Падрыхтоўка пачалася за тры месяцы, бо баяліся, што праз брак часу ўпусцяць штосьці неабходнае. Загадалі прывезці жывых кур са Сьенага-дэ-Ора, вядомых на ўсё ўзбярэжжа не толькі памерамі і смакам, але яшчэ й тым, што ў каланіяльны перыяд яны жылі-падзёўбвалі сабе ў наносных землях, таму ў іхных валляках часам знаходзілі драбкі чыстага золата. Спадарыня Алівэлля, разам са старэйшай дачкой і прыслужніцамі, асабіста падымалася на борт раскошных трансатлантычных караблёў і набывала ўсё самае якаснае з кожнай краіны, каб адпаведна ўганараваць заслугі свайго мужа. Яна ўсё прадугледзела, за выключэннем таго, што свята супала з адной з нядзеляў чэрвеня, а сезон дажджоў сёлета зацягнуўся. Яна здагадалася пра гэта раніцой, калі выйшла на абедню і яе спужала надзвычайная вільготнасць паветра, яна бачыла — неба было густым і нізкім, а з боку мора гарызонт не відзён быў увогуле. Нягледзячы на відавочныя прыкметы, дырэктар мясцовай астранамічнай абсерваторыі, з якім яна сустрэлася ў касцёле, нагадаў ёй, што за ўсю бурлівую гісторыю горада нават у самыя лютыя зімы ніколі не ішоў дождж у Сёмухаў дзень. І ўсё ж а дванаццатай, калі адгулі званы і госці ўжо пілі аперытывы на вольным паветры, рокат самотнага грому скалануў зямлю, і моцны парыў ветру з мора перакуліў частку сталоў і знёс тэнты, а неба абрынулася на людзей жудаснай навальніцай.
Доктар Хувэналь Урбіна з цяжкасцю дабраўся ў навальнічнай віхуры разам з запозненымі гасцямі, з якімі сустрэўся па дарозе. Доктар хацеў, як яны, прайсці ад стаянкі для аўто да дома, скачучы з камяня на камень праз заліты плынямі вады двор, але ўсё-ткі прыняў зняважлівую прапанову людзей дона Санча — яны панеслі яго на руках, трымаючы над ім кавалак жоўтага брызенту. Сталы наноў накрылі як маглі па ўсім доме, нават у спальнях, і госці зусім не імкнуліся схаваць таго, што з надвор’ем ім пашэнціла, як пасажырам патанулага карабля. Спякота стаяла, нібыта побач з карабельным катлом, таму што давялося зачыніць вокны, іначай касыя струмені дажджу залілі б увесь дом. У двары кожнае месца за сталом было абазначана карткай з імем госця. Акрамя таго, гаспадары думалі пасадзіць мужчын з аднаго боку стала, а жанчын — з другога, адпаведна традыцыі. Але візітныя карткі з імёнамі гасцей пераблыталіся, і праз вымушаную цеснату госці паселі, дзе змаглі, часта насуперак прымхам вышэйшага грамадства. У гэтым бязладдзі Амінта дэ Алівэлля была нібыта паўсюль адначасова, з мокрымі ўшчэнт валасамі, у заляпаным граззю пышным строі, аднак яна пераносіла няшчасце з нязменнай усмешкай, якой навучылася ад мужа, каб не скарацца перад горам. Ёй дапамагалі дочкі, загартаваныя ў горне матчыных традыцый, і Амінта дэ Алівэлля здолела, наколькі гэта было мажліва, прытрымаць месцы за ганаровым сталом — у цэнтры пасадзіла доктара Хувэналя Урбіна, а праваруч — арцыбіскупа Абдуліё-і-Рэя. Фэрміна Даса села каля мужа, яна звыкла баялася, што ён задрэмле падчас абеду альбо пралье сабе поліўку на штрыфель. Насупраць сеў сам доктар Лясыдэс Алівэлля, — пяцідзесяцігадовы, па-жаноцку манерны мужчына, які добра захаваўся, але яго вясёлы нораў ніяк не ўплываў на дакладнасць дыягназаў. За гэтым сталом селі прадстаўнікі правінцыйных і муніцыпальных уладаў ды яшчэ леташняя каралева прыгажосці, якую губернатар прывёў пад руку і пасадзіў ля сябе. Хоць традыцыі не патрабавалі, каб госці неяк адмыслова апраналіся, тым больш для загараднага абеду, жанчыны прыехалі ў вечаровых строях і з каштоўнымі ўпрыгожаннямі, а бальшыня мужчын — у цёмных строях з чорнымі гальштукамі, некаторыя ж нават у суконных сурдутах. Толькі самыя выбітныя, сярод іх і доктар Урбіна, дазволілі сабе прыехаць у звычайнай вопратцы. Кожны госць перад сабою знайшоў меню на французскай мове, упрыгожанае залатымі віньеткамі.
Спадарыня Алівэлля турбавалася з-за жахлівае спякоты і абышла ўвесь дом, просячы напрамілы Бог, каб мужчыны знялі пінжакі за сталом, але ніхто не асмельваўся падаць прыклад. Арцыбіскуп звярнуўся да доктара Урбіна і заўважыў, што ў пэўным сэнсе гэта быў абед гістарычны: упершыню за адным сталом сядзелі супрацьлеглыя бакі, якія ў бясконцай грамадзянскай вайне пралівалі кроў у краіне з часоў абвяшчэння незалежнасці, і абед нібыта даказваў, што раны зацягнуліся і крыўды развеяліся. Гэтая думка супала з энтузіязмам лібералаў, перадусім маладых, якія дамагліся абрання свайго прэзідэнта пасля сарака пяці гадоў гегемоніі кансерватараў. Але доктар Урбіна не быў згодны: прэзідэнт-ліберал здаваўся яму нічым не адрозным ад прэзідэнта-кансерватара, хіба што ліберал горш апранаўся. Аднак ён не стаў пярэчыць арцыбіскупу, хоць яго й падмывала заўважыць, што ніхто не быў запрошаны на абед з-за перакананняў, а выключна з прычыны прыналежнасці да слынных родаў, што заўсёды было вышэй за нязгоды палітыкі і жахі вайны. З гэтага пункту гледжання, сапраўды, ні на каго не забыліся.