Выбрать главу

— Станіслаў? Я Таццяна, ваша пакаёўка на ўвесь час побыту ў нашай гасцініцы, — маладая кабета з густа намаляваным чырвонай памадай ротам не павіталася, а развярнулася і моўчкі пайшла па калідоры.

Дзікун пацеляпаўся следам, разважаючы, ці перадаць прывітанне ад Мао, і разглядаючы новую спадарожніцу. Карацюсенькая спадніца не да канца прыкрывала някідкі, але, як на вока Дзікуна, сімпатычны азадак. Хутчэй за ўсё пад спадніцай былі стрынгі, але дакладна сказаць было нельга, бо ў калідоры панавалі прыцемкі. Чорнага колеру сцены і падлога калідору былі падсветленыя рубінавымі плафонамі. На пакаёўцы былі чорныя панчохі, якія адцянялі чырвоныя лабутэны.

«Бар, саўна, басейн, парная лазня, рэстаран, більярд, казіно, вышэй яшчэ адзін рэстаран і лаўндж-бар. Тамсама асобна дыскатэка. Пройдземце да ліфта». У адрозненне ад калідору, ліфт быў добра асветлены. Таццяна на сваіх абцасах была на паўгалавы вышэйшая за Дзікуна, якому толькі заставалася разглядаць грудзі пакаёўкі.

Нумар быў на апошнім — пятнаццатым — паверсе. Таццяна паказала, што дзе ляжыць з неабходнага для туалету, пажадала добрага вечара і сышла строгай паходкай, нібы бізнес-лэдзі пакінула перамовы. Толькі нагадала на развітанне, што паліць дазваляецца ў спецыяльным месцы ў канцы калідору.

З вокнаў быў бачны густа падсветлены ліхтарамі пляц. Направа — Партызанскі праспект, налева — па ўсім відаць, «забаўляльна-гандлёвая ўстанова «Універмаг». Далей горад ляжаў у абсалютнай цемры. Не, яшчэ крыху дзесьці былі агні. «ДК МАЗ», — прыгадаў мапу Дзікун.

На часопісным століку ляжала брашура «Стоп рабства!». З такой самай выявай, што і на плакаце ў холе. Дзікун разгарнуў і прачытаў тэкст, з якога дазнаўся, што прыезджым ні пры якіх абставінах не рэкамендуецца знаёміцца з жанчынамі на вуліцы. У якасці ілюстрацыі ішла гісторыя пра тое, як два інтурысты загулялі з мясцовымі дзяўчатамі ў адным з бараў, пасля паехалі да дзяўчат дадому, а ўрэшце апынуліся ў скляпенні, дзе два месяцы смажылі дранікі на продаж. І што толькі цудам інтурысты здолелі ўцячы ад рабскай працы.

На століку была яшчэ газета пад назвай «Город Мечты» з выявай нейкага мужыка пасярэдзіне, стос такіх самых газетаў Дзікун заўважыў на рэцэпцыі. Былі тут ці то брашуры, ці то рэкламкі, але Дзікун вырашыў пачытаць іх пазней. Хацелася нарэшце про­ста бестурботна прагуляцца. Перад тым, як спусціцца ў хол, Дзікун пайшоў папаліць. Пакойчык для курцоў выходзіў вокнамі ў бок Менску. Мяжа з Горадам-Героем была выразна бачная: вось тут цемра, а вось тут пачынаецца асветленая тэрыторыя. Дзікун нават угледзеў памежную вышку з кулямётным гняздом, міма якой праехаў браняваны цягнічок.

— Я п'ян, — паведаміў Ваня ў пустэчу вечаровага праспекту.

Ваня сядзеў на кукішках перад уваходам у бар «Сумёт» — проста праз дарогу ад «Турыста».

— Я п'ян, — паўтарыў Ваня, павярнуўшыся да куста, які таптаўся каля ганка. Здавалася, куст усёй сваёй сукупнасцю галінаў і лісця выцягнуўся ў бок Вані, каб лепш зразумець словы.

З адкрытых дзвярэй барчыку пачулася:

— А што гэта Ізяслаў Віктаравіч не заходзіць?

— Той, які прафесар? А... Гэта, Уладзік, Ізяслаў Віктаравіч сказаў п'янаму Ваню, што ў захапленні ад таго, як Ваня з трасянкі на трасянку пераключаецца. Назваў Ваню лінгвістычным амбідэкстарам. За што Ваня даў яму ў нос.

— Ясна, Анжэлка. Бачу, Ізяслаў Віктаравіч ужо прайшоў усе кругі бару.

— Анжэла, дай мне менскую гарэлку, я гэтай свінячай «каларадкі» піць не буду! — прагучаў іншы голас. Дзікун акурат у гэты момант праходзіў міма, але голас прымусіў спыніцца і зазірнуць унутр невялічкага бару, зробленага ў колішнім пад'ездзе.

— Немчык, якая «свінячая», ну колькі ўжо можна, што ты людзей абражаеш?

— Немец? — спытаўся Дзікун, працягваючы руку.

— А, шчанюк худы, — радасна прыгадаў Немец. — Сілён, брадзяга! Я бачыў, як ты на піўняку малаціў тых дурымараў.

У Немца спачатку была мянушка Тэўтонец, бо ён захапляўся крыжакамі: з дзяцінства калекцыянаваў салдацікаў-крыжакоў, прачытаў пра крыжацкія ордэны, найперш Тэўтонскі, усе магчымыя кнігі. Татухі сабе набіў крыжацкія. Таму Тэўтонец, Тэўтончык, а ўрэшце для зручнасці сталі клікаць Немец і Немчык.

— Ды вы хоць разумееце, што канкрэтна вы бухаеце?! Вы ж сабе апошнія мазгі вычышчаеце! — відавочна працягваў старую дыскусію Немец.