Выбрать главу

— Ах ты нахабнік! — сказаў ён яму.

Папугай адказаў голасам гаспадара:

— А ты, пэўна, яшчэ большы нахабнік, доктар.

Доктар працягваў гамонку з папугаем, не спускаючы з яго вачэй, пакуль насоўваў чаравікі, вельмі асцярожна, абы толькі не спужаць птушку. Затым падняў шлейкі і выйшаў на гразкі ад дажджу двор, намацваючы перад сабой шлях кіем: не хапала яшчэ спатыкнуцца на трох прыступках тэрасы. Папугай не варухнуўся. Ён быў так нізка, што доктар працягнуў яму кій, каб папугай сеў на срэбнай булдавешцы, як звычайна рабіў, але той упарціўся. Ён скокнуў на суседнюю галінку, трохі вышэй, але тое месца было нават лепш дасягальным, бо на галіну абапіралася лесвіца, якую прыставілі да прыходу пажарных. Доктар Урбіна прыкінуў вышыню на вока і падумаў, што варта падняцца на дзве прыступкі, і ён дацягнецца да папугая. Вось ён адолеў першую прыступку, напяваючы песню, каб адцягнуць увагу капрызлівай птушкі, якая паўтарала словы без мелодыі, але адыходзіла па галінцы бака­вы­мі крокамі. Доктар Урбіна ўзняўся на другую прыступку без цяжкасці, трымаючыся за лесвіцу рукамі, і папугай пачаў паўтараць усю песню цалкам, але не варушыўся. Гаспадар узняўся на трэцюю прыступку і адразу на чацвёртую, бо ён блага разлічыў вышыню галінкі. Тады, трымаючыся за лесвіцу левай рукой, паспрабаваў узяць папугая правай. Дыгна Парда, старая кухарка, ішла папярэдзіць, што доктар ужо спазняецца на пахаванне, убачыла чалавека на лесвіцы са спіны і не пазнала б Хувэналя Урбіна, калі б не знаёмыя эластычныя шлейкі ў зялёную палоску.

— А Божа ж мой! — закрычала яна. — Ён жа заб’ецца!

Доктар Урбіна схапіў папугая за глотку з пераможным уздыхам: «А во як!» Аднак тут жа адпусціў яго, бо лесвіца выслізнула з-пад ног, і ён на хвілю павіс у паветры, уцяміўшы, што памірае без прычасця, не маючы часу на каянне і развітанне з блізкімі, у чатыры гадзіны і сем хвілін у дзень святое нядзелі, на Сёмуху.

Фэрміна Даса каштавала на кухні суп для вячэры, калі пачула лямант Дыгны Парда, тупат хатняй прыслугі і тут жа — галасы суседзяў. Яна кінула лыжку і пабегла, як мага хутчэй, адчуваючы непазбежны цяжар сваіх гадоў, і раўла, нібыта ашалелая, не ведаючы яшчэ, што здарылася пад ценем мангавага дрэва, і сэрца абарвалася, калі ўбачыла мужа, які ляжаў тварам дагары ў непралазнай гразі, ужо амаль мёртвы. Ён яшчэ супраціўляўся апошняму ўдару смерці, каб жонка паспела прыбегчы, і пазнаў яе ў натоўпе скрозь слёзы гора, бо паміраў ён у ейнай адсутнасці. Доктар паглядзеў на яе ў навечна апошні раз, і ў ягоных вачах было столькі святла, суму і ўдзячнасці, колькі яна не бачыла ў іх за паўстагоддзя сужыцця, і ён паспеў шапнуць ёй апошнім сваім подыхам:

— Толькі Бог ведае, як я цябе кахаў!

Гэтая смерць засталася ў памяці люду, і небеспадстаўна. Толькі скончыўшы сваю спецыялізацыю ў Францыі, доктар Хувэналь Урбіна стаў вядомым у краіне тым, што своечасова спыніў апошнюю эпідэмію халеры, якая ўспыхнула ў правінцыі, спыніў новымі і рашучымі метадамі. Папярэдняя эпідэ­мія, якая надарылася, калі ён яшчэ быў у Еўропе, скасіла чвэрць гарадскога насельніцтва менш чым за тры месяцы, смерць забрала нават ягонага бацьку, таксама вельмі паважанага лекара. Карыстаючыся набытай павагай і тым, што ён удала ўклаў сямейныя сродкі, доктар заснаваў Медыцынскае таварыства, першае і адзінае ў прыбярэжных правінцыях на працягу многіх гадоў, і стаўся ягоным пажыццёвым старшынёй. Ён дамогся, каб збудавалі першы водаправод, першую каналізацыйную сістэму і крыты гарадскі рынак, што дазволіла палепшыць стан смуроднае бухты Прывідаў. Апрача таго, ён быў прэзідэнтам Моўнай і Гістарычнай акадэмій. Рымска-каталіцкі патрыярх Ерусаліма ўганараваў яго тытулам кавалера Ордэна Труны Гасподняй за ягоныя заслугі перад касцёлам, а ўрад Францыі надаў яму Ордэн Ганаровага Легіёна і прысвоіў ступень камандора. Ён быў душою ўсіх рэлігійных і грамадскіх таварыстваў, якія існавалі ў гора­дзе, і асабліва — Патрыятычнага аб’яднання, куды ўваходзілі ўплывовыя грамадзяне без пэўных палітычных інтарэсаў, якія рабілі ціск на ўрад і на мясцовых камерсантаў прагрэсіўнымі ініцыятывамі, вельмі смелымі для тых часоў. Сярод іх яшчэ сёння прыгадваюць спробу выкарыстаць для горада паветраны шар, які ў першым сваім урачыстым палёце павёз ліст у Сан-Хуан-дэ-ля-Сіенага, нашмат раней, чым людзі пачалі думаць пра рэальныя перавагі авіяпошты. Іншымі ініцыятывамі сталіся стварэнне Цэнтра мастацтваў, які пазней арганізаваў Школу мастацтваў у тым будынку, дзе яна існуе і сёння, і ладжанне штогадовых красавіцкіх паэтычных чытанняў.