Калісьці ўся гэта частка гораду сфармавалася пасярод сасновых бароў. Нават кафэ тут, на раёне, назвалі «Сосны». За прамінулыя трыццаць гадоў дрэвы ссеклі практычна ўсе. Цяпер зеляніна складалася з шапак лішаёў на дахах і заводскіх комінах. Калі ўнізе «карычневыя камізэлькі» паўсюль, дзе магчыма, скрэблі з разбітага тратуару і абшарпаных сценаў лішаі ды лавілі кусты, то чым вышэй, тым мацней буяла расліннасць. А хто б палез на трыццаць гадоў не рамантаваны заводскі комін? Дурных няма.
Цяпер Дзікун заўважыў, што тут, на ўзроўні пятнаццатага паверху, ветру практычна не было. Тым ня менш, лішаі ўсіх магчымых відаў энергічна шаволіліся над дахамі дамоў — на адным узроўні з гасцінічным акном. Шаволіліся не рытмічна, як марскія хвалі, але нібы кожны ў свой бок, хто куды хоча. «Наступствы моцнага алкаголю», — вырашыў для сябе Дзікун, які парушыў адзін з галоўных запаветаў бачуна — не дэцэнтралізаваць свядомасць з дапамогай стымулятараў. А пачыналася так.
Увесь учорашні дзень мінуўся ў цэнтры Горада-Героя: вялікі шпацыр ад рынку каля гатэлю да «ДК МАЗ» з заходам у крамы і кавярні. У вочы адразу кінулася, што навакольны краявід амаль не ўтрымлівае ў сабе літараў. Шыльды і абвесткі, пісаныя літарамі, Дзікун пакуль бачыў толькі ў ваколіцах порту і ўнутры гасцініцы. Хоць малюнкі трапляліся. Ну вось жа на Партызанскім праспекце: з аднаго боку дамы пазначаныя стылізаванымі МР 38/40, больш вядомымі ў народзе як «шмайсэр». А насупраць дамы прамаркіраваныя выявамі ППШ. Цотныя — ППШ, няцотныя — «шмайсэр».
Дзе-нідзе на дамах яшчэ былі бачныя лічбы, але збольшага мясцовыя жыхары арыентаваліся праз імёны ўладальнікаў жытла. Напрыклад, пошук адрасата на Народнай 5, кватэра 12 значыў, што кожны абітальнік Горада-Героя ведае назвы вуліцаў, таму падчас пошуку застаецца толькі спытацца ў мясцовых жыхароў, дзе нумар 5 і дзе там жыве Валянціна Сямёнаўна ці Андрэй Хведаравіч. Калі адрас быў у маленькім завулку ў прыватным сектары, часам удакладнялі, побач з чым стаіць дом. Да адрасу «завулак Грыбны 2» дадавалі, што ён у раёне Несцерава, бліжэй да скрыжавання з Ангарскай.
І толькі на цэнтравым адрэзку Партызанскага праспекту былі свежанамаляваныя лічбы. «Для турыстаў», — патлумачыў хтосьці з мясцовых. «Турыстамі» зваліся ўсе прыбылыя, незалежна ад мэты візіту. Турыст — іншаземец, замежнік, чужынец. Чалавек, на якім можна нажыцца.
— Жалеза, жалеза! Прадаю жалеза, купляю жалеза, рамантую жалеза! — пад акном спыніўся «камп'ютаршчык» са сваім вазочкам, забітым старымі мацярынскімі платамі, жорсткімі дыскамі, працэсарамі ды іншым камп'ютарным начыннем. Таксама вока Дзікуна выхапіла з вазочка рознага кшталту радыёдэталі.
Дзікунова блуканне па Горадзе-Героі пачалося ўласна з рынку, які пульсаваў удзень на пляцы між «Турыстам», «Універмагам» і Партызанскім праспектам. У адрозненне ад партовага, заточанага пад бульбу, дары мора і «дары астравоў», гэты рынак прапаноўваў набыць ці памяняць практычна ўсё, што было ў Горадзе-Героі. З боку, што бліжэй да «Універмагу», былі шэрагі з ежай. З улікам блізкасці «Турыста» і ўласна турыстаў апроч традыцыйнай бульбы гатунку «дружба» ды марскіх далікатэсаў можна было набыць абсалютную экзотыку. Вінаград і ананасы прывозілі толькі з Менску. Малочныя вырабы наагул везлі транзітам праз Менск з Заходніх тэрыторыяў.
А вось, напрыклад, парэчкі, трускалкі, памідоры і гуркі былі мясцовай вытворчасці. Шмат хто ладзіў агароды на дахах. Улады закрывалі вочы на несанкцыяваны захоп тэрыторыі. Бо агароднікі заадно расчышчалі кавалкі паверхні ад лішаёў ды іншых «джунгляў». Цягам трыццаці гадоў дахі рамантаваліся толькі там, дзе жылі людзі. А людзі засялялі каля трыццаці працэнтаў ад будынкаў Горада-Героя. Рэшта жылых плошчаў стаяла пустая і паціху гніла-развальвалася.
А яшчэ на рынку прадавалі сала. Свінагадоўля была абсалютнай манаполіяй дзяржавы. Немец у бары сказаў, што хоць і любіць сала, але купляе яго толькі падчас камандзіровак у Менск. Немец быў адным з нямногіх шчасліўцаў, хто меў гадавую менскую візу. Немец сказаў, што на рынку ёсць і прывазное з-за мяжы хутарское сала, але дзе якое і адкуль — «хер уведаеш». А мясцовых кабаноў толькі «дружбай» кормяць. Немец жа «каларадкі» не ўжывае. «Ага! «Каларадка» — бульба — «дружба».
Але. Галоўнае, што Дзікун зразумеў: цяпер хлеб — ці не самы дарагі прадукт, які могуць сабе дазволіць толькі вельмі багатыя людзі Горада-Героя. Няма дзе вырошчваць збожжа, уся вольная зямля аддадзеная пад «дружбу». А абшарнікі-латыфундысты з Заходніх тэрыторыяў хоць і маюць больш зямлі, практычна ўвесь хлеб прадаюць Менску. У Горад-Герой мука трапляе з дзесяціразовай накруткай.