Вось такім нявінным чынам Флярэнтына Арыса пачаў патаемнае жыццё самотнага паляўнічага. А сёмай раніцы ён ужо сядаў на лаўцы ў скверыку пад мігдалавым дрэвам і рабіў выгляд, нібыта чытае зборнік вершаў, пакуль не з’яўлялася непрыступная дзяўчына ў школьнай форме з сінімі палоскамі, у панчохах на гумачцы да каленяў, у строгіх чаравіках, зашнураваных крыж-накрыж, з цяжкою касой, звязанай сціплаю стужкай, — каса спадала па спіне да самае таліі. Ішла яна ганарліва, што выглядала зусім натуральна, з прыўзнятай галавой і нерухомым позіркам, вастраносая, са школьным партфелем, прыціснутым да грудзей скрыжаванымі рукамі, ішла хадою газелі, нібы не падначаленая сіле гравітацыі. Цётка ў бурай вопратцы з францішканскім паясным шнурком ледзь паспявала за ёю, і прысутнасць цёткі выключала магчымасць падысці да дзяўчыны. Флярэнтына Арыса назіраў, як яны ішлі і вярталіся чатыры разы на дзень ды яшчэ раз у нядзелю пасля імшы, і пакуль што яму было дастаткова толькі назіраць за дзяўчынай. Паступова ён стаў ідэалізаваць яе, прыпісваючы ёй неверагодныя дабрадзейнасці, уяўныя пачуцці, і праз два тыдні ўсе ягоныя думкі былі толькі пра яе. Ён вырашыў даслаць каханай просты допіс — адзін аркуш, запоўнены з абодвух бакоў каліграфічным пісарскім почыркам. Аднак некалькі дзён допіс заставаўся ў кішэні, бо ён абдумваў, як яго перадаць, а пакуль тое, дапісаў яшчэ колькі старонак перад сном, і такім чынам першапачатковы допіс ператварыўся ў слоўнік кампліментаў, на якія яго натхнялі кнігі, завучаныя на памяць, — гэтулькі разоў ён іх перачытаў, чакаючы яе ў скверыку.
Прыкідваючы, як перадаць ліст, Флярэнтына Арыса паспрабаваў пазнаёміцца з іншымі дзяўчатамі з яе школы, але яны былі надта далёкія ад яго свету. Апрача таго, пасля шпацыраў з імі яму здалося неразумным дзяліцца з кімсьці сваімі памкненнямі. Аднак ён дазнаўся, што праз некалькі дзён пасля прыезду Фэрміну Дасу запрасілі на суботні баль, але бацька забараніў ёй ісці даволі рэзка: «На ўсё свой час». Ліст ужо займаў шэсцьдзесят з нечым старонак, калі Флярэнтына Арыса больш не здолеў супраціўляцца ціску ўласнае таямніцы і без астачы адкрыўся маці, адзінаму чалавеку, з якім зрэдчас дазваляў сабе хоць якую шчырасць. Трансыта Арыса расхвалявалася да слёз ад наіўнасці сына ў любоўных справах і паспрабавала накіраваць яго святлом свайго ўласнага досведу. Перадусім яна пераканала сына не ўручаць каханай стоса лірычных паперак, бо так можна спудзіць дзяўчыну ягонае мары: тая магла быць такой жа недасведчанай у амурных справах, як і яе сын. Перш за ўсё, сказала Трансыта Арыса, трэба даць ёй зразумець, што ён цікавіцца ёю, тады прызнанне не заспее яе знянацку, у яе будзе час падумаць.
— Але галоўнае, — тлумачыла маці, — ты мусіш заваяваць спачатку не яе, а цётку.
Парады, безумоўна, былі мудрымі, але, на жаль, запозненымі, бо менавіта ў той дзень, калі Фэрміна Даса адарвалася ад чытання і ўзняла вочы, каб паглядзець, хто праходзіць пад скляпеннямі галерэі, Флярэнтына Арыса ўразіў яе сваёй аўрай безабароннасці. Увечары, падчас вячэры, бацька гаварыў пра тэлеграму, і такім чынам яна дазналася, навошта прыходзіў Флярэнтына Арыса ў дом і якая ў яго прафесія. Гэта падштурхнула яе цікавасць, бо для яе, як і для многіх людзей таго часу, вынаходніцтва тэлеграфа мела пэўную сувязь з магіяй. Так што яна пазнала яго, угледзеўшы ў скверыку, калі ён нібыта чытаў пад ценем мігдалавага дрэва, аднак і знаку не падала, пакуль цётка не заўважыла, што ён тырчыць на адным месцы ўжо не першы тыдзень. Пазней, калі яны ўбачылі яго і пасля нядзельнай імшы, цётка канчаткова пераканалася ў тым, што такія частыя сустрэчы не могуць быць выпадковымі. І сказала пляменніцы: «Не дзеля мяне ён гэтак выпінаецца». Нягледзячы на суворыя паводзіны і манаскую вопратку, цётка Эскалястыка Даса адчувала ў сабе лішку жыццёвае моцы і пакліканне да саўдзелу, што былі яе найлепшыя якасці. Адна думка пра тое, што мужчына праяўляе зацікаўленасць пляменніцай, выклікала ў яе буру пачуццяў. Аднак Фэрміна Даса была яшчэ далёкая нават ад простай цікаўнасці да праяў кахання, і Флярэнтына Арыса адно абудзіў пэўнае шкадаванне — ёй здавалася, што ён хворы. Але цётка патлумачыла, што трэба жыць і жыць, каб спасцігнуць сапраўдную сутнасць мужчыны, і што яна не сумняецца: ён прыходзіць у скверык, каб пабачыць яе, і дыягназ у яго адзін — каханне.