Выбрать главу

Немец адпіў са сваёй шклянкі. Уладзік быў пацягнуўся цокацца, але Немец парыраваў, маўляў, «я па сваёй праграме», і працягнуў:

— Бачу, Дзікун, разводзяць цябе на КПП, як кампот. І бачу, што ў чэла з хер ведае адкуль з Усходу пры сабе кнігі! Кнігі! Прыкінь? І кампакты. І я кажу сабе: «Будзь любезен, старычок, памажы хлопцу». Гэта ж не проста пілігрыміна нейкая. Ты адкудава нарысаваўся такі, дружышча? Можа, у вас там многа кніжак на тваім дзікім хутары, можа, давай зганяем туды, забарыжым разам? Ілі ну яго нахер, за табой пацанва стаіць? А ты тут рынкі збыту вывучаць пад'ехаў?

Немец кідануў недапалак у манументальную старажытных часоў каменную сметніцу і прамазаў:

— О-ба-на, трохачковы няўдас... Па бы­лой трасе М4 няма гарадоў, і людзей з гулькін нос на астравах жыве. У іх усе кніжкі паскупляныя даўно. Вунь пункт прыёму інфармацыі ў порце «Чыжоўка» даўно барыжыць кантрабасам з Менску, бо мала інфармацыі прывозяць. Панімаеш, Дзікун, і тут ты — пацанчык такі незамутнёны з чыстымі, амаль не карыстанымі, кніжкамі. Што скажаш, дружышча?

— Ну.

— Нашы тут спачатку ўсе кніжкі ў Менск спіхнулі, а гадоў праз пятнаццаць пайшла мода, ціпа элітарная, для ізбранных — чытаць, бл@ць! А поезд цю-цю. Няма чаго чытаць. Пакажы, што ў цябе за кніжкі.

Як навучыў Альгердыч, грошы і каштоўныя рэчы Дзікун узяў з сабою. Немец зірнуў апошнюю, што засталася, кнігу, прачытаў назву «Падарак первай ночы».

— У Менску нават на тры капейкі не абмяняеш — нахвіг там каму трэба слёзнае абы-што, на каленцы напісанае. А ў нас такое мясцовая «цілігенцыя» чытае. А часцей на паліцу ставіць — па-багатаму выглядае. Пакажы дыскі... О, вось гэта рэальна на вагу золата ў Горадзе-Героі. Калі камп'ютары ў Менск прадавалі, дык заадно з музычнымі файламі. Цяпер усе на падсосе ў плане рэпертуару. У Менск такое не прадасі, але можна самім зарабляць. На дыскатэках. Ці здаваць дыскі ў арэнду. Замуцім бізнес, Дзікун?

Але Дзікун не адказаў, бо ў гэты самы час побач з барам затармазіў грузавік сярэдніх памераў, які меў выгляд пакладзенай на бок шафы з закратаваным акенцам пасярод дзверак, з якой выскачылі тры міліцыянты ў чорных масках. Пакуль двое трымалі на прыцэле наведнікаў бару, трэці схіліўся да Вані і ладзіў пэўныя маніпуляцыі. Ага, узяў кроў з пальца і засунуў у нейкую машынку з далонь памерам. Агрэгат пікнуў, паказаў на экранчыку нейкія лічбы, Ваню імгненна запакавалі ў грузавік, які адразу газануў, як закрыліся дзверкі «шафы».

— Навошта Ваня папёрся на вуліцу? — за­плакала Анжэлка.

— А то яны ў бары не заходзяць, калі хочуць, — сумна парыраваў Уладзік.

— Свінавоз, — звярнуўся Немец да Дзікуна. — Свінавоз вязе людзей на Свінакомплекс. З кожным годам усё болей і болей.

— А што яны мералі?

— А яны самі не ведаюць. Ім сказалі, што калі пакажа 0,25, то забіраць. А чаго нуль дваццаць пяць? Хер яго ведае! І так вось аблавы ладзяць. Па пятніцах каля прахадных заводаў. Яшчэ побач з вяселлямі і карпаратывамі любяць у засадзе сядзець. А ў будны дзень, як сёння, то проста на вуліцы спыняюць каго хочуць і мераюць. Як па мне, то гэта ўсё «хрукалка», то бок «каларадка нумар пяць» дзейнічае...

— Ды змоўкні ты, а то і цябе, і нас усіх забяруць! — пракрычала скрозь слёзы Анжэла.

У гэты момант у Дзікуна рэзка зачасаліся абодва вокі. Зусім недалёка адбывалася штосьці вельмі небяспечнае для чалавека. Дзікун кінуў на стойку пару рашчотных білетаў і хутка рушыў за рог — у двор. Адразу пабачыў каналізацыйную дзюрку без лю­ка. З-пад зямлі крычала-лямантавала жанчына. Побач гыгыкалі два падлеткі гадоў па трынаццаць-чатырнаццаць. Адзін прапанаваў пісклявым голасам:

— Чуеш-чуеш, Дзімон, давай насцым туды!

Пісклявы быў выняў ужо пісюна, як атрымаў выспятка ад Дзікуна, праляцеў над люкам і ляснуўся тварам у рэшткі асфальту на зямлі. Другі кінуў сябра і даў драпака. Праз хвіліну Дзікун выцягнуў кабету на паверхню.

— Як вы? Нічога не зламанае, ісці можаце? Абапрыцеся на мяне. Так, добра, я вас трымаю. Хадземце.

Дзікун ратаваў людзей без роздумаў: ра­бота сталася звычкай, якая, як вядома, дру­гая натура.

11

Дзікун заказаў сабе ў нумар літр бураковага квасу, змяшанага з ананасавым сокам.

Вокны пакою выходзілі на паўднёвы ўсход. Горад-Герой ляжаў як на далоні. Цяпер, раніцай, усё было добра бачна. Вунь зусім далё­ка выглядае з-за дахаў Завод калёсных цягачоў. Палова яго прытопленая вадой, а другая палова даступная з сушы. Крыху бліжэй бачны МАЗ. Злева, яшчэ бліжэй, стаіць ЦЭЦ-3. А зусім побач з гасцініцай пачынаецца плот Падшыпнікавага заводу. Ад слова «шарыкападшыпнікі» пайшла назва раёну — Шарыкі.