Выбрать главу

— З такім, як у вас, прыглашэніем вы абязаны жыць ісключыцельна ў гасьцініцы «Турыст». Сьпіце гдзе хаціце, хоць пад лаўкай на вуліцы, но засяліцца і аплаціць пражываніе вы далжны ў «Турысьце».

Паўза.

— Аплата прыбыванія ў Горадзе-Герое пасутачная. У «Турысьце» вам пакажуць расцэнкі, но лучшэ бярыце абанямент.

Службан зашпіліў на левым запясці Дзікуна пластыкавы бранзалет сіняга колеру:

— Гэта знак таго, што вы турыст. Здымаць нільзя.

— А калі раптам зляціць...

— Тады хтосьці абавязкова вам падкажа. Іначэ пазнаёміцеся з усёй строгасьцю справядлівасьці. Праходзім.

Прайшлі.

— Дзякуй вам.

Немец ляснуў Дзікуна па плячы:

— Ну ты чуць не папаў... Як хер у рукамыйнік. Я гэтага шлёцэка Пятровіча знаю, ён мог шкоды табе нарабіць. Ладна, давай, старычок, чахлі паршнямі. І галоўнае ты тут не бэзай... У смысьле — ня сцы. Асвоішся. Пайду, мае рыбачкі ўжо на хоздвары раста- мажваюцца.

8

І вось ён перад табой — Горад-Герой, Горад-Маладзец, Горад-Так-Дзяржаць, Горад-За@бісь! Дзікун не сам прыдумаў жарт — пачуў ад Альгердыча, калі той даваў інструктаж па геаграфіі і тапаніміцы Горада-Героя.

«Мы не ведаем дакладна, наколькі яно там усё змянілася пасля землятрусу і міжусобнай вайны. Але лініі вуліцаў мусяць захавацца. Як вуліцы завуцца, па-новаму ці па-старому, ці так і так, мы таксама не ведаем. Але старыя назвы мясцовыя мусяць памятаць, — інструктаваў Альгер­дыч. — Вось тут Свіслач выцякае з былога Чыжоўскага вадасховішча. Дамбы больш няма, а рака сталася карабельнай. На набярэжнай каля скрыжавання вуліцаў Ташкенцкай і Машынабудаўнікоў — цяпер порт. А Свіслач і Цнянскі канал, які ўпадае ў Чыжоўскае вадасховішча, ці мора ўжо, разліліся ва ўсе бакі. На дзясяткі і сотні метраў».

Дзікун агледзеўся.

— Інфа, інфа! Інфармацыя!.. Старыя жалезныя рублікі, менскія баксы, іншамарачкі!.. Хлопец, інфармацыю прадаеш? Валюту мяняеш?

Дзікуна атачыла зграйка мясцовых жыхароў розных полаў і ўзростаў. Але зразумеўшы, што прыбылы нічым не збіраецца гандляваць, зграйка кінулася да наступных, хто выходзіў з КПП. Адразу за зонай кантролю пачынаўся стыхійны кірмаш, біржа і аўкцыён у адным флаконе.

Дзікун павольна прынюхваўся да прасторы. Прынюхваўся — гэта на слэнгу бачуноў. Дзікун прыслухоўваўся да сябе і маляваў у галаве карціну небяспек, якія былі наўкола. Жаданне падмануць — практычна ва ўсіх. Фонавая небяспека, без акцэнтаў на чымсьці ці кімсьці канкрэтным. Харчы, раскладзеныя на латках гандляроў ці проста на старым бе­тоне. Няўлоўна знаёмая небяспека, якая зафіксаваная ў каталогу памяці Дзікуна. Што прадаюць?

Чыпсы ў поліэтыленавых, мытых-перамытых, шмальцаваных-перашмальцаваных кульках. Дранікі — гарачыя і «зараз падагрэем». Печаная бульба, вараная бульба. «Падыходзь, шаноўны! У мяне найлепшы гатунак!» Мяхі з сырой бульбай. На першай лініі ад выхаду з Пункту пропуску «Порт «Чыжоўка» мясцовыя гандлявалі толькі вырабамі з бульбы ці самім караняплодам.

Ад бульбы сыходзіў сігнал небяспекі. Дзіўны сігнал. Дзікун ведаў формулы атруты. Не, тут нармальны ўежны прадукт. Дзікун ведаў формулы драпежных раслінаў. Не, гэтыя плады дакладна нікога не зжаруць. Дзікун ведаў формулы наркатычных раслінаў і грыбоў. Не, ад бульбы не было хоць якога сігналу пра шкоду для арганізму чалавека. Тым не менш, бульба была катэгарычна забароненая ў Добрым Месцы.

Усіх першаклашак на пачатку навучальнага года везлі на поўнач выспы Новая Зямля ў вёску Малое Сітна, дзе мясцілася закрытае сховішча небяспечных рэчаў і рэчываў. Дзецям дэманстравалі бульбу. І расліну, і плады. «Убачылі? А цяпер запомніце: ні пры якіх акалічнасцях нават рукамі не чапаць гэтай штукі». «Не каштуй ні ў якім разе!» — як першакласніка заклінаў Альгердыч, выпраўляючы Дзікуна ў падарожжа.

Многія пасажыры баржы хутка, відавочна мэтанакіравана, падыходзілі да развалаў з бульбапрадукцыяй, рабілі абмен ці плацілі грашыма, і вярталіся назад у порт, каб паспець на найбліжэйшы рэйс назад. Расклад воднага руху ў порце быў хаатычны. Разнамасны плывучы транспарт стаяў прышвартаваны і чакаў кліентаў. Набралі — стартанулі. Баржы, катары, яхты самых розных канструкцыяў. «Гэта Менскі карабельны завод вырабляе з усялякага металічнага ламачча, якое пастаўляе Горад-Герой», — патлумачыў Дзікуну белабрысы Арцём, яшчэ як заходзілі ў порт.

Але шмат хто кіраваўся ў адваротны ад порту бок. Неслі свой тавар да перакупнікаў, забіралі грошы і рушылі далей у Горад-Герой — на забавы.

Дзікун прайшоўся ўздоўж рынку, які канчаўся агароджай са стужак, размаляваных надпісамі «стой!». Далей быў плот са сталёвых кратаў, а за плотам было бачна, як грузяцца вялікія аўтамабільныя фуры з надпісам на бартах «Miensk-Tranzit».