Выбрать главу

У пакоі стаяла вялізная фотакамера на маленькіх колах, такая, як у парках; насупраць вісеў заднік з намаляваным самаробнымі фарбамі захадам сонца над морам. Сцены ж былі ўвешаныя дзіцячымі партрэтамі: першая камунія, першы карнавал, шчаслівы дзень нараджэння. Доктар Урбіна год за годам назіраў, як паступова пад фотапаперай знікалі сцены, меркаваў аб гэтым падчас засяроджаных вечаровых роздумаў і не раз думаў з адчаем прадчування, што ў гэтай галерэі выпадковых партрэтаў крыецца зародак будучага гора­да, якім будуць кіраваць, давядуць яго да распусты гэтыя незнаёмыя дзеці, і ў якім не застанецца і попелу ад ягонай, доктара Урбіна, славы.

На пісьмовым стале, каля шклянкі з курыльнымі люлькамі старога марскога ваўка, засталася шахматная дошка з незавершанай партыяй. Нягледзячы на спешку й змрочны настрой, доктар Урбіна не ўтрымаўся ад спакусы прааналізаваць партыю. Ён дакладна ведаў, што гэта была партыя мінулага вечара, бо Ерэмія дэ Сэнт-Амур гуляў штовечар і як мінімум з трыма рознымі партнёрамі, але заўжды, завяршаючы гульню, клаў фігуркі ў скрыню, а скрыню — у шуфлядку стала. Ведаў ён і тое, што нябожчык гуляў толькі белымі, і ў гэтай партыі, увачавідкі, яго чакала немінучая параза праз чатыры хады. «Калі б размова ішла пра забойства, вось дзе была б зачэпка, — сказаў ён сабе. — Толькі адзін чалавек у гора­дзе здолеў бы падвесці да такой геніяльнай пасткі». Для доктара Урбіна жыццё сталася б невыносным, калі б пазней ён не дазнаўся, чаму непакорлівы салдат, які звычайна змагаўся да апошняй кроплі крыві, пакінуў поле апошняй у жыцці бітвы дачасна.

А шостай ранку, падчас канчатковага абходу, вулічны вартаўнік заўважыў паперу, прыколатую да ўваходных дзвярэй: «Зайдзіце без стуку ды выклічце паліцыю». Неўзабаве з’явіўся камісар з практыкантам, і яны разам абыходзілі дом у пошуках абвяржэння недвухсэнсоўнага паху горкіх мігдалаў, але дарэмна. Аднак цяпер, за лічаныя хвіліны, што спатрэбіліся доктару для разбору незавершанай партыі, камісар знайшоў сярод папер на пісьмовым стале канверт, адрасаваны доктару Хувэналю Урбіна ды так запячатаны плямінамі сургуча, што давялося літаральна раздзерці яго, каб дастаць ліст. Доктар адвёў чорную фіранку з акна майстэрні, — інакш было цёмна, — потым шпарка прагледзеў усе адзінаццаць старонак, якія ўцякач напісаў з двух бакоў разборлівым почыркам, і як толькі прачытаў першы абзац, зразумеў, што давядзецца забыць пра прычасце на стольным свяце Сёмухі. Ён чытаў у вялікім хваляванні, вяртаючыся на некалькі старонак, каб знайсці страчаную нітку сэнсу, і калі завершыў чытанне, яму здавалася, што ён толькі што вярнуўся здалёк, праз перашкоды часу і прасторы. Прыгнечанасць была відавочнай, хоць ён старанна яе хаваў: на ягоныя вусны легла смяротная сінеча, ён не здолеў суняць дрыготку ў пальцах, калі складваў ліст і засоўваў яго ў кішэню камізэлькі. Тут ён узгадаў пра камісара з практыкантам і ўсміхнуўся ім праз туман смутку.

— Нічога асаблівага, — уздыхнуў ён, — тут апошнія даручэнні.

Гэта было праўдай толькі напалову, але яны паверылі яму, бо ён загадаў узняць адну з плітак падлогі, пад якой яны знайшлі старадаўні блакнот з запісамі прыбыткаў-выдаткаў і кодам сейфа. Там было менш грошай, чым яны чакалі, але цалкам хапала на хаўтурныя і іншыя выдаткі. Доктар Урбіна нарэшце ўцяміў, што не паспее ў кафедральны сабор нават да канца заключнага псалма.

— У трэці раз я прапускаю нядзельную імшу з тае пары, як помню сябе, — уздыхнуў ён. — Даруй мне Божа.

Ён затрымаўся яшчэ на колькі хвілін, распарадзіўся пра ўсё да драбязы, хоць ледзь стрымліваў жаданне як мага хутчэй падзяліцца з жонкай адкрыццямі ашаламляльнага ліста. Ён узяўся перадаць вестку пра смерць Ерэміі дэ Сэнт-Амура шматлікім карыбскім уцекачам, што жылі ў горадзе, бо яны, верагодна, захочуць развітацца з найбольш шаноўным, актыўным і непакорлівым з іх, хоць было відавочна, што з гадамі яго апанавала расчараванне. Акрамя таго, доктар Урбіна паведаміць сумную навіну прыяцелям па гульні ў шахматы, сярод якіх былі і вядомыя гораду людзі, і невядомыя рамеснікі; ён распавядзе пра сумнае здарэнне нават тым, хто зрэдчас заходзіў на партыю-другую, яны, магчыма, захочуць прыйсці на пахаванне. Яшчэ не прачытаўшы ліст, ён думаў, што быў самым лепшым сябрам нябожчыка, але пасля чытання страціў усялякую ўпэўненасць. Так ці іначай, ён прышле найлепшы вянок з гардэній, — хто ведае, а мо Ерэмія дэ Сэнт-Амур адчуў перад смерцю хоць хвіліннае каянне. Пахаванне прызначылі на пятую ўвечары — найлепшы час у спякотны сезон года. Калі будзе патрэба, доктара можна будзе знайсці апоўдні або пазней у загараднай сядзібе доктара Лясыдэса Алівэллі, яго ўлюбёнага вучня, які ў той жа дзень адзначаў срэбнае вяселле з медыцынскай прафесіяй урачыстым абедам.