгоршая і самая нязручная пілігрымка па пакутах, якую чалавек здольны сабе ўявіць». Гэта перастала быць праўдай за восемдзесят гадоў рачной навігацыі, а потым зноў ёй сталася, і ўжо назаўсёды, калі кайманы з’елі апошняга матылька, былі выбітыя ламанціны, вымерлі альбо ўцяклі кудысьці папугаі, малпы, а сялібы апусцелі — калі прыйшоў канец усяму.
— Няма праблем, — смяяўся капітан, — пройдзе некалькі гадоў, і мы паедзем па сухім рэчышчы на шыкоўных аўто.
Фэрміна Даса і Флярэнтына Арыса ратаваліся ў пяшчотнай вясне закрытай веранды, але калі ўзнікла праблема з дровамі і веранда перастала абдуваць, прэзідэнцкая каюта ператварылася ў кававарку. Фэрміна Даса вытрымлівала начныя стаянкі дзякуючы ветру, які праходзіў праз адчыненыя вокны, і адганяла камароў ручніком, бо помпа для распылення інсектыцыду на нерухомым караблі не працавала. Вушы зноў балелі невыносна, але аднойчы раніцой яна прачнулася і заўважыла, што боль раптам знік, як спеў цыкады, якую раструшчылі ботам. Да самае ночы яна не здагадвалася, што левым вухам зусім не чуе, пакуль Флярэнтына Арыса не сеў побач і ёй не прыйшлося павярнуць галаву, каб пачуць, што ён кажа. Яна нікому не распавяла пра гэта і ўспрыняла глухату як адзін з непазбежных дэфектаў, выкліканых узростам.
Аднак затрымка карабля стала для іх ратавальнай. Флярэнтына Арыса аднойчы прачытаў: «Каханне робіцца больш велічным і высакародным у бядзе». Вільгаць прэзідэнцкай каюты пагрузіла іх у ірэальную летаргію, у якой лягчэй было кахаць без лішніх пытанняў і слоў. Яны перажылі неверагодна прыгожыя гадзіны ў мяккіх крэслах веранды, трымаючы адно аднаго за рукі, і цалаваліся яны няспешліва, адчувалі асалоду ад пяшчотаў напоўніцу. У трэцюю ноч задушлівай спякоты яна чакала яго з бутэлькай анісавай гарэлкі, якую папівала калісьці ўпотайкі з сяброўкамі стрыечнай сястры Ільдэбранды, а пазней, у шлюбе ужо, — з прыяцелькамі, якія незаўважна з’явіліся ў тым новым для яе свеце, што нібыта не належаў ёй, а быў проста часова пазычаны. Яна вырашыла крыху выпіць, заглушыць думкі, якія страшылі яе залішняй яснасцю, але Флярэнтына Арыса падумаў, што яна п’е дзеля храбрасці, каб наважыцца на апошні крок. Натхнёны ілюзіямі, ён адважыўся, намацаў пальцамі вялую шыю, грудзі ў панцыры з кітовага вуса ад гарсэта, кашчавыя клубы, сцёгны старой аленіхі. Яна прыняла яго пяшчоты спакойна, без здрыготы, толькі заплюшчыла вочы. Час ад часу яна марудна ўцягвала дым цыгарэты альбо адпівала анісаўку. Калі ўрэшце ягоная рука слізганула ніжэй, анісаўка перапоўніла яе сэрца.