Навальніца прайшла, як і пачалася, раптоўна, і тут жа ў чыстым небе заззяла сонца, але бура была такой суворай, што павырывала з карэннем дрэвы, а рачулка разлілася па двары і ператварыла яго ў сапраўднае балота. Найбольшая бяда напаткала кухню. Дзеля свята адмыслова абклалі цаглінамі некалькі вогнішчаў за домам, пад адкрытым небам, і кухары ледзь паспелі ўратаваць катлы ад дажджу. Яны згубілі каштоўны час, вычарэпваючы ваду на кухні і хуценька ладзячы новыя вогнішчы ў галерэі ззаду. Але а першай выйшлі з бядотнага становішча, не ставала толькі дэсерту — яго замовілі ў мнішак кляштара Святой Клары, і яны абяцалі прыслаць усё не пазней за адзінаццатую. Гаспадыня баялася, што рачулка, якая перасякала галоўную дарогу, выйшла з берагоў, як гэта заўжды здаралася ўзімку, а тады яна не зможа атрымаць дэсерт раней, чым праз дзве гадзіны. Як толькі мінулася навальніца, адчынілі вокны, і дом асвяжыўся навальнічным азонам. Затым загадалі духавому аркестру пачынаць праграму вальсамі на тэрасе порціку, але гэта толькі замінала гасцям, бо рэзананс ад медных інструментаў у доме прымушаў размаўляць крыкам. Стомленая ад чакання, з усмешкаю, праз якую праступалі слёзы, Амінта дэ Алівэлля загадала падаць абед.
Квартэт са Школы мастацтваў пачаў канцэрт сярод урачыстае цішыні, якая была перарваная першымі тактамі Моцартавага «Палявання». Нягледзячы на пошум галасоў, што нарастаў і заблытваў гукі, на беганіну мурынаў, што служылі ў дона Санча, а яны, разносячы гарачыя стравы, ледзь прадзіраліся паміж сталамі, доктар Урбіна здолеў сканцэнтраваць сваю ўвагу на музыцы да канца праграмы. Ягоная здольнасць да засяроджання меншала з года ў год, дайшло да таго, што ён мусіў запісваць на паперцы кожны шахматны ход, каб ведаць, на чым спыніўся. Аднак ён яшчэ мог падтрымліваць сур’ёзную размову, не губляючы нітавіну канцэрта, хоць і ніколі не дасягаў віртуознасці аднаго дырыжора нямецкага аркестра, яго вялікага сябра з Аўстрыі, які чытаў партытуру «Дона Джавані», слухаючы Вагнеравага «Тангейзера».
Другі твор праграмы, «Дзяўчына і смерць» Шуберта, быў выкананы, на думку доктара Урбіна, з залішнім драматызмам. З цяжкасцю разбіраючы музычныя гукі скрозь звон прыбораў і талерак, ён заўважыў ружовашчокага юнака, які прывітаў яго, схіліўшы голаў. Безумоўна, ён недзе бачыў яго, але не мог прыгадаць, дзе менавіта. Гэта здаралася з ім часцяком і перадусім з імёнамі нават самых блізкіх знаёмцаў ды мелодыямі даўніх часоў, і выклікала ў ім такі страшны адчай, што аднойчы ўначы ён злавіў сябе на тым, што хацеў бы памерці, толькі б не дачакацца золку. Ён ледзь не дайшоў да падобнага стану, калі міласэрны сполах прасвятліў памяць: гэты юнак летась вучыўся ў яго. Ён здзівіўся, што хлопец прысутнічае сярод вярхоў грамадства, але доктар Алівэлля нагадаў яму, што юнак быў сынам міністра гігіены і прыехаў, каб напісаць дысертацыю па судовай медыцыне. Доктар Хувэналь Урбіна весела махнуў маладому лекару рукой, а той прыўстаў і адказаў паклонам. Але ні тады, ні калі-небудзь пазней доктар Урбіна не прыгадаў, што гэта быў той самы практыкант, які чакаў яго раніцой у доме Ерэміі дэ Сэнт-Амура.
Супакоены яшчэ адной перамогай над старасцю, ён аддаўся празрыстай плыні лірызму апошняга твора, які так і не змог пазнаць. Пазней малады віяланчаліст, які толькі-толькі вярнуўся з Францыі, сказаў яму, што гэта быў твор для струннага квартэта Габрыеля Фарэ, імя якога доктар Урбіна ніколі не чуў, хоць уважліва сачыў за еўрапейскімі навінкамі. Фэрміна Даса, якая назірала за ім заўсёды, а цяпер бачыла такім засяроджаным на людзях, перастала есці і ўзяла яго за руку. Затым шапнула: «Не думай болей пра гэта». Доктар Урбіна ўсміхнуўся ёй з другога берага свайго экстазу і зноў падумаў пра тое, чаго яна пабойвалася. Ён прыгадаў Ерэмію дэ Сэнт-Амура, цела якога пад той час ужо ляжала ў стылізаванай вайсковай уніформе з бутафорскімі ўзнагародамі ў труне пад дакорлівымі поглядамі дзяцей з партрэтаў. Ён павярнуўся да арцыбіскупа, распавёў пра самагубства, але той ужо ведаў. Вельмі шмат гаварылі пра гэта пасля абедні і нават атрымалі прашэнне палкоўніка Хероніма Арготэ ад імя ўцекачоў Карыбскага басейна, каб ім дазволілі пахаваць паплечнікаў асвячонай зямлі. Арцыбіскуп сказаў: «Само прашэнне я ўспрыняў як поўную адсутнасць такту». Затым, у больш спакойным тоне, спытаў, ці вядомая прычына самагубства. Доктар Урбіна адказаў вельмі трапным словам, лічачы, што вынайшаў яго ў той самы момант: герантафобія. Доктар Алівэлля апекаваўся бліжэйшымі гасцямі, але на хвілю пакінуў іх, каб уставіць слова ў размову: «Вельмі сумна сутыкнуцца з суіцыдам, прычынай якога не ёсць каханне». Доктар Урбіна зусім не здзівіўся, паслухаўшы ўласную думку ў вуснах свайго найлепшага вучня.