Выбрать главу

У бары «Сумёт», альбо «палтосачнай», як называў яе Немец, Дзікуну сказалі, што ў Горадзе-Героі забароненыя якія-кольвек радыё- і тэлепрымачы. Што за праслухоўванне FM- і тэлеэфіру з Менску можна атрымаць вялікі штраф ці прымусовыя працы. За неаднаразовае парушэнне забароны — «пуцёўку на Свінакомплекс, адкуль яшчэ ніхто не вяртаўся».

За час бадзяння па рынку Дзікун зразумеў, што людзі з-пад пахі прадавалі і куплялі абсалютна ўсё, што засталося ад былога часу — з жыцця да Вялікага Выбуху. Кнігі, часопісы, дыскі, флэшкі, вінчэстары. Найбольш цанілася забаўляльная і навуковая інфармацыя. Навуковую — кантрабандай перапраўлялі ў Менск. Забаўляльная — манетызавалася самымі рознымі шляхамі. Напрыклад, копія фільму ішла ў элітныя відэасалоны. Як афіцыйныя, так і падпольныя. Гэтая забава — прагляд фільму — каштавала дорага па мясцовых мерках.

Але і беднякі маглі атрымаць свой маленькі кайф. Трымальнікі інфармацыі мелі цэлую сетку расказчыкаў. Чалавеку падпольна давалі паглядзець фільм па ТВ-Менск, а пасля ён ішоў па дварах ці на рынкі, дзе вакол збіраліся дзясяткі, часам сотні чалавек і за маленькія грошы слухалі пераказ сюжэту фільму. Сабраная сума залежала ад таленту расказчыка. Пяцьдзясят працэнтаў даходу аддавалася тым, хто больш за ўсіх рызыкаваў: уладальнікам тэлевізараў. Трыццаць адсоткаў плацілі ахове расказчыка. Бо да ўсяго працавалі «дзікія» расказчыкі, якія маглі пагнаць канкурэнта. Барацьба за рынкі была вельмі жорсткай. Дваццаць працэнтаў заставалася, уласна, майстру апавядальнага жанру.

Асаблівым поспехам лічылася атрымаць у свае рукі серыял. Людзі прызвычайваліся да стылю расказчыка і шлі канкрэтна на яго. У «прафсаюзе» расказчыкаў былі выбітныя асобы, якія маглі самі прыдумляць працяг серыялу, а некаторыя нават з нуля ствараць свае аўтарскія тэксты. Гэтыя абраныя майстры не залежалі ад патранажу варацілаў чорнага бізнесу. Іх бараніла народная любоў.

Вяршыняй прафесіі ўважалі ўменне пры­думляць серыялы для дзяцей, бо дзеці цягнулі з сабою бацькоў, што павялічвала аўдыторыю і, адпаведна, касу, у два-тры разы. Топавай тэмай было падземнае жыццё Горада-Героя. Сярод любімых дзецьмі персанажаў былі каналізацыйныя мутан­ты ўсіх відаў: гіганцкія пацукі-людажэры, заблукалыя вайскоўцы, якія палявалі на падпольшчыкаў, а ператварыліся ў прывідаў-забойцаў, гіпнатызёры-сектанты, якія выядалі твае мазгі на адлегласці, паўсталыя з дамавінаў рыцары даўнейшага часу, якія ратавалі чалавецтва ад мутантаў. Дзікун заўважыў, што ўваходы на станцыю метро «Партызанская» побач з «Турыстам» былі закрытыя тоўстымі сталёвымі лістамі. І што практычна ўсе каналізацыйныя люкі, якія яму сустрэліся, былі завараныя. Хіба апроч таго аднаго, у двары каля «Сумёту». Хоць агулам Горад-Герой звонку можна было ацаніць як раздзяўбаны. А тут такая ахайнасць.

— Дзядзька, купі карцінкі.

Гэта да Дзікуна звярнуўся хлопчык гадоў дзесяці. Малы раскрыў свой заплечнік і прадэманстраваў невялікі набор коміксаў. Відавочна секс-коміксаў. Адна вокладка бы­ла пазначаная назвай «Альгердава дзіда». На выяве здаравенны дзядзька ў рыцарскіх латах засланяў спінай голых дзевак, а сваім гіганцкім чэлесам разганяў драбнюсенькіх мужычкоў. З-за «Альгердавай дзіды» вытыркаліся іншыя сшыткі. Былі бачныя толькі назвы: «Дзікае жаданне караля Стаха», «Случай на раёне», «Толькі ўпоратыя нічога не баяцца».

— А чаго хаваешся? У вас жа такія карцінкі не забароненыя.

— Гэта з-за заходняга бугра — нацыя... нацыянальнаар... нацыянальнаарыентаваныя... — ледзь пачуў шэпт Дзікун.

— Па чым?

— Пяць лахатронак.

— ?

— Пяць рашчотных латарэйных білетаў. За кожны.

Дзікун абраў «Альгердаву дзіду». Ціха абмяняліся паперамі — карцінкі на латарэйкі.

— Ты толькі не свяці, дзядзька, карцінкамі, а то мянты заграбуць. — І хлопец знік у натоўпе.

«Надрывались от погони сторожа, / И со­баки не жалели в беге сил. / Я ж бежал, тво­им букетом дорожа, / И, запутавшись, в за­борах колесил...»

Дзікун зайшоў у невялікую кавярню на першым паверсе «Універмагу» пад назвай «Паўночы вецер».

— Можна вас папрасіць прыглушыць му­зыку?

— Не.

— А цалкам выключыць?

— Не. А вы ці не з Рудзенску часам?

— Не, Рудзенск пад вадой даўно, я далей, з хутароў за Магілёвам.

— О, землякі! — узрадаваўся бармен. — Я родам з Магілёва. Даўно пераехаў сюды. А я бачу, што не па-тутэйшаму апранутыя, але і не як з Захаду, здалёк як бы. Адкуль жа яшчэ, як не з выспаў.