На КПП Дзікун бачыў, што кожны прыбылы мусіў цалкам выкласці на сталы даглядчыкаў свае рэчы. А багаж амаль ва ўсіх быў аб'ёмны. Яно зразумела: зрабіць такое вялікае, каму на тыдзень, а каму на два, падарожжа да Горада-Героя з пустымі рукамі? Не варыянт. Бо ехалі збольшага гандляваць. На продаж везлі ўпаляванае. Хто што. Чарапашыя лапы, вушы балотнага зайца, багата хто вёз мяса вадзяных выдраў — відаць, развялося ўздоўж былой трасы М4 Менск — Магілёў. Рыбы рознай. Усё сушанае, вэнджанае, вяленае, засоленае.
Шмат цягнулі нашуканага ў кінутых вёсках. Ад спадарожнікаў Дзікун пачуў, што ахвотней за марскія далікатэсы на рынку ў Горадзе-Героі бяруць спраўныя дэталі да камп'ютарнай тэхнікі. А таксама інфармацыю на любых носьбітах.
Арцём, былы магілёўскі хлопец, а цяпер жыхар адной з супольнасцяў Талачынскай выспы, сказаў, што гэтыя, хто травіць байкі пра людажэраў, былі кур'ерамі бандыцкіх груповак. Яны перапраўлялі ў Горад-Герой плаціну, золата і срэбра, адшуканае ці нарабаванае па кінутых паселішчах, і збывалі проста на КПП «Порт «Чыжоўка» даглядчыкам.
Арцём казаў, што паводле закону Горада-Героя прыбылы на КПП мусіць дэклараваць каштоўныя металы і камяні і адразу на месцы прадаваць уладам за смешныя грошы. Кошты адрозніваліся ад рынкавых у дзесяць разоў. А бандыты збывалі службоўцам за пяцьдзясят працэнтаў ад рынкавых.
Пасля ўсё аддавалася начальству, якое тавар перапраўляла кантрабандай у Менск. «Што такое драгметалы? — тлумачыў Арцём. — Гэта ж праваднікі, вытворчасць. А дзе вытворчасць? У Менску».
Фарватар баржы быў нязменны ўжо гадоў дзесяць: порт «Чыжоўка» — Пячэрскі парк. Парк — гэта частка з таго, што засталося ад Магілёва над вадой. Фарватар ішоў не наўпрост, вядома, а як пашанцуе. Залежала і ад нябёсаў у простым і пераносным сэнсе. І ад вады.
Даглядчык рэчаў прапусціў міма ўвагі простыя пажыткі Дзікуна і спыніўся на дысках і кніжках. Заявіў, што сумняецца ў іх змесце і мусіць аддаць на экспертызу. Васілічу. Так і сказаў — «на экспертызу Васілічу».
«Кожная з гэтых рэчаў каштуе не менш за тысячу іхных фанцікаў, — настаўляў дзядзька Фэлюсь перад дарогай. А зняць жытло — да дзесяці фанцікаў за дзень... як іх грошы завуцца, забыўся, мне казалі... забыўся. Кніжкі і дыскі — твая галоўная валюта».
— Дык вазьміце адно што, — досыць голасна прамовіў Дзікун. Гэта была ягоная памылка. Трэба было ціха падсунуць.
Даглядчык ажно падавіўся доўгай пляскатай чыпсінай, падобнай ды шырокай лінаркі:
— Узятка?! Пры іспалненіі? Ды я вас задзяржу да выясьненія!
«Трымайся за поручні!» Дзікун паўгадзіны як адчуваў, што насоўваецца катастрофа, але не мог яе ідэнтыфікаваць. У школе ён праходзіў сярод іншага і слова «хабар», прычым на розных мовах, але ў жыцці ніколі не сустракаўся з хабарам хоць у якой праяве. У дзікуновым багажы формул небяспек такой з'явы не было. Зрэшты, увесь ангар поўніўся незнаёмымі небяспекамі — чалавечымі небяспекамі.
— Камандзір, бліндэр буду — не забуду. Ды прасьці хлопца. Відна ж, што нямесны. Шчанюк худы нейкі з далёкіх хутароў. Я з ім сунуўся разам.
Дзікуна бараніў каржакаваты мужык гадоў пяцідзесяці на выгляд. Цемнаватыя валасы, усмешка ад вуха да вуха, як у жабяняці, нахабнаватыя вясёлыя карыя вочы. На плячы — татуха: тэўтонскі рыцар на кані анфас са шчытом і дзідай наперавес. На баржы разам з Дзікуном мужыка не было.
— Немец, я і цібя задзяржу, — ужо менш агрэсіўна прамовіў службовец. — Ты з дачы са сваёй?
— Пятровіч, ганялі з дружкамі-піражкамі на воднае сафары.
— І як яно?
— Нармальны боршч, усё атрымалася. Хоць там такая макля — хер угадаеш, на што лавіць. Мы далёка не хадзілі, туды, дзе Рудзенск быў. Да Узлянаў на баржы, а там хлопцы яхту трымаюць. Дык за год чаго толькі новага не напрыпаўзло ў ваду! Нават трох акіянічных чарапах бачылі. А мы марскога вугра завалілі. Больш дакладна, я са стрэльбы пацэліў яму проста ў вока. Ён, бляха, як конь, упяцёх на палубу цягнулі. Я, як растаможу, зайду да цябе, угашчу.
У гэтае імгненне пачалася бойка ў суседняй чарзе. Службовец Пятровіч буркнуў «ідзіце» і кідануўся на дапамогу сваім калегам. Дзікун заўважыў, што з кімсьці з пасажыраў біўся белабрысы Арцём.
Вартавы каля шлагбауму пры выхадзе з пункту пропуску адным вокам спрабаваў угледзець, што там за валтузня ў прыцемках ангару, другім — глядзеў у паперы Дзікуна.
Урэшце намаляваў на аркушах нейкія лічбы і папярэдзіў: