Напярэдадні ўвечары яны схадзілі ў кіно паасобку, з квіткамі ў розных месцах, як хадзілі не менш, чым двойчы на месяц з тае пары, як італьянскі імігрант дон Галілеа Даконтэ адчыніў свой салон пад адкрытым небам на руінах кляштара XVII стагоддзя. Глядзелі яны экранізацыю папулярнай летась кніжкі, якую доктар Урбіна чытаў з адчаем у сэрцы і ўсведамленнем варварства вайны, — «На Заходнім фронце без зменаў». Затым яны сустрэліся ў майстэрні, ён здаваўся сумным і разгубленым, але яна падумала, што на яго паўплывалі жудасныя сцэны, дзе параненыя салдаты паміралі ў дрыгве. Яна паспрабавала развеяць сум, запрасіла згуляць партыю ў шахматы, і ён пагадзіўся дзеля яе, але гуляў няўважліва, белымі, вядома ж, здагадаўся раней за яе, што праз чатыры хады ягоная параза немінучая, і бясслаўна здаўся. Доктар Урбіна ўцяміў, што спаборнікам апошняй партыі была яна, а не генерал Хероніма Арготэ, як ён меркаваў раней. Ён зачаравана шапнуў:
— Вы згулялі цудоўна!
Яна настаяла на тым, што тое была не яе заслуга, проста Ерэмія дэ Сэнт-Амур ужо блукаў у тумане смерці і рушыў фігуркі без імпэту. Калі ён перарваў партыю, прыблізна ў чвэрць на дванаццатую, бо было чуваць, што скончыліся музыка і танцы, ён папрасіў, каб яна пакінула яго аднаго, бо хацеў напісаць ліст доктару Хувэналю Урбіна, якога лічыў найбольш паважаным чалавекам з усіх, каго ведаў, і, апрача таго, задушэўным сябрам, як ён любіў казаць, нягледзячы на тое, што збліжала іх адно адданасць шахматнай гульні, якую яны ўспрымалі як дыялог розуму, а не як навуку. Тады яна і даведалася, што Ерэмія дэ Сэнт-Амур добраахвотна патанаў у агоніі, і яму заставалася часу не больш, чым на напісанне ліста. Доктар Урбіна не мог ёй паверыць:
— Дык вы ўсё ведалі! — усклікнуў ён.
— Не толькі ведала, — пацвердзіла яна, — але і дапамагла перанесці агонію з тым жа каханнем, з якім дапамагала адкрываць шчасце. Бо такімі былі яго апошнія адзінаццаць месяцаў: жорсткай агоніяй.
— Ваш абавязак быў паведаміць, — сказаў доктар.
— Я б не здолела, — адказала яна абурана, — я надта кахала яго.
Доктар Урбіна, які лічыў, што ўжо чуў што заўгодна на свеце, не прыгадваў нічога падобнага, да таго ж, сказанага з такой шчырасцю. Ён паглядзеў на яе, усмоктваючы вобраз усімі пачуццямі, каб прыгадаць яе менавіта такой, якой яна была ў той момант: яна здавалася яму ідалам на беразе ракі, без ценю страху, у чорнай вопратцы, са змяінымі вачыма і ружай за вухам. Даўно, калі яны абое ляжалі аголеныя пасля кахання на бязлюдным гаіцянскім пляжы, Ерэмія дэ Сэнт-Амур раптам уздыхнуў: «Ніколі не буду старым». У гэтых словах яна ўгледзела смелы намер бязлітасна змагацца са шкодай, якую прыносіць час, але ён удакладніў: у ім выспела непахісная рашучасць скончыць жыццё самагубствам у шэсцьдзесят гадоў.
I сапраўды, сёлета 23 студзеня ён дажыў да шасцідзесяці, вось тады ён прызначыў сабе апошні тэрмін — прысвятак Сёмухі, бо на яе прыпадаў фэст горада, чыім заступнікам уважаўся Святы Дух. Тады ўначы ў паводзінах любага чалавека не было аніводнае драбязы, якой бы яна не ведала загадзя, бо ж яны часцяком размаўлялі пра гэта, пакутавалі разам у няўрымслівай плыні дзён, якой ні ён, ні яна ўжо не маглі спыніць. Ерэмія дэ Сэнт-Амур любіў жыццё аддана і прагна, ён любіў мора і каханне, яе і свайго сабаку, і з набліжэннем прызначанага дня ён згасаў ад адчаю, нібыта смерць ішла да яго не па ягонай волі, а як непазбежнасць лёсу.
— Сыходзячы ўчора ўначы, я ведала, што ён ужо не на гэтым свеце, — уздыхнула яна.
Жанчына хацела забраць сабаку, але ён паглядзеў на жывёліну, што драмала каля ягоных мыліцаў, пагладзіў яе, ледзь крануўшы пальцамі, і сказаў: «Шкада, але містэр Вудра Уілсан[5] пойдзе са мною». Ерэмія папрасіў прывязаць сабаку да ложка, а сам узяўся за ліст, і жанчына зрабіла несапраўдны вузел, каб сабака мог вызваліцца. Гэта была яе адзіная праява нявернасці, якую яна апраўдвала тым, што хацела прыгадваць Ерэмію, гледзячы ў халодныя вочы ягонага сабакі. Доктар Урбіна перапыніў яе аповед і сказаў, што сабака не вызваліўся. Яна адказала: «Значыць, не захацеў». І ўзрадавалася, бо давядзецца прыгадваць каханага так, як ён прасіў мінулай ноччу, калі адарваўся ад пачатага ліста і паглядзеў на яе ў апошні раз.