На другім беразе бухты, у арыстакратычным квартале Ля-Манга, дом доктара Хувэналя Урбіна жыў нібы ў іншым часе. Ён быў вялікі і халодны, аздоблены порцікам і дарычнымі калонамі на знешняй тэрасе, адкуль відны былі міязматычныя воды бухты з рэшткамі разбітых караблёў. Падлогу склалі з белых і чорных плітаў у шахматным парадку ад уваходных дзвярэй да кухні, і гэта часта лічылі праявай асноўнай жарсці доктара Урбіна, бо людзі ўжо не помнілі пра такую самую слабасць каталонскіх архітэктараў, якія збудавалі гэты квартал нуварышаў на пачатку стагоддзя. Гасцёўня была прасторнай, з высокай, як і ва ўсім доме, столлю, мела шэсць вялікіх вокнаў, што выходзілі на вуліцу, і аддзялялася ад ядальні шклянымі дзвярыма з віньеткамі, якія адлюстроўвалі лазу з гронкамі вінаграду і дзяўчат, спакушаных жалейкамі фаўнаў у бронзавых гушчарах. Мэбля тут, як і гадзіннік з боем, нібыта вартаўнік з няўрымслівым сэрцам, уся была ангельская, канца XIX стагоддзя, а слёзкі на люстрах — з горнага крышталю; паўсюль упрыгожвалі залу падлогавыя і настольныя сеўраўскія вазы, алябастравыя статуэткі і карціны з паганскімі ідыліямі. Аднак у астатніх пакоях еўрапейскі дух знікаў, плеценыя крэслы суседнічалі з венскімі качалкамі і скуранымі зэдлікамі работы мясцовых рамеснікаў. У спальнях, акрамя ложкаў, былі выдатныя гамакі з Сан-Хасынта, з вышытым шаўковымі ніткамі і гатычным шрыфтам імем гаспадара. Меншая зала каля ядальні, якая першапачаткова задумвалася пад урачыстыя прыёмы, служыла музычным салонам, дзе прыезджыя слынныя выканаўцы давалі канцэрты для вузкага кола асоб. Таму там мазаічная падлога хавалася пад турэцкімі дыванамі: іх набылі на сусветнай выставе ў Парыжы, каб дасягнуць большай цішыні; тут жа, каля паліцы з раскладзенымі кружэлкамі, знаходзіўся артафон апошняй мадэлі, а ў кутку, пад манільскім покрывам, стаяла піяніна, на якім доктар Урбіна ўжо шмат гадоў не граў. У доме адчуваўся мудры дагляд жанчыны, якая цвёрда стаяла на зямлі.
Аднак не было ў доме ніводнага месца, такога да апошняй дробязі ўрачыстага, як бібліятэка, храм доктара Урбіна да глыбокай старасці. Бацькоўскі арэхавы пісьмовы стол і мяккія, як пярына, скураныя крэслы стаялі сярод шкляных паліц: ён загадаў заставіць імі сцены і нават вокны. На паліцах, у маніякальна ідэальным парадку месціліся тры тысячы кніжак у аднолькавым пераплёце з цялячай скуры, якія мелі залатую манаграму на карэньчыках. Астатнія пакоі пакутавалі ад шуму і дурных пахаў з порту, бібліятэка ж хавала цішу і застойны дух абацтва. Доктар Урбіна з жонкай напачатку пачуваліся няўтульна ў замкнёнай прасторы, бо нарадзіліся і выраслі пад уплывам карыбскага забабону, які патрабаваў трымаць адчыненымі дзверы і вокны, каб пускаць у дом прахалоду, хоць яе насамрэч не было. Але з часам іх упэўнілі перавагі рымскага метаду абароны ад спякоты, згодна з якім удзень дом заставаўся зачыненым і пры жнівеньскай спякоце, каб у пакоі не лезла з вуліцы гарачае паветра, а ўначы вокны і дзверы расчыняліся насцеж. З тае пары іх дом быў самым прахалодным пад палючым сонцам Ля-Мангі, і шчасцем было бавіць сіесту ў паўзмроку спальні, а ўвечары — сядзець у порціку, назіраючы за нью-арлеанскімі грузавымі караблямі попельнага колеру і за калёснымі рачнымі параплавамі з ілюмінацыяй, якія свежымі ручайкамі музыкі ачышчалі бухту ад застойнага смуроду. Дом таксама лічыўся самым абароненым са снежня і да сакавіка ад паўночных пасатаў. Яны зрывалі дахі і ўсю ноч, быццам галодныя ваўкі, круціліся вакол кожнага будынка, шукаючы хоць дробненькую шчыліну, каб улезці ў пакоі. Нікому не прыходзіла да галавы, што для сямейнай пары, якая збудавала жыццё на такім грунтоўным фундаменце, магло існаваць штосьці, здольнае азмрочыць шчасце.
Але, ва ўсялякім выпадку, тым ранкам доктар Урбіна шчаслівым сябе не адчуваў. Да дзясятай ён вярнуўся дадому ў дрэнным настроі пасля двух візітаў, з-за якіх не толькі прапусціў Сёмушную імшу, але над ім яшчэ навісла пагроза жыццёвых зменаў у тым веку, калі ўсё здавалася ўжо перажытым. Ён хацеў правесці сабачую, гэта значыць, няўчасную сіесту да ўрачыстага абеду ў доме доктара Лясыдэса Алівэллі, але прыслуга страшэнна мітусілася: усе спрабавалі злавіць папугая, які зляцеў, калі яго даставалі з клеткі, каб падрэзаць крылы, і цяпер сядзеў на самай высокай галіне мангавага дрэва. Папугай той быў паабскубаным вар’ятам: ён не размаўляў, калі яго прасілі, затое даваў волю языку ў самых нечаканых сітуацыях, прычым з такім чыстым вымаўленнем і здаровым сэнсам, на якія здольны не кожны чалавек. Яго выдрэсіраваў сам доктар Урбіна, і гэта надало папугаю такія прывілеі, якіх не меў ніхто ў сям’і, нават дзеці, калі былі малымі.