Выбрать главу

Распарадак дня доктара Хувэналя Урбіна, які ён вызначыў раз і назаўсёды з тае пары, як засталіся ззаду гады першых баявых хрышчэнняў, і ён дасягнуў найвышэйшай пашаны ў правінцыі, быў надзвычай простым. Уздымаўся ён з першымі пеўнямі і адразу прымаў свае патаемныя лекі: броміс­ты калій для падняцця гумору, саліцылавы натар ад ламаты перад дажджом, колькі кропель выціску прарослага жыта ад кружэння галавы, беладонну для спакойнага сну. Лекі ён прымаў штогадзіны, заўжды ўпотайкі, бо цягам усёй сваёй лекарскай ды выкладчыцкай практыкі і ўслых выказваўся суп­роць прызначэння паліятыўных сродкаў ад старасці: чужы боль ён перажываў лягчэй, чым свой. У кішэні ў яго заўсёды была падушачка з камфарай, і, калі ніхто не бачыў, ён глыбока ўдыхаў яе пары, — гэта нібыта здымала страх, які ўнушала блытаніна з лекамі, што ён прымаў.

Гадзіну доктар бавіў у сваім кабінеце, рыхтуючы лекцыю па агульнай клініцы: ён выкладаў у Школе медыцыны ад восьмай ранку кожны дзень ад панядзелка да суботы да самага пярэдадня сваёй смерці. Ён таксама з ахвотай знаёміўся з новымі літаратурнымі творамі, якія дасылаў яму па пошце парыжскі бібліятэкар або замаўляў для яго ў Барселоне гаспадар мясцовай кнігарні, хоць за іспанамоўнай літаратурай не сачыў гэтак, як за французскай. Аднак ён ніколі не чытаў уранні — толькі гадзінку пасля сіесты[2], і ўначы, перад сном. Падрыхтаваўшыся да заняткаў, ён рабіў у ванным пакоі пятнаццаціхвілінную дыхальную зарадку перад адчыненым акном, — ён дыхаў толькі ў той бок, адкуль чуваць было спеў пеўняў; з таго боку ішло свежае паветра. Потым ён прымаў ванну, падпраўляў бародку, напамаджваў вусы, ахутаны сапраўдным адэкалонам ад Фарыны Гегенюбэр, надзяваў белую ільняную тройку, мяккі капялюш і саф’янавыя чаравікі. Ён размяняў восемдзесят другі год, захаваўшы зграбныя манеры і вясёлы нораў, з якімі колісь вярнуўся з Парыжа пасля страшэннай эпідэміі халеры, і валасы, якія ён старанна зачэсваў на просты прабор, заставаліся дакладна такімі, як у маладосці, хіба што набылі лёгкае металёвае адценне. Снедаў ён у сямейным атачэнні, але прытрымліваўся адметнай дыеты: адвар з кветак палыну, карысны для страўніка, і галоўка часныку, каб не было спазмаў сэрца, — ён чысціў кожны зубчык і жаваў яго старанна з лустаю хлеба. Пасля лекцыі доктар рэдка не быў заняты ажыццяўленнем якой-небудзь ініцыятывы агульнагарадскога маштабу, касцельным мерапрыемствам або якой іншай мастацкай ці сацыяльнай прыдумкай.

Абедаў ён амаль заўжды дома, пасля праводзіў сіесту хвілін на дзесяць, седзячы на тэрасе, што выходзіла ва ўнутраны дворык. Скрозь сон ён чуў спевы прыслужніц у ценю мангавых дрэў, воклічы вулічных гандляроў, шыпенне алею і трэск матораў з бухты, смурод з якой лунаў у доме ў гадзіны дзённай спякоты, бы анёл, асуджаны на гніенне. Пасля ён з гадзіну чытаў новыя кніжкі, перадусім раманы і гістарычныя доследы, вучыў французскай мове і песням хатняга папугая, які здаўна стаў мясцовай славутасцю. А чацвёртай выпіваў вялікі збан ліманаду з ільдом і выходзіў на візіты да хворых. Нягледзячы на паважны век, ён адмаўляўся прымаць пацыентаў у хатнім кабінеце і працягваў наведваць іх сам: горад усё ж заставаўся такім утульным, што можна было куды заўгодна зайсці пехатою.

Вярнуўшыся першы раз з Еўропы, ён стаў ездзіць у фамільным ландо з парай светла-гнядых коней, але ландо з гадамі стала непрыгодным, і ён замяніў яго на аднаконную пралётку, карыстаўся ёю ўвесь час, не зважаючы на моду, нават калі экіпажы пачалі знікаць з ужытку, а на тых, што засталіся, каталі турыстаў або вазілі развітальныя вянкі на пахаваннях.

Хаця ён адмаўляўся сыходзіць на адпачынак, ён разумеў, што яго выклікаюць толькі да безнадзейных пацыентаў, і лі­чыў гэта пэўнай формай спецыялізацыі. Ён мог вызначыць з першага погляду, што з хворым, і ўсё меней давяраў патэнтаваным лекам, а распаўсюджанне хірургіі непакоіла яго. «Скальпель — слушны доказ паразы медыцыны», — казаў ён. Доктар уважаў, што, па вялікім рахунку, любыя лекі ёсць атрутай, а семдзесят адсоткаў з паўсядзённых прадуктаў харчавання набліжаюць смерць. «Наогул, — казаў ён студэнтам, — тое нямногае, што вядома медыцыне, ведаюць толькі лічаныя лекары». Ад свайго маладога энтузіязму ён перайшоў да пазіцыі, якую сам вызначыў як фаталістычны гуманізм: «Кожны чалавек — гаспадар сваёй смерці, і калі надыхо­дзіць час, мы здольныя толькі дапамагчы памерці без страху і болю». Але, не зважаючы на гэтыя скрайнасці, якія сталіся часткай мясцовага медыцынскага фальклору, ягоныя былыя студэнты, ужо дактары са стажам, працягвалі кансультавацца з Хувэналем Урбіна, бо прызнавалі за ім тое, што завецца «вокам клініцыста». Як бы тое ні было, ён заўсёды быў лекарам дарагім і элітарным, ягоная кліентура жыла ў радавых сядзібах квартала Віцэ-каралёў.