Са свайго боку, Флярэнтына Арыса натхніўся аркестравай скрыпкай, і праз паўдня ўжо змог сыграць для яе «Вальс Каранаванай багіні», і ён іграў гэты вальс некалькі гадзін запар, пакуль яго не спынілі сілай. Аднойчы ўначы, упершыню за ўсё жыццё, Фэрміна Даса раптам прачнулася, абліваючыся слязьмі, і гэта былі слёзы не злосці, а суму, — яна прыгадала старых, забітых у лодцы ўдарамі вясла. Бясконцая навальніца ніколькі не ўзрушала яе, і яна запознена падумала, што, напэўна, Парыж не быў такім змрочным, як ёй здавалася, і ў Санта-Фэ не было столькі пахаванняў на вуліцах. Мара пра наступныя вандроўкі з Флярэнтына Арысам замаячыла на гарызонце: пра шалёныя вандроўкі без лішніх баулаў і грамадскіх кампрамісаў, пра вандроўкі кахання.
Напярэдадні прыбыцця яны ладзілі свята з папяровымі гірляндамі і рознакаляровым асвятленнем. Неба ачысцілася ўвечары. Капітан і Зэнайда танчылі, прыціснуўшыся адно да аднаго, першыя балеро, якія ў тыя гады пачалі ўваходзіць у моду. Флярэнтына Арыса адважыўся шапнуць Фэрміне Дасе, што час ужо танчыць вальс для дваіх, але яна адмовілася. Аднак ківала галавой, грукала абцасамі і нават раптам затанчыла, седзячы, пакуль капітан распускаўся ў абдымках сваёй пяшчотнай волаткі ў паўзмроку балеро. Яна выпіла столькі анісаўкі, што без дапамогі не здолела ўзняцца па лесвіцы, і яе ахапіў прыступ смеху скрозь слёзы, які выклікаў трывогу. Аднак калі яна суняла смех у духмянай затоцы каюты, яны заняліся каханнем з маладой сілай, як старыя ва ўсплёску эмоцый, і тая ноч засталася ў яе памяці найлепшым успамінам пра самнамбулічную вандроўку. Яны ўжо не адчувалі сябе жаніхом і нявестай, як меркавалі капітан з Зэнайдай, а тым больш — познімі палюбоўнікамі. Абое нібыта мінулі галгофу шлюбнага жыцця і прасунуліся шмат далей — да самой сутнасці кахання. Яны маглі сядзець моўчкі, нібыта даўнія муж з жонкаю, якія прайшлі ўсе жыццёвыя выпрабаванні. Яны былі ўжо па той бок жарсці, па той бок горычы ад нязбыўных ілюзій і расчараванняў, усё гэта было для іх прымітыўнасцю, бо яны пражылі разам досыць, каб уцяміць: каханне было каханнем ва ўсе часы і паўсюль, але заўсёды яно больш працінальнае з набліжэннем смерці.
Прачнуліся а шостай. Яна з галаўным болем, смакам анісаўкі ў роце і аглушальным пульсам ад уражання, што доктар Хувэналь Урбіна вярнуўся, больш мажны і малады, чым ў той дзень, калі ўпаў з дрэва, і ён сядзеў у крэсле-гушкалцы, чакаючы жонку каля парога іхнага дома. Аднак яе думкі былі яснымі, і яна разумела, што гэта не было цяжкім пахмеллем, што рэч у іншым — немінучасці вяртання дадому.
— Вярнуцца дамоў будзе як памерці, — сказала яна.
Флярэнтына Арыса здзівіўся: яна нібыта прачытала думку, якая яму не давала спакою з таго моманту, як яны пусціліся ў адваротны шлях. Hi ён, ні яна не маглі ўявіць, як яны будуць спаць у іншым доме, акрамя каюты, есці інакш, чымся на караблі, жыць жыццём, якое заўсёды будзе чужым. Гэта і сапраўды было падобна на смерць. Ён ужо не заснуў, ляжаў са сплеценымі пад галавой рукамі. Раптам кінжальны ўспамін пра Амэрыку Вікунню вымусіў яго скурчыцца ад болю, ён ужо не мог адмахвацца ад праўды, зачыніўшыся ў ваннай, выплакаўся няспешліва, да апошняй слязінкі. Толькі пасля гэтага адважыўся прызнацца сабе самому, як яе кахаў.
Яны апрануліся, каб сысці на бераг. Між тым, карабель пакінуў за сабой апошні адрэзак рэчышча Магдалены — забалочаны старажытны іспанскі канал — і плыў сярод карабельных парэштак і мёртвых затокаў ужо ў бухце. Пачынаўся сонечны чацвер над залатымі купаламі горада віцэ-каралёў, але Фэрміна Даса стаяла на верандзе і кляла ў думках смурод старажытнай славы, ганарлівасць цвярдыняў, апаганеных ігуанамі, увесь жах рэальнага жыцця. Яны абое не хацелі і не маглі здацца проста так.
У ядальні сустрэлі капітана. Ён меў жахлівы выгляд, які ніяк не спалучаўся са звыклай акуратнасцю: няголены, з пачырванелымі ад бессані вачыма, у потнай вопратцы мінулай ночы. Гарэлкавая адрыжка часам перарывала ягоныя словы. Зэнайда спала. Яны моўчкі снедалі, калі катар санітарнай службы порта загадаў іх караблю спыніцца. Капітан узняўся на масток і сваім грымотным голасам адказаў на пытанні ўзброенага патруля. Яны захацелі ведаць, якім від халеры ў пасажыраў, колькі іх на караблі, колькі з іх хворыя, ці ёсць рызыка далейшага заражэння. Капітан адказаў, што ён вязе трох пасажыраў і ўсе трое інфікаваныя халерай, але знаходзяцца ў поўнай ізаляцыі. Hi пасажыры, што ўзняліся на борт у порце Ля-Дарада, ні экіпаж кантактаў з імі не мелі. Але камендант патруля не задаволіўся гэтым і загадаў вывесці карабель з бухты і чакаць у забалочаным канале Ляс-Мэрсэдэс да другой папаўдні, пакуль будуць уладкаваныя фармальнасці для дэкларацыі каранціну на борце. Капітан выбухнуў лаянкай рамізніка, але ўзмахам рукі загадаў лоцману развярнуцца і выйсці зноў да канала.