— Прыміце гэта як гіпотэзу, — сказаў ён. — Ці мажлівая простая вандроўка без грузу і пасажыраў, без прыпынкаў у портах па дарозе?
Капітан адказаў, што гэта сапраўды мажліва толькі як гіпотэза. Параходная кампанія мела абавязкі перад супрацоўнікамі, і Флярэнтына Арыса ведаў пра гэта лепш за ўсіх, былі кантракты па фрахце, пасажырскіх перавозках, паштовых мяхах, і многія з іх, калі не бальшыня, прадугледжвалі жорсткія санкцыі. Адзіным, што дазволіла б абысці ўсе абавязкі і законы, было надзвычайнае здарэнне: халера на борце. На караблі абвяшчалі каранцін, уздымалі жоўты сцяг і пераходзілі на рэжым надзвычайнага плавання без заходу ў порты. Капітану Самарытана давялося ўчыніць гэтак некалькі разоў у сувязі з сапраўднымі ўспышкамі халеры ў прырэчных сялібах альбо на караблі, хоць у выніку санітарныя ўлады вымушалі дактароў пісаць даведкі пра звычайную дызэнтэрыю. Апрача таго, часта ў гісторыі ракі ўздымалі жоўты сцяг, каб абысці падаткі, не прымаць на борт непажаданага пасажыра ці пазбегнуць непажаданых інспекцый. Флярэнтына Арыса знайшоў пад сталом руку Фэрміны Даса.
— Вось і добра, — сказаў ён. — Так і зробім.
Капітан здзівіўся, але дзякуючы праніклівасці старога ліса, імгненна зразумеў сітуацыю.
— Я камандую караблём, але вы камандуеце намі, — адказаў ён. — Так што, калі вы не жартуеце, дайце мне пісьмовы загад, і мы выходзім зараз жа.
Зразумела, Флярэнтына Арыса гаварыў сур’ёзна, і загад быў падпісаны. Зрэшты, людзі ведалі, што часы халеры не прайшлі, нягледзячы на салодкія казкі санітарных уладаў. Што тычыцца карабля, тут праблем не было. Нейкі груз быў перавезены на іншы карабель, пасажырам сказалі, што выяўлены тэхнічныя непаладкі, і на золку накіравалі іх караблём іншай кампаніі. Калі ў іншых выпадках гэта рабілася з амаральных і нягодных прычын, Флярэнтына Арыса не бачыў сур’ёзных падстаў супраць таго, каб спрычыніць гэта ў імя кахання. Капітан маліў толькі пра адно: пра кароткі прыпынак у Пуэрта-Нарэ, каб прыняць на борт пасажыра, які раздзеліць цяжкасці вандроўкі асабіста з ім: у яго таксама была сардэчная таямніца.
Так што «Новая Вернасць» узняла якар на золку наступнага дня без грузу і пасажыраў, з жоўтым сцягам халеры, які радасна лунаў над караблём. Увечары падышлі да Пуэрта-Нарэ і падабралі жанчыну, яшчэ больш высокую і мажную, чым сам капітан, вычварна прыгожую, якой не хапала толькі барады, каб атрымаць кантракт у цырку. Яе звалі Зэнайда Ньевэс, але капітан называў яе «мая Волатка», гэта была даўняя сяброўка, якую ён браў на борт у адным порце і вёз да наступнага; калі яна падымалася на борт, то прыцягвала за сабою вецер удачы. Над тым сумным царствам смерці, дзе Флярэнтына Арыса настальгічна прыгадваў Расальбу, пабачыўшы цягнік на Энвігада, які цяжка поўз па старым карнізе для мулаў над безданню, на «Новую Вернасць» накінулася амазонская навальніца, якая з невялікімі паўзамі суправаджала іх да канца вандроўкі. Але гэта нікога не турбавала: для свята на вадзе меўся добры дах. Уначы Фэрміна Даса зрабіла асабісты ўнёсак у агульную гулянку, бо спусцілася на кухню пад воплескі экіпажа і нагатавала для ўсіх прыдуманую ёю страву, якую Флярэнтына Арыса назваў «Баклажаны кахання».
Удзень гулялі ў карты, елі як след, падчас сіесты спалі, нібыта глыбы граніту, да знясілення, і як толькі сонца схілялася да захаду, аркестр выходзіў на палубу, і яны пілі анісаўку да поўнай спатолі смагі, закусваючы вэнджаным ласосем. Плылі шпарка, карабель без грузу быў лёгкім. Узровень вады ўзняўся з-за навальніцы ў вярхоўях ракі, дзе за тыдзень выпала больш дажджу, чым калі. На падыходзе да некаторых сялібаў карабель сустракалі гарматным стрэлам міласэрнасці, каб выгнаць халеру, і яны дзякавалі сумным гудком. Караблі іншых кампаній, якія сустракаліся на шляху, пасылалі ім сігналы спачування. У сялібе Малянгэ, дзе нарадзілася Мэрсэдэс[34], пагрузілі дровы на рэшту дарогі.
Фэрміна Даса напачатку чула гудок карабля толькі здаровым вухам, але на другі дзень з дапамогай анісаўкі яна ўжо чула лепш абодвума вушамі. Яна адчула таксама, што ружы былі больш духмяныя, чым раней, што птушкі спявалі на золку званчэй, і што Бог наноў сатварыў ламанціна і пасадзіў яго на адхоне Тамалямэкі толькі дзеля таго, каб своечасова яго абудзіць. Капітан спыніў карабель, і яны бачылі вялізную самку, якая карміла малых. Hi Флярэнтына, ні Фэрміна не заўважылі, як зайшлі ў сваёй блізкасці так далёка. Яна дапамагала яму ставіць клізму, падымалася раней за яго, каб пачысціць яму зубныя пратэзы, якія ён пакідаў у шклянцы перад сном. Да таго ж, вырашыла праблему з акулярамі, бо ягоныя падыходзілі ёй для чытання і цыравання. Аднойчы яна прачнулася і, заўважыўшы ў паўцемры, што ён прышывае гузік да кашулі, адразу ўзялася за гэтую справу, апярэдзіўшы рытуальную фразу пра тое, што яму, маўляў, патрэбныя дзве жонкі. У сваю чаргу, Фэрміне спатрэбілася толькі, каб ён паставіў ёй аднаго разу банькі ад болю ў спіне.