— Відзіш, сукі якія. Па-англійскі пішуць. Мы, ціпа, для іх інастранцы-інасранцы.
Побач з Дзікуном адзін дзядзька нібы мармытаў сабе пад нос, але насамрэч відавочна хацеў завязаць размову. «Гэта не па-ангельску, а лацінкай». Дзікун пакінуў думку пры сабе.
Дзядзька дзёр бетон доўгім кіем са скрабком на канцы. Бетон быў увесь у выспачках лішаю сіне-зеленавата колеру. «Бл@дскі лішай», — сказаў дзядзька, нібы паставіў кропку ў дыягназе. На дзядзьку была надзетая карычневая камізэлька.
— Бачыш, на нашых МАЗах ездзяць. З нашага ж гаўна вырабленым газам запраўляюць.
Паркан аўтамабільнага заводу МАЗ быў адносна недалёка. Былі бачныя вершаліны комінаў высокіх заводскіх цэхаў — суцэльнае кубло з разнастайнай расліннасці. Падавалася, што расліннасць шаволіцца. Відаць, вецер уверсе. Бо тут, ля зямлі, быў поўны штыль.
Дзікун не схаваў здзіўлення ад словаў «з нашага гаўна».
— У смысьле, са сьвінячага гаўна, канечне. У нас сьвінакомплекс о-го-го! Там такія аб'ёмы штодня вырабляюцца!
Дзядзька прызадумаўся.
— А добра, што вецер толькі ў адзін бок дуець — на васток.
«Ага, вецер наверсе ёсць».
— Ужо трыццаць гадоў як толькі ў адну старану. А як бы сюды з таго сьвінакомплексу падзьмула?! Ого!.. Што было б! Сьвінакомплекс у пасёлку Гатава. Але ж ты ня знаеш, дзе-та ёсьцека? Ты ж не мясцовы, глядзіш вакруг с удзіўленьнем. Смалявічы?
— Далей?
— З-пад Магілёва.
— Ого. Разнае гаварат пра то, што там далей. Выспы нейкія, а не астравы, ці як? Сядзяць, ні з кім ні дружаць, нікаго да сябе ні пускаюць. Праўда? — Дзядзька забыўся на ненавісных уладальнікаў МАЗаў і «наша гаўно» і ўважліва чакаў адказу.
«Ты там асабліва нікому не давярай. Праўду з іх і трыццаць гадоў таму выцягнуць было немагчыма, не думаю, што цяпер сталася лепей, — інструктаваў Альгердыч перад экспедыцыяй. — Стучалі адзін на аднаго тады, то й цяпер асцерагайся».
— Ух ты, дзядзька, а што такое там грузяць у тыя фуры?! — перавёў тэму Дзікун.
У фуры грузілі дары мора. А яшчэ дары мангравых балотаў. Найперш старых знаёмых, лічы з дзяцінства, шаблязубых зайцоў-плывунцоў. Дакладней, іхныя гіганцкія вушы — найбольш каштоўны далікатэс. Сотні вушэй, запакаваных і складзеных штабялямі.
— Сукі, буржуі, — дзядзька далей шмараваў асфальт і бурчэў, не гледзячы за плот. Сплюнуў на толькі што вычышчанае немалымі высілкамі месца і пачаў заціраць па новай.
Тым часам у другую фуру пачалі грузіць гіганцкіх зубастых крэветак. «Усё вакол зубастае, а ты не губляйся», — казаў Альгердыч Дзікуну ў дзяцінстве ў школе.
Дзікун выйшаў за браму і ўгледзеўся ў пляцык перад рынкам. Калі меркаваць паводле мапы, калісьці тут быў аўтамабільны разварот на сутыку Ташкенцкай, Крупскай, Свіслацкай і Кабушкіна. Першыя тры вуліцы былі пад вадой, пляцык уяўляў з сябе паўвыспу.
— Г'ру, міняеш чаго? — да Дзікуна прычапілася бабуленцыя.
«Ты, галоўнае, з рук нічога не мяняй. Марына ўсё арганізуе бяспечна», — настаўляў Альгердыч.
— Таксі, таксі, каму ехаць?!
Дзікуна ўразілі як веларыкшы, пра якіх ён чуў у школе на ўроках сусветазнаўства ў звязку з гісторыяй Паўднёвай Азіі, гэтак і тое, што трохколавыя ровары былі абсалютна новыя. Дзікун наагул ніколі ў жыцці не бачыў новай тэхнікі, толькі рамантаваную ці сабраную з розных дэталяў. На пляцыку таксавалі ўладальнікі тузіну двух-трохмясцовых ровараў, пяці вазоў, запрэжаных коньмі, і аднаго аўтамабіля.
«Volkswagen Passat B5» важна стаяў на самым бачным месцы. «Бензін і дызель тэарэтычна мусяць захоўвацца на выпадак вайны, — казаў Арцём. — Але ўсе ездзяць на газе. Сыравіна са свінакомплексу ў Гатаве пастаўляецца за мяжу — у Менск. Адмысловым пуцеправодам перапраўляецца. Гаўнатрубой у народзе завеццам. Там перапрацоўваецца і вяртаецца ў Горад-Герой у выглядзе паліва».
Дзікун прыслухоўваўся-прыглядаўся да панарамы патэнцыйных небяспек. Як і на рынку, тут, на пляцыку, новых невядомых мадыфікацыяў не было. Клімат падаваўся ўстойлівым і лагодным. Фанілі толькі людзі. Устойлівымі стандартнымі пагрозамі дробнага ашуканства.
Вока Дзікуна зачапілася за надпіс «Пункт прыёму інфармацыі» на будаўнічай бытоўцы з закратаваным акенцам пасярэдзіне ўваходных дзвярэй. Побач стаяў крыты грузавік. На баку ледзь чыталіся літары «Аўталаўка». Колы ў грузавіка былі спушчаныя. І моцна іржавыя. Зрэшты, як і ўсе металічныя дэталі наўкола, куды ні зірні.
Побач з «Аўталаўкай» таўкліся мужыкі. Разбіліся на некалькі групак, усіх разам чалавек дзесяць-дванаццаць. Мужыкі трымалі ў руках зрэзаныя зверху пластыкавыя бутэлькі з нейкай вадкасцю. Дзікун падышоў бліжэй да пункту прыёму інфармацыі, каб разгледзіць, што напісана крэйдай на дошцы, прылепленай побач з акенцам.