Напачатку ён вырашыў, што чытанне пад мігдалавым дрэвам — выпадковая змена, звязаная, верагодна, з бясконцым рамонтам дома, але ў наступныя дні ён зразумеў, што Фэрміна Даса збіралася сядзець тут штодня ў аднолькавы час на працягу ўсіх трох месяцаў школьных вакацый. У яго адкрылася другое дыханне. Ён не ўлавіў аніводнага позірку, не заўважыў ані мізэрнага знаку цікаўнасці альбо знявагі, аднак ейная абыякавасць свяцілася зусім інакш, нібыта падбадзёрваючы ягоную настойлівасць. І вось аднойчы ўдзень пры канцы студзеня цётка пакінула вязанне на крэсле і пляменніца засталася адна каля брамы, сярод зжаўцелага апалага лісця мігдалавага дрэва. Асмялеўшы ад шалёнай здагадкі, што цётка пайшла не проста так, Флярэнтына Арыса перайшоў вуліцу і стаў, рыхтык як слуп, перад Фэрмінай Дасай гэтак блізка, што адчуваў ейны подых і кветкавы водар, паводле якога пазнаваў яе, дзе б яна ні была, да самага скону. З паднятаю галавою ён загаварыў рашуча, як асмеліўся гаварыць зноўку аднойчы толькі праз паўстагоддзя.
— Я толькі прашу пра адно, — вымавіў ён, — прыміце ад мяне ліст.
Фэрміна Даса не чакала пачуць такі дакладны і ўпэўнены голас, ён ніяк не вязаўся з ягонымі млявымі манерамі. Яна, не адрываючы вачэй ад вышыўкі, адказала: «Я не магу прыняць яго без бацькавага дазволу». Флярэнтына Арыса задрыжэў, пачуўшы прыглушаны тэмбр ейнага цёплага голасу, які ўтрымае ў памяці на ўсё жыццё. Аднак ён захаваў рашучасць і тут жа сказаў ёй: «Тады папрасіце дазволу». Потым змяніў жорсткі тон на мальбу: «Гэта пытанне жыцця і смерці». Фэрміна Даса не зірнула на яго, не адклала вышыванне, але ягоная рашучасць прыадчыніла дзверы ейнае душы, якая магла ўвабраць увесь белы свет.
— Прыходзьце штодня, — завяршыла яна, — і дачакайцеся, пакуль я не перасяду на другое крэсла.
Флярэнтына Арыса не мог зразумець, што яна мела на ўвазе, да наступнага панядзелка, калі, седзячы на сваёй лаўцы, убачыў заўсёдную карціну, адно што ў іншым варыянце: цётка Эскалястыка ўвайшла ў дом, і тады Фэрміна Даса ўстала ды перасела на другое крэсла. Флярэнтына Арыса з белай камеліяй на штрыфелі сурдута перасёк вуліцу, стаў перад ёю і сказаў: «Гэта найвялікшы шанец майго жыцця». Фэрміна Даса, як і раней, не зірнула на яго, а агледзелася вакол, убачыўшы пустыя вуліцы пад сухой спякотай і віраванне мёртвай лістоты, устрывожанай ветрам.
— Давайце ліст, — сказала яна.
Флярэнтына Арыса думаў аднесці ёй усе семдзесят старонак, якія змог бы паўтарыць на памяць пасля столькіх перачытванняў, але ў апошні момант вырашыў напісаць няпоўную старонку ў стрыманым і ясным тоне, дзе абяцаў самае галоўнае: адданасць перад усялякім выпрабаваннем і вечнае каханне. Ён дастаў ліст з унутранае кішэні сурдута і працягнуў засмучанай вышывальніцы, якая не адважылася нават зірнуць на яго. Яна ўбачыла блакітны канверт, што дрыжэў у скамянелай ад страху руцэ, і ўзняла пяльцы, каб ён паклаў ліст: яшчэ не хапала, каб ён заўважыў, што і яе рукі дрыжаць. І тут здарылася вось што: на галінцы мігдалавага дрэва пырхнула птушка і нешта белае шмякнулася роўна на вышыўку. Фэрміна Даса хутка прыняла пяльцы, схаваўшы іх за крэслам, каб ён не заўважыў прыкрага здарэння, і ўпершыню ўзняла на яго вочы, што палалі ад сораму. Флярэнтына Арыса з лістом у руцэ вымавіў зусім спакойна: «Гэта добры знак». Яна падзякавала яму першай усмешкай, літаральна схапіла ліст, склала і сунула яго за ліф. Ён працягнуў ёй камелію, якая ўпрыгожвала штрыфель. Яна не прыняла яе: «Камелія — кветка заручынаў». Тут жа спахапілася, бо ў яе не было ўжо часу, і зноў замкнулася ў сваёй стрыманасці.
— А цяпер ідзіце, — сказала яна яму, — і не падыходзце, пакуль я не паведамлю.
На пачатку ўсёй гэтай гісторыі маці здагадалася пра пачуцці сына яшчэ да таго, як ён адкрыўся, бо ён зусім не размаўляў і страціў апетыт, не спаў начамі, бясконца варочаўся ў ложку. Але калі пацягнуліся дні чакання адказу на першы ліст, пакутлівае ўзрушэнне ўскладнілася жудаснымі паносамі і зялёнымі ванітамі, ён страціў арыентацыю ў прасторы, ён раптоўна губляў прытомнасць, і маці страшэнна спалохалася: ягоны стан не быў падобны на пакуты ад кахання, гэта былі, безумоўна, сімптомы халеры. Флярэнтынаў хросны, стары гамеапат, якому Трансыта Арыса давярала ўсё з часоў яе патаемнага кахання, таксама ўстрывожыўся станам хворага, як толькі паглядзеў яго, бо пульс быў слабы, дыханне няроўнае, хлопец збялеў з твару і пацеў, як перад сконам. Аднак агляд паказаў, што жару, як і болю, не было, адно што канкрэтна ён адчуваў — гэта жаданне хуткае смерці. Гамеапат кемліва распытаў спачатку яго, а потым маці, каб яшчэ раз упэўніцца ў тым, што сімптомы кахання нічым не адрозніваюцца ад сімптомаў халеры. Ён прапісаў хвораму адвар ліпавага цвету, каб суняць нервы, і падказаў, што вельмі карыснай была б змена асяроддзя, каб знайсці суцяшэнне на адлегласці. Аднак Флярэнтына Арыса жадаў зусім іншага — смакавання пакутаў.