Выбрать главу

«Прынімаем у насіленія. Кнігі, кампакты, касеты, флэшкі, вінчэсьцеры. Ацэнка. Торг». Далей штосьці неразборліва змазанымі дробнымі літарамі.

З боку «Аўталаўкі» ішоў роўны гудзёж. З натоўпу выбіваўся голас аднаго пана. «Забыць слова «пан»!» — нагадаў сабе Дзікун. Здаровы, пад метр дзевяноста, крыху паўнаваты, але мускулісты, мужык быў у байцы, берцах, а яшчэ з завушніцай у левым вуху. На носе меў крыху пагнутыя акуляры ў металічнай аправе. На выгляд толькі крыху старэйшы за Дзікуна.

Мужык разважаў пра музыку:

— Ды самыя лепшыя трэкі падкладалі пад порна 1970-х. Пазней толькі там і можна было знайсці добрую музыку, пакуль інтэрнэт не накрыўся.

— Табе б які дэпартамент сексуальных расследаванняў узначальваць, — іранічна адказаў суразмоўца.

— Была ў мяне хіпстарка гадоў дзевятнаццаці. Ёй бацькі за трыста еўраў набылі прайгравач для вініла. Для вініла! За трыста еўраў! Прычоску насіла а ля 1970-я. А як у ложак мяне зацягнула, высветлілася, што ў яе ў тым месцы паголена. «Што ж ты, — ка­жу, — дарагая, такая непаслядоўная? Дзе ты бачыла, каб у 1970-я ў нуль галіліся?!» Моладзі не хапае прынцыповасці.

Абодва паківалі галовамі.

— Есьць чо? Давай пасмотрым, я большэ дзенех дам.

Гэта адзін з гурбы ля «Аўталаўкі» намаляваўся перад Дзікуном. На выгляд хліпкі, але вочы ўпэўненыя.

— Йолы-колы, слыш, чокалка, адвалі, не перашкаджай прыезджым! — прыкрыкнуў той, што з завушніцай.

Хліпкі адышоў на пару крокаў і адвярнуўся.

Дзікун працягнуў у акенца кніжку «Сладкіе слёзы»:

— Добры дзень, колькі можа каштаваць?

З акенца выслізнула жаночая рука ў пярсцёнках няпэўнага металу. Рука пакруцілася, старонкі пагарталіся:

— Семсот рашчотных білетаў.

— Мне казалі, што яна каштуе тысячу.

— Васямсот семдзесят пяць. Не нравіцца, ідзі ішчы, гдзе лучшэ.

Дзікун памятаў што праз Марыну выгадае самы лепшы курс, але не хацеў уваходзіць у незнаёмае месца зусім без грошай, таму пагадзіўся. Праз хвіліну ён трымаў у руках вялікі стос банкнот, на кожнай з якіх было напісана «Рашчотны латарэйны білет».

— Слыш, сто працэнтаў шчасліўчыкам будзеш. Дай дробную купюру на развод! — крыкнуў хтосьці з натоўпу каля піўнухі.

Прысутныя відавочна ажывіліся. Цяпер усе глядзелі ў бок Дзікуна.

— Ды адваліце вы ад пацана! — завушнічны пагрозліва бліскануў акулярамі ў бок суседняй кумпаніі.

Раптам Дзікун адчуў вельмі канкрэтную, знаёмую па рэйдах углыб варожай тэрыторыі, небяспеку. Будзе ўдар кулаком у скронь, а пасля нажом пад рэбры.

— Сядай! — закрычаў Дзікун.

Завушнічны нахіліўся і адначасова засунуў локцем назад аднаму з натоўпу. Кулак нападніка прайшоў над галавой і трапіў у твар хліпкага, які ў гэты момант замахваўся нажом.

«Галоўнае там, не лезь нікуды, памятай, што ты па справах», — мільганула ў памяці настаўленне Альгердыча, калі Дзікун зараджаў з нагі хліпкаму. Нож паляцеў у адзін бок, хліпкі — у другі. Завушнічны і Дзікун адбіваліся спіна да спіны. Блок, удар, яшчэ ўдар, яшчэ.

Уся міні-банда, як выявілася, складалася з пяці чалавек. Прынамсі, столькі курчылася ад болю на зямлі, калі праз хвіліну-другую ўсё скончылася. Астатнія прысутныя каля піўняка з павагай адступілі на бяспечную для сябе адлегласць.

9

— Мао. Проста Мао. Націск на першы склад. Рознарабочы, грузчык, кур'ер.

— Дзікун. З хутароў за Магілёвам. Прыехаў на вяселле сваячкі.

Паціснулі рукі.

— Ты мне жыццё выратаваў, Дзікун.

Новыя знаёмцы стаялі на трыбуне, якая была часткай п'едэсталу высачэзнага — сяміметровага, не менш, — помніку, які Дзікун заўважыў, яшчэ калі баржа ўваходзіла ў акваторыю Чыжоўскага порту. Помнік мясціўся крыху далей ад пляцыку пе­рад рынкам. З п'едэсталу было добра аглядаць навакольныя краявіды.

Дзікун накладаў мапу, якую запомніў, на тое, што было ў рэальнасці. «Чыжоўка-арэна» і заапарк зніклі пад вадою. Заапарк — цалкам, спарткомплекс — часткова. Кавалак мікрараёну Серабранка, той, што быў уздоўж каналу, быў напалову затоплены. Пад невысокаю вадою таксама былі прытопленыя тры Дзіцячыя завулкі і палова вуліцы Юнацкай.

— Эх, вада пад самы стадыён «Трактар» падышла, — сказаў Мао, нібы счытаў думкі Дзікуна. — Першы раз у Горадзе-Героі? Табе куды? У «Турыст», відаць?

— Ага, першы. У «Турыст».

«...А где-нибудь в вагоне-ресторане / Те­бя ласкает кто-нибудь другой / А я люблю, люблю тебя, Алёнка / И я хочу, чтоб ты была со мной...»