Ваня з ганка:
— Немец, ну вось што ты прычапіўся? У кожнага сваё меркаванне. Мне «пятачок» падабаецца, і я яго буду піць. А табе не падабаецца, ну і пі сваю гэтую, з водарасцяў ці з чаго яна там. Мне толькі карцінка ў целіку не падабаецца. Анжэла, пашчоўкай, калі ласка, што там яшчэ ёсць.
Анжэла стомлена, але дзелавіта пачала круціць ручку з боку ад каробкі старога, не тое што даваеннага, яшчэ дагістарычных часоў «Гарызонта».
— Сіські, сіські, мачылава, сіські, мачылава, пляжы, дарагія гатэлі, сіські... — Ваня меланхалічна пералічаў тэматыку карцінак, накручаных на ўстаўлены ўнутр корпуса тэлевізара барабан. — Блін, няўжо няма чагосьці больш глыбокага?
— Ваня, прынясі сваю карцінку і глядзі на яе, калі нашы не падабаюцца.
— Я б лепш на твае сіські паглядзеў, толькі мужу не кажы... Налі яшчэ.
Анжэла наліла палтос «пятачка» і спыталася ва ўсіх прысутных:
— Дык што глядзець будзем?
Раптам прачнуўся Уладзік, які перад тым быў драмануў на барнай стойцы, і рашуча заявіў:
— Футбол.
Немец моўчкі дастаў з вялікай кішэні на баку шортаў акуратна складзены аркуш глянцавай паперы. Гэта была вокладка нямецкага футбольнага часопісу за 2015 год.
— Ого, — так добра захавалася папера? — Ваня перасунуўся так, каб бачыць, што адбываецца ў бары.
— Як вы заманалі сваім футболам, — ляніва канстатавала Анжэла і прыляпіла карцінку да трэснутага экрана «Гарызонта».
Сам Немец дэманстратыўна адвярнуўся. Астатнія ўжылі хто што меў, закусілі бутэрбродамі з паляндвіцай са свінавасьмінога, прысыпанымі зверху «чацвёркай» — так прысутныя называлі бульбяныя чыпсы.
— Гооол! — праз хвіліну закрычаў Уладзік.
— Я п'ян, — сказаў Ваня.
«Пятачок» вадкі, «чацвёрка» цвёрдая пакрышаная. Дзікун усмоктваў у сябе новую інфармацыю. Пра такое на інструктажы ў Добрым Месцы не казалі. На новапрыбылага кліента ніхто не звяртаў увагі. Дзікун заказаў сабе піва. «Імпартнае, менскае, тока ўчара прывязьлі».
Ваня скептычна паціснуў плячыма:
— Нічога я ў вашым футболе не разумею. І я ўжо п'яны. Выклічце мне таксі.
Анжэла ўзяла ў рукі антыкварны мабільнік, які вісеў на сцяне як дэталь інтэр'еру, і як бы набрала нумар. Ваня сціх у чаканні.
— Гооол! — зноў закрычаў Уладзік і азартна павярнуўся да Немца. — Ты бачыш, што яны твораць?
Немец пацягваў адвёртку з сапраўднай заводскай менскай гарэлкі, змяшаную з натуральным вінаградным сокам. «Без кансервантаў. Хімічную прамысловасць яшчэ не да канца аднавілі», — так у бары рэкламавалі дарагі імпартны прадукт. «А «каларадку», — сказаў Немец, — я не ўжываю ні ў якім выглядзе. Зу-сім». Відаць, сказаў не першы раз, бо ніхто не зрэагаваў. «Каларадка» — гэта тып напою ці канкрэтны гатунак?» Дзікун моўчкі сачыў.
Анжэла выйшла папаліць, а Немец у гэты час замяніў карцінку на тэлевізары: вокладку спартовага часопісу на выразку з грамадска-палітычнай газеты 2014 года. Усміхнуўся сабе пад нос і выйшаў з бару, далучыўся з самакруткай да барвуменкі.
Праз хвіліну з бару панеслася:
— Сукі, хунта!
— Сам ты хунта!
— Хлопчыкі, ну колькі можна, зараз выключу тэлевізар, — праз плячо паўкрыкнула Анжэла.
— Стой! Дай дагляджу!
— Я п'ян...
Немчык нарэшце звярнуўся да Дзікуна:
— Слухай, турыст з далёкіх астравоў, любімец публікі і жэнскіх абшчэжыцій. У цябе від даўно неп'юшчага чалавека! Рады бачыць пачценную публіку. Дык давай ужо пазнаёмімся ізноў. Я Аляксандр, для сваіх — проста Немец.
— Станіслаў. Для сваіх — проста Дзікун.
Зноўку паручкаліся.
— Немчык, у цябе ўжо дзясятая адвёртка ці дванаццатая? — Гэта падышла сінявокая бландзінка гадоў трыццаці пяці. Як пасля дазнаўся Дзікун, таксама барвуменка, Даша.
— Ваня што — праўда на «пяцёрачку» перайшоў?! — Даша не хавала свайго жаху.
— Так, Дашусік, на яе, на хрукалку, на «пятачок», — пацвердзіў Немец.
Даша няўхвальна пахістала галавой:
— Як ён цяпер карцінкі для целіка і білборды будзе маляваць? За што будзе жыць?
Павісла паўза.
— Вось такая макля, — развёў рукамі Немец і павярнуўся да Дзікуна. — «Пятачок» — гэта не пра наркотыкі. Наркотыкі тут нахер нікому не патрэбныя. Тут і алкаголь п'юць хутчэй са звычкі — традыцыя такая. А мне толькі алкаголь патрэбны. Я б бросіл піць, но как жыць без мечты?
Немец праз Уладзіка перадаў сваю шклянку да барнай стойкі:
— Пралангіруйце, будзьце любезны, алкагалісьцічаскі сектар.
Павярнуўся да Дзікуна:
— Знаеш, пацанчык, чаму я табе дапамог? У цябе выраз твару не такі, як тут. Не як у гэтых шлёцэкаў, — паказаў углыб бару, — не як у мяне і не як у Вані. Хер паймі які выраз твару. Я такіх на астраўных хутарах не бачыў. Вумны сільна ці што. Хоць бачу, што баец.