Выбрать главу

Цётка Эскалястыка была крыніцаю разуменне й пяшчоты для самотнай дзяўчыны, чые бацькі пражылі разам без любо­ві. Цётка гадавала дзяўчыну са дня смерці маці, а ў дачыненні да свайго брата Лярэнса паводзілася, хутчэй, як старэйшая сяброўка, чым сястра. Так што зяўленне Флярэнтына Арысы сталася для іх адной з тых патаемных забаў, якія яны прыдумлялі, каб аздобіць жыццё застылага ў часе дома. Чатыры разы ў дзень, прахо­дзячы ўздоўж Евангельскага скверыка, яны неўпрыкмет кі­да­лі позірк у бок бледнага і сціплага, каб не сказаць вартага жалю, вартаўніка кахання, які амаль заўжды быў у чорным строі, нягледзячы на спякоту, і засяроджана рабіў выгляд, што чытае. «Вунь ён», — гаварыла тая з іх, якая заўважала яго першай, і тады яны душыліся са смеху. А ён уздымаў вочы і бачыў дзвюх суворых асоб, далёкіх ад ягонага жыцця, — яны рушылі ўздоўж скверыка, нібы не заўважаючы яго.

— Ах ты, гаротнік, — сказала аднойчы цётка. — Ён не адважваецца падысці, бо з табою я, але прыйдзе дзень і, калі ў яго сур’ёзныя намеры, дык ён неяк перадасць табе ліст.

Цётка прадбачыла мажлівыя перашкоды і навучыла дзяў­чыну патаемнай сувязі на мове жэстаў — незаменнаму сродку для забароненага кахання. Нечаканую цётчыну гарэзлівасць, што межавала з дзяцінасцю, Фэрміна Даса ўспрымала цікаўна, усё было ёй у навіну, але яна ніколі не падумала б, што за колькі месяцаў гульня зойдзе так далёка. Яна і не заўважыла, як забава ператварылася ў жарсную патрэбу, кроў пенілася ад прагі яго ўбачыць, а аднойчы ўначы дзяўчына прачнулася пераляканая: ёй прымроілася, што ён стаіць у цемры каля ложка і разглядае яе. Тады яна ўсёй душой пажадала, каб цётчыны прагнозы спраўдзіліся, і ў сваіх малітвах прасіла Бога даць юнаку смеласці, каб ён перадаў ёй ліст, — толькі б дазнацца, што там напісана.

Аднак ейная просьба не была пачутая. Якраз наадварот. Гэтак супала, што Флярэнтына Арыса якраз адкрыўся маці, і яна ўгаворвала яго пакінуць пры сабе семдзесят старонак з прызнаннямі і кампліментамі. Карацей кажучы, Фэрміна Даса чакала да канца года. Само чаканне давяло яе да адчаю: набліжаліся снежаньскія вакацыі, і яна ўзрушана пыталася ў сябе, што рабіць, каб бачыць яго і каб ён яе бачыў на працягу трохмесячных школьных вакацый. Сумневы грызлі яе да самае ночы перад Раством, калі яна задрыжэла ад прадчування, што ён побач, у натоўпе вернікаў, якія сабраліся ў кафедральным саборы, і не зводзіць з яе вачэй, — вось тады трывожна ды няўрымсліва забілася сэрца. Яна не адважылася павярнуць голаў, бо сядзела паміж бацькам і цёткай, ёй давялося трымаць сябе ў руках, каб родныя не заўважылі, што з ёй адбываецца. Але ў натоўпе каля выхаду з храма яна адчула яго прысутнасць так блізка, што непераадольная сіла змусіла зірнуць цераз плячо, калі яны выходзілі з храма праз цэнтральны выхад, і тады ў дзвюх пядзях ад сябе пабачыла зледзянелыя вочы, бледны твар і скамянелыя ад жаху й кахання вусны. З перапуду за ўласную дзёрзкасць яна схапілася за руку цёткі Эскалястыкі, каб не ўпасці, а цётка ўлавіла, што рука пляменніцы схаладнела і праз карункавыя пульсэткі прыдала ёй смеласці ледзь прыкметным знакам саўдзелу. Сярод выбухаў петардаў і барабаннага дробату, сярод бляску каляровых ліхтарыкаў над кожнымі дзвярыма і гулу натоўпу людзей, што прагнулі міру, Флярэнтына Арыса бадзяўся да золку, бы самнамбула, і бачыў свята скрозь слёзы, агаломшаны шалёнай думкай пра тое, што менавіта ён, а не Бог, нарадзіўся той ноччу.

Шаленства разгарэлася яшчэ мацней на наступным тыдні падчас сіесты, калі без асаблівай надзеі ён падыходзіў да дома Фэрміны Дасы і ўгледзеў, што яна з цёткай сядзіць пад мігдалавым дрэвам каля ўвахода ў дом. Гэта быў паўтор над адкрытым небам карціны, якую ён бачыў аднойчы днём у пакоі для шытва: дзяўчына вучыла цётку чытаць. Але Фэрміна Даса без школьнае формы выглядала інакш: яна была ў ільняной сукенцы з мноствам складак, якія збягалі з плячэй і нагадвалі грэцкі хітон, а галоўку ўпрыгожваў вянок са свежых гардэній, які надаваў ёй выгляд каранаванай багіні. Флярэнтына Арыса сеў на сваёй заўсёднай лаўцы ў скверыку, у полі ейнага зроку, і на гэты раз не стаў удаваць, нібыта зачытаўся, а паклаў на калені раскрытую кніжку і глядзеў на дзяўчыну сваёй мары, якая не адказала яму ніводным літасцівым позіркам.