Дзікун ужо другі раз за раніцу ледзь не прысеў ад нечаканасці. Мао заўсміхаўся:
— Не баісь, гэта ў мацюгальніках гуку паддалі.
Побач з Мао ўнутраны Дзікуноў сканер небяспекі маўчаў. Ад Мао сыходзіла абсалютная дабрыня. Сіла і ўпэўненасць, спалучаныя з неверагоднай дабрынёю. Вось што ўяўляў з сябе Мао. Дзікун падумаў, што каля піўнухі Мао ўваліў кумпаніі злыдняў з той самай неверагоднай дабрынёю.
— Што за помнік? Ленін? — змяніў тэму Дзікун. Яму было крыху непрыемна, што прадэманстраваў сваю разгубленасць.
— Так. Яго з Менску прыцягнулі. Уяўляеш — з гэтым во пастаментам разам! Выменялі за стос рэпрадукцыяў нейкага мастака ХІХ ст., а таксама за тры альбомы рарытэтных марак. Такіх во помнікаў Горад-Герой намяняў на антыкварыят і прадметы мастацтва — о-го-го! Ты пазней пабачыш: увесь Партызанскі праспект падобнымі «ізваяніямі» ўтыканы. Менскія за іх выменьвалі і кнігі, і карціны, і сучасныя на той момант дызайнерскія рэчы. Не, ну праўда, нахер тут каму карціна Драздовіча ці Шагала альбо антыкварны фатэль? А так — «упрыгожылі праспект».
Мао зрабіў самакрутку. Замест паперы тытунь загарнуў у сушаны ліст невядомай Дзікуну расліны.
З боку паўразбураных дзевяціпавярховікаў затумкаў буйнакаліберны кулямёт.
— Серабраначка мая, — павярнуўся на гук Мао. — Відаць, анархі ці кантрабандыстаў адстрэльваюць, ці пачварку вадзяную.
— Там Менск?
— Не, за Серабранкай з таго боку Свіслачы пануюць анархі. Яны кантралююць тэрыторыі ўздоўж чыгункі ад вакзалу да Калядзічаў, гэта за колішняй акружной дарогай. У анархаў з Менскам — гандлёва-вайсковы саюз, але табачок — паасобку. Трымаюцца адзін ад аднаго на дыстанцыі. Тым не менш, па факце анархі ахоўваюць частку мяжы Менску. Тут, на поўдні, — з Горадам-Героем, там, на захадзе, — з дзікімі землямі.
Гукі стрэлаў сціхлі.
— А што ў Серабранцы і Чыжоўцы цяпер?
— У Серабранцы? Буферная зона, падмандатная тэрыторыя. Разумееш такія словы? — са значнасцю спытаўся Мао.
— Здагадваюся.
— А насамрэч Серабранка аточаная з трох бакоў вадой. Па зямлі толькі з Партызанскага праспекту можна дабрацца. Але які сэнс? Там у рэальнасці ўлады няма ніякай. Міліцыя толькі па перыметры патрулюе ўдзень. І тое хутчэй ахоўвае Горад-Герой ад серабранскіх. Ды вайскоўцы патрулююць на катарах мяжу, якая ідзе па сярэдзіне фарватару былой ракі Свіслачы. А Чыжоўка стаіць пустая. Кажуць, там распладзіліся леапарды, якія ўцяклі з заапарку. Ахоўваюць Чыжоўку ад людзей.
Мао ўздыхнуў.
— Разумееш, Дзікун, землятрус ад Вялікага Выбуху зруйнаваў ці моцна пашкодзіў практычна ўсе мікрараёны шматпавярховікаў. У нас людзі жывуць альбо ў цагляных двух-чатырохпавярховых дамах дагістарычнай пабудовы, альбо ў прыватным сектары, які ў Горадзе-Героі проста аграмадны.
Дзікун па-гаспадарску агледзеў берагі Свіслачы:
— А з лятучымі вадзянымі пацукамі як тут справы?
— Ты пра гіганцкіх сінякрылых? Выбілі ўсіх даўно. Пажэрлі ў першыя сем-восем гадоў.
Пакуль гаспадарка не наладзілася, цяжка з ежай было.
Памаўчалі, пазгадвалі свае першыя гады пасля таго, як свет змяніўся беспаваротна.
— Калі я пабачыў аўтаматчыкаў пры выхадзе з баржы, падумаў, што ў горадзе мусіць быць багата аховы. А калі пачалася бойка, ніхто не прыбег, — са здзівам прамовіў Дзікун.
— Бачыў гэтых са скрабалкамі і шчоткамі ў карычневых камізэльках? Глядзі па берагах: там два, там чатыры, у тым куце шэсць. Тут куды ні плюнь, паўсюль карычневыя камізэлькі. А да помніку толькі па графіку падыходзяць, хоць ён вельмі хутка зарастае лішаём.
Сапраўды, цёмны граніт помніку быў увесь у рознакаляровых грыбараслінах. Дзікун досыць хутка прызвычаіўся да гэтай асаблівасці краявіду вакол порту — усё ў плямах.
— «Камізэлькі» скрабуць «батву» з будынкаў, працягнуў Мао. — А заадно гэта вочы, вушы і бесправадны тэлефон міліцыі. А паколькі каля помніку людзей не бывае, то і «камізэлькі» тут не труцца побач. Што да боек, міліцыя на іх ніколі не рэагуе. Хіба толькі калі арганізуецца труп. А для жывых выклік міліцыі платны, калі не датычыць дзяржаўнай маёмасці ці дзяржаўнага службоўца. Выклічаш, заплаціш, яшчэ і вінаватым будзеш. Хоць... Міліцыя — тыя ж людзі, толькі від збоку.
— Мао, ты калі-небудзь датрындзішся, — сказаў куст, які тырчэў недалёка ад пастаменту.
Цяпер ужо і Мао прысеў ад нечаканасці. Куст зрушыў з месца і павольна пашкандыбаў у бок вады. Сам. Пайшоў. З-за куста выплыла цётка ў вылінялай камізэльцы.
— Йолы-колы... Ягораўна, здароў! — радасна прывітаўся Мао.
Ягораўна прыгразіла пальцам у бок трыбуны і працягнула скрэбсці стары разбіты асфальт.