Выбрать главу

— І што горай, — дадаў настаўнік, — ён атруціўся цыяні­дам золата.

Доктар Урбіна вымавіў гэта і адчуў, што шкадаванне сталася мацнейшым за горыч, якую выклікаў ліст, і быў удзячны за гэта не жонцы, а дзівоснай музыцы. І доктар Урбіна загаварыў з арцыбіскупам пра чалавека, які быў для яго свецкім святым і якога ён зведаў доўгімі шахматнымі вечарамі. Казаў пра тое, што Ерэмія дэ Сэнт-Амур прысвяціў сваё мастацтва дзецям, што за жыццё дасягнуў рэдкай эрудыцыі і ведаў пра ўсё на свеце, а сам вёў спартанскі лад жыцця. Доктар здзі­віўся ўласнай душэўнай чысціні, з якой раптам аддзяліў нябожчыка ад ягонага мінулага. Затым сказаў алькальду, што добра было б набыць архіў негатываў, каб захаваць вобразы цэлага пакалення, бо, магчыма, толькі ў партрэтах яны бу­дуць шчаслівымі, а ў іх руках — будучыня горада.

Арцыбіскуп абурыўся тым, што інтэлігентны і ваяўнічы ка­талік дазволіў сабе думаць пра святасць самазабойцы, але не пярэчыў прапанове адносна архіва негатываў. Алькальд хацеў дазнацца, у каго трэба выкупіць архіў. Гарачае вуголле таямніцы абпаліла язык доктара Урбіна, але ён вытрываў, не выдаўшы падпольную спадкаемніцу Ерэміі дэ Сэнт-­Амура, і адказаў: «Я асабіста займуся гэтым». І адчуў, што загладзіў сваю віну перад жанчынай, якую за пяць гадзін да таго лічыў агідным мярзотным стварэннем. Фэрміна Даса заўважыла гэта і ціхім голасам папрасіла паабяцаць, што ён пойдзе на пахаванне. Ён шапнуў ёй з палёгкай у душы, што, вядома, пойдзе, абавязкова.

Юбілейныя прамовы былі кароткімі і ўспрымаліся лёгка. Духавы аркестр узяўся за простанародныя мелодыі, не прадугледжаныя праграмай, а госці сталі шпацыраваць па тэрасах, чакаючы, пакуль людзі з шынка дона Санча адвядуць ваду з двара — раптам хто-небудзь наважыцца танчыць. У зале засталіся толькі госці за ганаровым сталом, якія ў захапленні заўважылі, што доктар Урбіна, пачуўшы фінальны тост, залпам выпіў паўчаркі брэндзі. Ніхто не мог прыгадаць падобнага выпадку, за выключэннем калісьці прыгубленага кубка віна найвышэйшага гатунку, без якога ён не ацаніў бы вартасці далікатэснае стравы, але на гэты раз само сэрца прасіла здацца, і за слабасць, якую ён дапусціў, ён быў узнагароджаны: зноў, упершыню за столькі гадоў, яму захацелася спяваць. І ён бы заспяваў, безумоўна, балазе малады віяланчаліст настойліва прапаноўваў акампанемент, калі б не аўто апошняе мадэлі, якое нечакана ўзнікла, праехала цераз забалочаны двор, заляпаўшы музыкантаў граззю і спу­дзіўшы качак з блізкага загона аглушальным качыным крыкам клаксона, каб рэзка спыніцца каля ганка. З аўто выйшлі доктар Марка Аўрэліё Урбіна Даса і ягоная жонка, абое рагаталі, як ненармальныя, трымаючы ў руках па падносе, прыкрытым карункавай сурвэткай. Іншыя падносы ляжалі на фатэлях і нават на падлозе аўто, каля кіроўцы. Гэта быў запознены дэсерт. Калі госці перасталі пляскаць і весела свісцець, доктар Урбіна Даса ў сур’ёзным тоне патлумачыў, што мнішкі папрасілі яго адвезці дэсерт, пакуль не ўсчалася бура, але ён мусіў быў развярнуцца, бо хтосьці сказаў, што гарыць бацькоўскі дом. Доктар Хувэналь Урбіна перапужаўся яшчэ да таго, як сын завяршыў аповед. Але ягоная жонка своечасова нагадала яму, што ён сам распарадзіўся выклікаць пажарных, каб яны злавілі папугая. Амінта дэ Алівэлля ўздыхнула з палёгкай і вырашыла падаць дэсерт на тэрасах, не зважаючы на тое, што каву падалі раней. Аднак доктар Хувэналь Урбіна і ягоная жонка, не пакаштаваўшы салодкага, пайшлі, бо да пахавання амаль не заставалася часу для яго нязменнай сіесты.

Доктар паспеў трохі паспаць, але мала, бо, як вярнуўся дадому, ён сутыкнуўся з тым, што пажарныя нарабілі большае шкоды, чым пры сапраўдным пажары. Спрабуючы сагнаць папугая, яны струменямі з брандспойтаў збілі з дрэва ўсё лісце, а адзін няўдала накіраваны струмень прайшоў праз адчыненае акно вялікай спальні і непапраўна папсаваў мэблю і партрэты далёкіх продкаў. Суседзі пачулі сірэну пажарнай машыны і прыбеглі — падумалі, што дом гарыць. Большай шкоды не было нанесена толькі праз адсутнасць грамады школьнікаў-дапаможцаў, бо школы ў нядзелю зачыненыя. Калі пажарныя здагадаліся, што не дастануць папугая нават з дапамогай рухомай лесвіцы, яны ўзяліся за мачэтэ і пачалі ссякаць галіны, і толькі ўчасны прыход доктара Урбіна Дасы перапыніў знішчэнне дрэва. Тады пажарныя сказалі, што прыедуць зноў а пятай, на выпадак, калі гаспадар дазволіць ссекчы дрэва, загадзілі бруднымі ботамі ўнутраную тэрасу і залу ды падралі турэцкі дыван, які так любіла Фэрміна Даса. І ўсё гэта — без аніякага сэнсу, бо, хутчэй за ўсё, папугай, скарыстаўшы з бязладдзя, зляцеў у суседскія двары. І праўда, як доктар Урбіна ні шукаў папугая ў лістоце, той не адказваў ні на якой мове, ні свістам, ні спевам, так што гаспадар палічыў, што птушка згінула, і пайшоў спаць а трэцяй. Перад тым, як легчы, ён адчуў хвілінную асалоду ў прыбіральні — ягоная мача ачысцілася і набыла пах патаемнага саду, бо ў той дзень ён паеў цёплае спаржы.