Вальжына і Юсця паглядзелі на свае кактэйлі, пераглянуліся і пырснулі смехам. Віктар працягваў з сур'ёзным выглядам.
— І вось іду я ўчора па Падгорнай, думаю пра канферэнцыю, пра Супраціў, іду і раптам чую: «Віктар, Віктар!» Йолы-колы — на століках «Cafe de Paris» сядзіць Кацярына! Пачаставала мяне філе тарбо з крэмам з белай хвасолі і грыбамі, мідыямі «муль марыньер», рыбай-стэйкам «Блэк Ангус» з соўсам «Віскі». І, уласна, віскаром, вядома ж, ужо не памятаю, якім, розным, здаецца.
«Я, Віктар, бязмежна вам удзячная, вы змянілі маё жыццё. Я пасля нашага развітання была вельмі занятая, а пасля не магла вас адшукаць. Мой бізнес выйшаў на высот ўзровень — дзякуючы вам. Я б вельмі хацела вам аддзячыць. Калі жадаеце, магу ўзяць вас партнёрам у свой бізнес за працэнт ад прыбытку. Мне падаецца, што ваш патэнцыял не раскрыты. І што я магла б з вашай дапамогай пашырыць спіс псіхатэрапеўтычных паслуг для жанчын».
Я спачатку ўзрадаваўся: нічога сабе — хобі можа ператварыцца ў прафесію! Але ў выніку мы амаль увесь час размаўлялі пра адну вялікую пагрозу, якая насоўваецца на ўсіх нас — ІІІ сусветная вайна. Я патлумачыў Кацярыне, што вельмі хутка большасць бізнесаў станецца бессэнсоўнымі, асабліва тыя, што прынцыпова прывязаныя да інтэрнэту.
— Дык чым скончылася? — нецярпліва спыталася Юсця.
— Скончылася тым, што Кацярына бярэ на сябе фінансаванне першага атраду, які спусціцца пад зямлю.
— ?!!
— Складайце спіс неабходных рэчаў і каштарыс мінімум на бліжэйшы год. Бяжыце шукайце Альгердыча. На закупы маем тры дні.
Так пачалося Падполле.
Усе плыні, якія заснавалі Супраціў, у Падполле пайшлі паасобку, без каардынацыі дзеянняў. А праз тыдзень пасля таго, як першыя атрады спусціліся пад зямлю, грымнула ІІІ сусветная вайна. Праўда, цягнулася яна яшчэ карацей, чым прагназавалі ў Супраціве. На Усходзе вырашылі збіць шальны метэарыт. Прычым так, каб ён ляснуўся на Амерыку. Але штосьці наблыталі, ці дзяжурны афіцэр быў п'яны, ці маладыя спецы не так разлікі зрабілі, карацей, метэарыт ляснуўся роўна на сталіцу Усходу.
Так адбыўся Вялікі Выбух.
«Гэта было дзіўнае адчуванне пасля Вялікага Выбуху — раптам усе вызваліліся ад глабальнай небяспекі, — распавядаў Альгердыч. — Пагроза ІІІ сусветнай ціснула мільярдам людзей на нервовую сістэму. І вось раптам бац — як у тым анекдоце, калі мужчына думаў, што ў яго СНІД, а выйшаў ад лекара шчаслівы: «Усяго толькі сіфіліс!»
Прынамсі, такой спачатку падавалася розніца між ядравай вайной і прыроднымі катастрофамі: мегаземлятрусам і следам мегацунамі, якія пазмывалі мільёны і мільёны людзей па ўсіх узбярэжжах Зямлі. Менску, як звычайна, пашанцавала — абышлося малымі ахвярамі. Здавалася, што праскочылі глабальную катастрофу, якая пагражала татальным знішчэннем усяго жывога.
Здавалася, пакуль не пайшла вада. Вялікая Вада.
***
«...Перэжывём, перэжывём, усё как нада будзет у нас!.. »
Дзікун уздрыгануўся. Гук песні ішоў з усіх бакоў. Людзі ў чэргах стаялі як стаялі, службоўцы ў камуфляжы павольна працягвалі работу.
— Наканец пачынілі мацюгальнікі, — сказаў сам сабе даглядчык і паглядзеў Дзікуну проста ў вочы.
Два службоўцы моўчкі паставілі Дзікуна на расцяжку, абшманалі і добразычліва спыталіся: «Што вязем?»
7
— Гаі.
— Кругі.
— Малыя Ляды.
— Чарнаградзь.
— Новыя Зялёнкі.
— Лугавая Слабада.
Пасажыры называлі населеныя пункты, з якіх прыбылі.
«Гаі, Гаі... Гэта ж адтуль белабрысы Арцём! А дзе ён сам?» Дзікун агледзеўся і ўбачыў свайго новага прыяцеля ў суседняй чарзе. З Арцёмам пасябравалі ў першы дзень падарожжа, якое заняло два тыдні. Мужыкі, а пасажыры пераважна былі мужчыны, ад няма чаго рабіць травілі байкі. Напрыклад, пра тое, што самы багаты на здабычу горад — Жодзіна. Што там на БелАЗе не ўсё разрабаванае, бо завод, які тырчыць з вады, ахоўваецца зграяй людажэраў. Арцём і Дзікун засмяяліся адначасова, так і пасябравалі. А смяяліся, бо пра людажэраў проста глупства: ежы паўсюль самай рознай — мноства. І пад вадой і на зямлі. Кінь хоць што, плюнь зверху і збірай па тры-чатыры ўраджаі цягам года.