Выбрать главу

Альгердыч узняўся і пачаў наварочваць кругі вакол більярднага стала.

— А пакуль што я бачу іншую праблему, звязаную з нашым заўтра і пазаўтра. Мы з вамі абмяркоўваем, як будзем змагацца са зброяй у руках. Больш за тое, мы ўжо змагаемся ў Супраціве, мы здабываем інфармацыю, якую зможам выкарыстаць падчас актыўных баявых дзеянняў. А вось там, — Альгердыч кіўнуў галавой у бок будынку з канферэнц-залай, — ёсць нашы фармальныя паплечнікі, якія ведаеце як адрэагавалі на маю прапанову сыходзіць пад зямлю? Яны сказалі: «Фларыян, гэта крутая ідэя! Ужо ве­даеце, як прафінансаваць праект? Краўдфандынг, донарская дапамога фондаў, КСА?..» КСА! Я дазнаўся пра гэтую абрэвіятуру. Карпаратыўная сацыяльная адказнасць: прыватны бізнес выступае спонсарам сацыяльна ці культурна значнага праекту. Мне сказалі: «Трэба пісаць заяўку на грант. Зробім серыю перформансаў пад назвай «Мы сыходзім у падполле!». Галоўнае — дакладна сфармуляваць, супраць чаго мы пратэстуем».

Альгердыч ударыў кіем па шары.

— Яны нават не адразу ўзгадалі, што менавіта для нас непрымальнае ў сучаснай грамадска-палітычнай сітуацыі. Супраць чаго мы арганізавалі Супраціў. Кажуць: «Ээээ... Мы супраць вайны? Супраць таго, што сусед з Усходу нас уцягвае ў вайну? Аааа... Супраць таго, што наш урад не можа ўцямна агучыць, на чыім баку выступае... І навошта нам класціся пад танкі?» «Так, — кажу, — прыблізна так».

— Гэта хто? — змрочна ўдакладніла Альжбета.

— Гэта Вальжына і Юстына, — актывісткі твае любімыя. Чым яны адрозніваюцца ад бабулек у райцэнтрах, якія па старой звычцы набралі запалак і солі і рыхтуюцца перасядзець-перачакаць?

— Лекамі трэба запасацца, без солі пражыць можна, — важна сказаў Пашкавец.

— Так, — адказаў Альгердыч, — асобная тэма пра тое, што і бабулькі і генералы рых­туюцца да мінулай вайны. Але. Я пра іншае. Пра тое, што ў новым свеце, у якім мы возь­мем уладу, важна да галасавання не дапускаць людзей без здатнасці да самастойнага мыслення. Вальжыну з Юстынай ці браць у грамадзяне? Паглядзім. Яны маладыя і могуць змяніцца. У кожным разе, у крытычнай сітуацыі, калі пачынаецца гармідар, не трэба агітаваць за сваё абсалютна усіх, а трэба шукаць толькі адзінадумцаў, каб разам з імі выстаяць. Таму цяпер, калі крытычная сітуацыя дыхае ў патыліцу, я прапаноўваю зацвердзіць сістэму майстроўняў як матрыцу будучага палітычнага жыцця.

Пашкавец катэгарычна махнуў рукой:

— А ў новай сістэме ачольнікам грамадства будзеце вы, спадар Корд?

— Як атрымаецца, але я, не я — гэта дэталі. Важны прынцып: хто выбірае, — Аль­гердыч зрабіў націск на слова «хто».

Прысутныя катэгарычна адмовіліся нават абмяркоўваць прапанаваную Альгердычам тэму. «Чым яны лепшыя за нас са сваймі майстроўнямі?», «А суддзі хто?», «А чым свабодны адрозніваецца ад несвабоднага?».

Альгердыч распавядаў, як на нарадзе на базе адпачынку ўдзельнікі звыкла цягнулі коўдру на сябе. Нацыянальныя дэмакраты, «почвеннікі-простанароднікі», кшталту лібералы, якім было ўсё роўна, якая ўлада, юрысдыкцыя чыёй краіны, акупацыя — не акупацыя. «Ім усё роўна, за каго адчуваць сябе вышэйшымі», — з агідай узгадваў Аль­гердыч.

— Дык вы з майстроўнямі таму і пакінулі горад, што не хацелі працягваць спрэчак?

— Так. Як толькі скончылася грамадзянская вайна, і горад падзяліўся на Менск і Горад-Герой, мы ў майстроўнях вырашылі, што прасцей сысці. Чыя партыя урэшце перамагла ў Менску, мы не ведаем.

Альгердыч вярнуўся да гісторыі пра нараду на базе адпачынку.

Зазваніў смартфон.

— Зуля едзе! — выгукнуў Альгердыч па­сля кароткай размовы.

— Колькі маем часу?

— Пяць хвілінаў!

— Гамон нарадзе...

Але Зуля прыехала цвярозая і злавесна ціхая. «Яны прыдумалі абсалютную зброю», — паведаміла выведніца. — «Ціцюкін і Кароль займелі доступ да нейкай зброі, не збіраюцца займаць чыйгосьці боку ў вайне і ведаюць, як абароняцца».

6

Тым часам у лобі-бары галоўнага корпу­су тэлевізар распавядаў пра незвычайную астранамічную з'яву, якую ў канцы месяца змогуць назіраць усе жыхары планеты. А менавіта — сярэдніх памераў шалёны астэроід, які праляціць блізка ад Зямлі. Тэлевізар казаў, што такіх заблукалых астэроідаў чалавецтва за ўсю гісторыю бачыла вельмі мала, і нашаму часу пашанцавала. Тэлевізар пераконваў, што карцінка будзе відовішчная.

Зрэшты, за навінамі астраноміі мала хто сачыў з прысутных у бары, добра забітым наведнікамі. Спадар, які назваўся Віктарам, забаўляў дзвюх дзяўчат камічнымі гісторыямі з уласнага жыцця. Вальжына і Юсця хіхікалі, не забываючыся глытаць кактэйлі. Віктар пачаў новую гісторыю: