У катары схаваліся ад магчымых лішніх вачэй пад брызентавым навесам.
«А цяпер галоўнае, Дзікун. З многімі з Супраціву, а пасля з Падполля, я б не тое што за адну барную стойку не прысеў бы. Я б пад адным пастом лайк не паставіў бы. Тады... калі быў інтэрнэт».
5
На пачатку Альгердыч раскрыў Дзікуну імя выведніцы Зулі. Навошта? Расповед пачаўся здалёк.
«Перспектывы гарызантальнага ўзаемадзеяння грамадскіх ініцыятыў у дзяржаўным інфармацыйным полі» — такой была тэма канферэнцыі, якая ладзілася на базе адпачынку ў лясах пад Менскам. Грант на арганізацыю сустрэчы выдзеліў Еўрапейскі фонд глабальнага пацяплення ўзаемаадносін унутры сацыяльных кластараў. Ішоў трэці — заключны — дзень канферэнцыі. Удзельнікаў было крыху больш за дзвесце. Многія ўжо не маглі піць. І есці. Гэта была цудоўная маскіравальная дэкарацыя для таемнай нарады лідараў суполак, якія аб'ядналіся для Супраціву. Дакладней, спрабавалі аб'яднацца.
База была пераробленая з былога дзіцячага летніка. Сярод сасновага лесу былі раскіданыя аднапавярховыя дамкі. Дзе для жытла, а дзе для ўласна адпачынку: більярдныя, тэнісныя, картачныя, кальянныя ды алкагольныя, а часцей тэматычна змяшаныя памяшканні. У адным з такіх дамкоў мусіла пачацца нарада.
— У дзюціках цэны на віскар узняліся, няма сэнсу там затарвацца.
— А я з Камбоджы вярнулася, больш ні нагой, толькі ў Тайланд!
— На Зыбіцкай зусім падурэлі: вустрыцы па дзесяць рублёў за штуку прапаноўваюць.
У більярднай пры кальяне апроч Альгердыча былі Альжбета Сандрыгайла з арганізацыі «Еўрапейскі напрамак» і Раман Пашкавец з «Традыцыі назаўжды». Чакалі яшчэ пяцёх чалавек, а пакуль павольна перакідваліся фразамі. Ад дзюцікаў і адпачынкаў паступова падышлі да старой тэмы дэмакратыі пасля перамогі: як мусіць выглядаць новы грамадскі лад.
— Зразумела, што без фінансавай падтрымкі з Усходу цяперашняй уладзе капец. А падтрымка скончыцца, бо Усход прайграе ў вайне. Значыць, у выніку ўсе гульцы палітычнага поля ў Менску атрымаюць роўныя стартавыя ўмовы ў абнуленай сітуацыі, — кінуў для затраўкі Альгердыч.
— Наша партыя пераможа на любых вольных выбарах, — секануў з-за пляча Раман Пашкавец. — Духоўныя каштоўнасці продкаў, традыцыі здаровых паводзінаў, усяго гэтага бракуе людзям. Таму за намі цягнецца просты народ!
— Ды вы на дазволеную акцыю не можаце і дваццаці чалавек сабраць, — фыркнула Альжбета. — Таму вас і не рэгіструюць.
— Гэта пакуль! Людзі не хочуць напружвацца дзеля дробных імпрэзаў, але як будуць вольныя выбары, то прагаласуюць за нас. А за вас — не, спадарыня Альжбета.
— Чаму? — тон Альжбеты быў паблажлівы.
— Таму што вы прэзентуеце толькі невялікую частку грамадства. Усе гэтыя айцішнікі, прадпрымальнікі сярэдняй рукі, якія адкрыта пагарджаюць простым народам, яны, яны...
— Яны сваймі падаткамі кормяць ваш просты народ, — прыпячатала Альжбета. — Большасць, меншасць: плаціш падатак — маеш правы грамадзяніна. Хочаш узяць удзел у выбарах? Плаціш...
— Плаціш эквівалент сярэдняй цаны бутэлькі гарэлкі. Чуў я гэтыя абразлівыя прапановы, вас не падтрымаюць.
— Плаціш адзін працэнт ад папярэдняга гадавога даходу. Выбары праз краўдфандынг. Сабралі грошы на арганізацыю — прагаласавалі. Гэта вельмі чэсна.
Пашкавец няўхвальна пахістаў галавой:
— Падаткі ідуць у бюджэт, з бюджэту — на выбарчую кампанію. Навошта множыць працэдуры, калі людзі давяраюць свае галасы парламентарам?
Альжбета зноў фыркнула:
— Множыць працэдуры — гэта вунь Фларыян наш Корд, ака Альгердыч, прапаноўвае.
— Я прапаноўваю ў выпадку нашай перамогі пачаць з чыстага ліста. Твая сучасная заходняя дэмакратыя, Альжбета, можа прывесці да таго, што зноў абяруць тую ці іншую дыктатуру, як гэта было ўсю гісторыю Менску. А мы прапаноўваем сістэму майстроўняў. У адрозненне ад партыяў, якія збіраюць палітычных адзінадумцаў, мы прынцыпова запрашаем людзей, вельмі розных у іхных занятках і поглядах. Галоўны крытэр адбору — чалавек мусіць быць свабодным. У мыслены і дзеяннях, якія скіраваныя на стварэнне, а не разбурэнне.
— Надта абстрактна, — фыркнула Альжбэта.
— Так, на моманце ўваходу ў майстроўню дэмакратыі для канкрэтнага чалавека няма. Мы ацэньваем кандыдата, абмяркоўваем і галасуем. Прычым «за» мусіць быць ад дзевяноста працэнтаў усіх, хто мае права голасу. І вось толькі калі цябе прымаюць, ты трапляеш у валадарства дакладна прапісаных законаў. Унутры майстроўняў дэмакратычныя працэдуры вытрымліваюцца дасканала. Што бывае не ў кожнай партыйнай дэмакратыі.