Выбрать главу

— Мао, а што гэта за... бацвінне, якое «батва»? — Дзікун зрабіў рукой жэст, паказваючы разам на ўсё вакол.

— «Батва» — гэта пабочны эфект вырошчвання бульбы гатунку «дружба», — Мао сцішыў голас. — У радыусе больш як дзесяці кіламетраў ад кожнага нявыкапанага клубня «дружбы» расце вось такі паўзучы грыб-водарасць — лішай. Пару спораў заляцела, і пайшлі множыцца. Таму ўсё скрабуць паўсюль дзень і ноч. Плюс ты ўжо бачыш кусты, якія перасоўваюцца з хуткасцю чарапахі-спрынтара. Яны — таксама вынік актыўнасці «дружбы». Іх спыняюць калючым дротам, звычайна ў цэнтр іх мала трапляе. Карацей, не паскрабі горад колькі дзён, прачнешся ў пушчы.

— А чаму іншы гатунак бульбы не выка- рыстоўваць?

Мао азірнуўся некалькі разоў, нават прайшоўся па трыбуне і паглядзеў уніз. Ягораўны ўжо не было.

— А вось за адказ на такое пытанне, Дзікун, міліцыя прыбяжыць вельмі хутка.

«Вніманіе, вніманіе! Аб'яўляюцца рэзультаты ежаднеўнага розыгрыша! Паўтараем, рэзультаты ежаднеўнага розыгрыша!»

Мао дзелавіта пашарыўся па кішэнях, але нічога не выняў:

— Дзікун, даставай свае «рашчотныя білецікі», а раптам!

— Дык мяне падманулі, не грошы далі?!

— Грошы. Звычайныя грошы. Толькі нумары на купюрах удзельнічаюць у латарэі. Гэта «Казначэйская латарэя».

— А ў чым выгада скарбніцтву?

— Скарбніцтву выгада ў тым, каб людзі менш чужой валютай карысталіся. Гэта ж нічым не падмацаваная папера. Латарэя — адзіная яе вартасць. Але як працуе!

Уся плошча перад портам стаяла застылай перад мацюгальнікамі.

«Сягоння пабяждае номер М Р 5597484», — абыякава і крыху стомлена, нібы «вас многа — я адна», прамовіла жанчына з дынаміка. Плошча захрумсцела сваймі разліковымі паперамі і расчаравана вярнулася да сваіх справаў.

— А ў цябе, Дзікун? Пакажы, пакажы, так. Не-а. Ну нічога, іншым разам.

«...Я буду писем твоих ожидать, читать бессонными ночами / Свиданье наше вспо­минать за разведёнными мостами...»

— Патрэбны час, каб прызвычаіцца, — працягнуў тэму мацюгальнікаў Мао. — Гэта як чыгунка ці аэрапорт побач з домам. А... ты ж ніколі іх не бачыў. Можа, цягнік і пабачыш. Там, — Мао жэстам паказаў за Серабранку,— ходзяць два бронецягнікі анархаў. Надзявай заплечнік, пойдзем у «Турыст».

Дзікун і Мао спусціліся з трыбуны і паціху рушылі ўздоўж вуліцы Кабушкіна ў бок Партызанскага праспекту. Справа цягнуліся парканы прамысловай зоны, злева неўзабаве вымалявалася агароджа былога вайсковага гарадка.

— Бахнеш? — Мао выняў з кішэні на шта­нах пляшку 0,2 з-пад гарэлкі «Крышталь».

Дзікун адмовіўся. Ён не піў моцнага алкаголю і нават ніколі ў жыцці яго не каштаваў. Дапамога бачуна магла спатрэбіцца ў кожны момант, а алкаголь прытупляў здольнасць адчуваць небяспеку. Бачун мог сабе дазволіць крыху лёгкаалкагольнага напою раз на месяц.

— Я сам раблю, — пахваліўся Мао. — З натурпрадукту — з садавіны пераважна. Хлеб у нас дарагі. Яго пастаўляе Менск, які ў сваю чаргу закупляе на Заходніх тэрыторыях у тамтэйшых абшарнікаў-латыфундыстаў. А ў нас ёсць людзі, якія вырошчваюць звычайныя калісьці расліны: яблыкі, ігрушы, вішні, слівы, чарэшні. Не шмат, але вырошчва­юць. Для сябе.

— Мала хто садзіць ягады ды садавіну? — здзівіўся Дзікун.

— А нахвіга напружвацца? Бульба ёсць. Сала ёсць, выкармленае на бульбе.

— А вітаміны?

— А вітаміны самі прыходзяць!.. Упс! — Мао рэзка нахіліўся і ўхапіў куст чарніцаў, які быў ціха краўся міма. Цяпер карэньчыкі-лапкі адчайна біліся ў паветры. — Бяры ягадку.

Мао пасадзіў куст на зямлю, і той як мог даў драпака ў бок МАЗу. Дзікун заўважыў, што на мурах вакол прамзоны зверху быў наматаны калючы дрот, на дроце віселі дзясяткі ссушаных кустоў розных раслінаў:

— Глядзі, вунь, на прарыў ішлі. Некалькі кінуліся на дрот, а астатнія па іх як па мастках. Ха, там за мурам таксама калючы дрот, толькі на зямлі. Гэта лішаі ветрам носіць, а кусты толькі надта моцны вецер на вялікую адлегласць затарабаніць. А надвор'е ў нас устойлівае, прадказальнае. У сэнсе, трыццаць гадоў тое самае, без зменаў. Вецер збольшага наверсе. Такія вось карысныя для харчавання кусты звычайна ловяць і кідаюць пасвіцца ў адным агароджаным месцы. Амаль ва ўсіх у Горадзе-Героі свае загончыкі ёсць. Але кусты любяць заводы. Там жа людзей вельмі мала. Ёсць дзе схавацца.

Мао распавёў, што жыхароў Горада-Героя, якія спецыяльна культывуюць харчовыя расліны, лічаць у найлепшым выпадку дзівакамі, у найгоршым — нефармаламі, якія замышляюць штосьці супраць грамадства. Навошта культываваць, столькі сілаў выдаткоўваюць, калі ўсё ёсць: бульба, ягады. Сала дзяржава прадае па зніжаных коштах. На святы — свежаніна. Між святамі — каўбасы. Зноў жа, у латарэю можна далікатэсы выйграць.