Прачнуўся ён ад суму. Гэта быў не той сум, які адолеў яго, калі раніцой пабачыў цела свайго сябра, а нябачны туман, якім набрыняла душа пасля сіесты, і доктар успрыняў яго як нябесную вестку пра тое, што ён дажывае апошнія дні. Да пяцідзесяці гадоў ён не адчуваў памераў, вагі і стану сваіх унутраных органаў. З гадамі, лежачы з заплюшчанымі вачыма пасля штодзённай сіесты, доктар пачаў адчуваць іх у сабе, асобна адзін ад аднаго. Ён спазнаў форму ўласнага бяссоннага сэрца, таямніцы печані, замкнёнасць падстраўнікавай залозы, і раптам адкрыў, што найстарэйшыя людзі былі маладзейшыя за яго, а ён, адзін з тых, хто здымаўся на легендарных групавых партрэтах яго пакалення, перажыў усіх астатніх. Адчуўшы ўпершыню, што страчвае памяць, доктар звярнуўся да сродку, пра які распавёў калісьці нехта з ягоных настаўнікаў у Школе медыцыны: «Хто згубіў звычайную памяць, зробіць сабе папяровую». Аднак гэта была ілюзія, бо ён дайшоў да таго, што забываў сэнс кароткіх цыдулак, якія валяліся ў кішэнях. Ён абыходзіў дом і шукаў акуляры, якія былі ў яго на пераноссі, зноў круціў ключ у замку пасля таго, як ужо зачыніў дзверы, губляў нітавіну чытанага, бо забываў зыходныя моманты сюжэту ці ступень сваяцтва герояў. Але больш за ўсё яго трывожыў недавер да ўласнага розуму: спакваля, набліжаючыся да немінучага крушэння, ён здагадваўся, што страчвае пачуццё справядлівасці.
Уласны досвед, хоць і не абгрунтаваны навукова, падказваў доктару Хувэналю Урбіна, што бальшыня смяротных хваробаў мае свой пах, але ніводзін з іх не быў такім спецыфічным, як пах старасці. Ён адчуваў яго ва ўскрытых целах на рэзекцыйным стале, пазнаваў у пацыентах, што выдатна хавалі свой век, а таксама ў поце ўласнай адзежы і ў ціхамірным подыху жонкі, калі яна спала. Каб ён не быў тым, кім ёсць, а менавіта — старамодным хрысціянінам, верагодна, пагадзіўся б з Ерэміем дэ Сэнт-Амурам у тым, што старасць — гэта стан ганебны і яе трэба прадухіліць своечасова. Адзінае суцяшэнне для яго, у мінулым моцнага ў ложку мужчыны, было павольнае і міласэрнае знікненне пажадлівага апетыту. У восемдзесят адзін год у яго была ясная галава, і ён ведаў, што на зямлі яго трымаюць адно тонкія ніткі, здольныя абарвацца без болю нават ад змены позы ў сне, і калі ён імкнуўся захаваць тыя ніткі цэлымі, дык толькі ад жаху, што не знойдзе Бога ў сутонні смерці.
Фэрміна Даса занялася ўратаваннем спаскуджанай пажарнымі спальні, і крыху раней за чацвёртую папрасіла аднесці мужу штодзённы кубак ліманаду са здрабнёным лёдам і нагадаць, што ён мусіць апранацца і ісці на пахаванне. У той вечар доктар Урбіна меў пад рукою дзве кніжкі: «Таямніцы чалавека» Алексіса Карэля і «Гісторыю Святога Мішэля» Аксэля Мунтэ[9]. Апошняя яшчэ не была разрэзаная, і ён папрасіў Дыгну Парда, кухарку, прынесці забыты ім у спальні нож са слановай косткі. Але, калі яна прынесла нож, ён ужо раскрыў «Таямніцы чалавека», знайшоў патрэбнае месца па канверце, які служыў закладкай, і чытаў: заставалася колькі старонак да канца. Чытаў ён марудна, прабіраючыся па радках хісткай увагай, якая выслізгвала з выгінаў памяці, ён адчуваў востры галаўны боль, які звязваў з фінальным тостам і выпітай тады паловай келіху брэндзі. Перарываўся ён і каб сербануць ліманаду, затрымліваўся, пасмоктваючы кавалачак лёду. Сядзеў у шкарпэтках, у кашулі без устаўнога каўнерыка, з апушчанымі па баках шлейкамі ў зялёную палоску, і сама думка пра тое, што трэба пераапранацца на пахаванне, раздражняла яго. Неўзабаве ён кінуў чытанне, паклаў адну кніжку на другую і стаў павольна гушкацца ў лазовым крэсле, аглядаючы з сумам бананавае кустоўе ў мокрым двары, абадранае дрэва манга, мошак, якія з’яўляліся пасля дажджу, — эфемерны бляск яшчэ аднаго дня, які сыходзіў назаўжды. Ён забыўся ўжо на тое, што меў папугая з Парамарыба, якога любіў, як чалавека, калі раптам пачуў яго. «Каралеўскі папугайчык», — сказаў уцякач. Па голасе доктар Урбіна здагадаўся, што папугай дзесьці надта блізка, амаль побач з ім, і тут жа заўважыў яго на самай нізкай галінцы мангавага дрэва.