Дзень быў так скрупулёзна распісаны, што ў тэрміновым выпадку жонка магла накіраваць яму цыдулку менавіта ў той дом, дзе ён у гэты час знаходзіўся з візітам. У маладосці, бывала, затрымліваўся ў прыходскай кавярні пасля абыходу пацыентаў і там удасканальваў шахматнае майстэрства з цесцевымі знаёмцамі ды карыбскімі ўцекачамі. Але на пачатку новага стагоддзя ён кінуў хадзіць у кавярню і паспрабаваў арганізаваць нацыянальныя турніры пад эгідай мясцовага клуба. Якраз тады з’явіўся Ерэмія дэ Сэнт-Амур, ужо са змярцвелымі каленямі, але яшчэ без рамяства дзіцячага фатографа, і праз тры месяцы яго ведалі нават тыя, хто ледзь навучыўся рушыць слана па дошцы, бо ніхто не здолеў выйграць у яго ніводнай партыі. Для доктара Хувэналя Урбіна сустрэча тая была нібыта цуд, шахматы сталі яго неўтаймаванай жарсцю, і амаль не было спаборнікаў, якія б спатолілі яе.
Дзякуючы яму Ерэмія дэ Сэнт-Амур стаў тым, кім быў сярод нас. Доктар Урбіна апекаваўся ім без якойсьці ўмовы, зрабіўся ягоным асабістым і бясспрэчным крэдыторам, нават не паспрабаваўшы дазнацца, што гэта за чалавек, чым займаўся раней, якія зняслаўленыя войны прывялі яго да інваліднасці і выгнання. Нарэшце доктар пазычыў яму грошай на абсталяванне майстэрні, і з тае пары, як Ерэмія дэ Сэнт-Амур зрабіў першы здымак спуджанага ад успышкі магнія немаўляці, ён вяртаў пазыку з дакладнасцю пазументніка, усё да апошняга шэлега.
А ўсё шахматы. Спачатку гулялі а сёмай пасля вячэры, са справядлівымі саступкамі для доктара, бо перавага ўцекача была відавочнай, але з кожным днём саступкі рабіліся ўсё меншымі, пакуль яны не пачалі гуляць нароўні. Пазней, калі дон Галілеа Даконтэ заснаваў першы ў горадзе кінематограф пад адкрытым небам, Ерэмія стаў найвярнейшым з яго кліентаў, і шахматныя партыі гуляліся толькі тады, калі не было кінапрэм’еры. Уцякач так пасябраваў з доктарам, што апошні хадзіў з ім у кіно, але заўжды без жонкі, бо, з аднаго боку, ёй бракавала цярплівасці адсочваць нітку складанага сюжэта, а з другога, Урбіна нібы падсвядома адчуваў, што Ерэмія дэ Сэнт-Амур нікому б не мог скласці належнай кампаніі.
У нядзелю распарадак доктара быў іншым. Ён хадзіў на абедню ў кафедральны сабор, пасля вяртаўся дадому, адпачываў і чытаў на тэрасе. У дзень адпачынку ён вельмі рэдка выходзіў на візіт, хіба што ў тэрміновых выпадках, і шмат гадоў запар ён не браўся ні за якія грамадскія справы, калі яны не былі сапраўды абавязковымі. У той дзень Сёмухі па неверагодным супадзенні сышліся два надзвычай рэдкія здарэнні: смерць сябра і срэбны юбілей славутага вучня. Тым не менш, замест таго, каб тэрмінова вярнуцца дадому, як ён разлічваў, пасля засведчання смерці Ерэміі дэ Сэнт-Амура, доктар раптам вырашыў спатоліць неадольную цікаўнасць.
Сеўшы ў пралётку, ён яшчэ раз прабег вачыма перадсмяротны ліст і загадаў возніку везці яго да пэўнага дома ў былым квартале рабоў па даволі блытаным маршруце. Гэткае рашэнне настолькі не вязалася з ягонымі звычкамі, што вознік адважыўся перапытаць, ці так ён зразумеў. Памылкі не было, адрас быў паўтораны, а ў тым, што запісана дакладна, сумневы адпалі адразу. Па дарозе доктар Урбіна перачытаў ліст ад першай старонкі, наноў паглыбіўшыся ў крыніцу непрыемных адкрыццяў, якія маглі б перакуліць ягонае жыццё, нават нягледзячы на ўзрост, калі б ён здолеў пераканацца, што ліст — не трызненне вар’ята.
Нябёсы пачалі губляць гумор яшчэ ўранні, было хмарна і халаднавата, але дажджу да абеду не чакалася. Спрабуючы знайсці найкарацейшы шлях, вознік паглыбіўся ў брукаваны лабірынт каланіяльнага горада, і яму часам прыходзілася спыняць каня, каб яго не спудзілі гарэзлівыя школьнікі і паства, што вярталася з імшы. На вуліцах, упрыгожаных папяровымі гірляндамі ды кветкамі, гучала музыка, дзяўчаты з муслінавымі фальбонкамі на сукенках і рознакаляровымі парасонамі сачылі за святочным шэсцем з балконаў. На Кафедральным пляцы, дзе сярод афрыканскіх пальмаў і шароў новых ліхтароў ледзь праглядваўся помнік Вызваліцелю[3], надарыўся аўтамабільны затор, натоўп выходзіў з храма, і ў рэспектабельнай і шумнай прыходскай кавярні не было ніводнага вольнага месца. Адзіным конным экіпажам у заторы быў той, што належаў доктару Урбіна, і ён адрозніваўся ад тых нямногіх, што засталіся ў горадзе, бляскам лакаванага верху, бронзавай акоўкай, каб не зжэр яе салёны вецер, чырвона-залатымі вензелямі на колах і аглоблях, акурат як у венскіх карэтах для ўрачыстага наведвання оперы. Апрача таго, самыя манерныя сямействы здавольваліся тым, што іхныя вознікі апраналі чыстую кашулю, а доктар па-ранейшаму патрабаваў ад свайго, каб той з’яўляўся толькі ў старой аксамітнай ліўрэі і ў цыліндры цыркавога ўтаймавальніка, а гэта было не толькі анахранізмам, але, зважаючы на карыбскую спякоту, і адсутнасцю міласэрнасці.