— Баязлівец, — шапнуў ён. — Самае страшнае ўжо мінулася.
Ён ахінуў яго коўдрай і зноў адчуў сваю акадэмічную годнасць. Летась доктар тры дні афіцыйна адзначаў сваё васьмідзесяцігоддзе і ў прамове ўдзячнасці ўжо не ўпершыню пераадолеў спакусу адысці ад справы. Ён сказаў: «У мяне будзе зашмат часу на адпачынак пасля смерці, але гэтае сумнае мерапрыемства пакуль не ўваходзіць у мае планы». Хоць правым вухам доктар чуў усё горш і карыстаўся кіем са срэбнай булдавешкай, каб хаваць няўпэўненасць хады, ён, як і ў маладосці, насіў ільняную тройку, камізэльку якой упрыгожваў залаты ланцужок гадзінніка. Пастэраўская бародка, што паблісквала перламутрам, і срэбныя валасы, акуратна зачасаныя на просты прабор, былі слушнымі паказнікамі ягонага характару. Усё больш трывожную эрозію памяці ён па мажлівасці кампенсаваў цыдулкамі на шматках паперкі, якія зрэшты блыталіся па кішэнях, як інструменты і флаконы з лекамі сярод рознай драбязы ў набітым партфелі. Ён быў не толькі найстарэйшым і найслыннейшым лекарам, але і найэлегантнейшым чалавекам у горадзе. Аднак праз неадольнае жаданне бліснуць эрудыцыяй і далёка не беззаганную манеру карыстацца сілай свайго імя яго паважалі менш, чым ён заслугоўваў.
Інструкцыі камісару і практыканту ён выдаў дакладна і шпарка. Не трэба губляць час на ўскрыццё. Паху ў доме досыць, каб вызначыць: прычынай смерці сталіся пары цыяністай солі. Каб выклікаць рэакцыю ў скрыні, фатограф выкарыстаў кіслату, якую меў для працы, а нешчаслівы выпадак выключаўся, бо Ерэмія дэ Сэнт-Амур выдатна ведаў хімію. Калі камісар завагаўся, доктар паразіў яго, нібыта ўдарам шпагі, тыловым для яго: «Не забудзьма, пасведчанне аб смерці падпісваю я». Практыкант быў расчараваны: яму ніколі не даводзілася бачыць на практыцы ўплыў цыяніду на арганізм чалавека. Доктар Хувэналь Урбіна здзівіўся, што раней не бачыў юнака ў Школе медыцыны, але, заўважыўшы сарамлівасць і андыйскае вымаўленне, уцяміў: ён, відаць, зусім нядаўна прыехаў у горад. І сказаў яму: «Хопіць яшчэ вар’ятаў ад кахання, праз дзён колькі і ў вас будзе мажлівасць». І толькі вымавіўшы гэта, схамянуўся, бо сярод безлічы самагубцаў, якія ўжывалі цыяністую соль, на ягонай памяці гэта быў першы, хто пакінуў свет не з прычыны нешчаслівага кахання. Штосьці змянілася ў ягоным голасе.
— Вось тады і звярніце ўвагу, — дадаў ён, — у іх зазвычай пясок у сэрцы.
Потым доктар Урбіна загаварыў з камісарам, нібыта з падначаленым. Ён загадаў абысці ўсялякія фармальнасці з тым, каб пахаванне адбылося сёння ж увечары і цалкам патаемна. І падкрэсліў: «Я пагутару з алькальдам[1] пазней». Доктар Урбіна ведаў, што Ерэмія дэ Сэнт-Амур жыў надзвычай аскетычна, у найвышэйшай ступені сціпла, але сваім мастацтвам зарабляў шмат болей, чымся трэба для пражыцця, таму ў якой-небудзь шуфлядзе мусяць быць грошы, на хаўтурныя выдаткі будзе досыць.
— А калі і не знойдзеце, не бяда, — удакладніў ён, — я бяру ўсё на сябе.
Ён загадаў сказаць журналістам, што фатограф памёр натуральнай смерцю, хоць і падумаў: навіна не зацікавіць іх ні з якога боку. І падкрэсліў: «Калі трэба, я пагутару з губернатарам». Камісар быў чыноўнікам сур’ёзным ды нешматслоўным, ён ведаў, што мэтр сваім грамадзянскім сумленнем раздражняў нават самых блізкіх і цярплівых сяброў, таму яго здзіўляла лёгкасць, з якой доктар, каб паскорыць пахаванне, абыходзіў законныя працэдуры. Камісар адно што не пагадзіўся на размову з арцыбіскупам, каб той дазволіў пахаваць Ерэмію дэ Сэнт-Амура ў святой зямлі гарадскіх могілак. Праўда, ён тут жа засмуціўся з-за сваёй дзёрзкасці і паспрабаваў неяк згладзіць няёмкую сітуацыю.
— Я так разумею, гэта быў святы чалавек, — сказаў ён.
— Не тое слова, — адказаў доктар Урбіна, — гэта быў святы атэіст. Але ў гэтых справах толькі Бог суддзя.
Здалёк, з іншага краю каланіяльнага горада, пачуліся званы кафедральнага сабора, якія склікалі да ўрачыстага набажэнства на Святую Сёмуху. Доктар Урбіна надзеў пенснэ са шкельцамі-палавінкамі ў залатой асадзе і зірнуў на гадзіннік, квадратны і тонкі, з вечкам на спружыне: яшчэ трошкі, і ён прапусціў бы святочную імшу.