Выбрать главу

Праз столік сядзеў самотны мужык, пе­рад якім стаяў графін з гарэлкай і талерка з дранікамі. Мужык ляснуў кулаком і звярнуўся да графіна:

— Гробаны Запад! Там жэ нашы брацья! Гробаны Кароль не хоча іх асвабадзіць ад буржуінаў! За што мы кроў пралівалі на Велазаводзе? А?!.

Графін маўчаў.

Бармен з дакорам і спачуваннем паглядзеў на мужыка. Патлумачыў Дзікуну:

— Даўно тут сядзіць. Ардзенаносец. Адзінае, што яму пагражае, — прымусовае лячэнне ад алкагалізму ў рыбалоўнай арцелі на астравах. А іншага б даўно на Свінакомплекс адправілі... Дык я пра што. А! Вы пы­таны дзіўныя задаяце. Калі я прыглушу музы­ку, у мяне забяруць ліцэнзію. Калі адключу, да таго ж такі штраф упаяюць, што давядзецца ісці ў вечную кабалу да дзяржавы. А на радыётрансляцыю ў дзяржавы выключная манаполія. А шостай раніцы ўключаецца, а дзясятай вечара выключаецца. Праведзена ва ўсе кватэры і ўстановы. Калі ты, напрыклад, рамантуеш сабе новапрыдбаную кватэру, то абавязаны цягам двух дзён правесці туды дрот. За свой кошт. Узровень гуку пазначаецца адмысловай рысачкай, калі ты рэгіструеш свой прымач у міліцыі. Калі не рэгіструеш — адразу адпраўляюць на Свінакомплекс.

Дзікун кіўнуў, маўляў, усё зразумела, і пачаў вывучаць меню.

— Магу прапанаваць як земляку самаробнае віскі. Сам гнаў з пшанічнай мукі з Заходніх тэрыторыяў. Настойваў паўтара года ў дубовай бочцы — найвышэйшы клас!

— Не, дзякуй, я толькі паесці хачу.

— А я вам падкажу. Якой кухні аддаяце перавагу: традыцыйнай ці старатрадыцыйнай?

— Стара?..

— Пра «каларадку» чулі? — прашаптаў бармен.

— Э... — Дзікун вывучаў гатункі чыпсаў на палічцы пад бутэлькамі з алкаголем.

— Так-так, зямляк, вы гледзіце на «каларадку», гэта новатрадыцыйная кухня — не ўжывалі яшчэ? Тады і прымушаць не буду. Прапаноўваю сцягно дзікага труса, тушанае з цыбуляй і таматамі з кукурузным лавашом у дадатак. З напояў — паўднёварадашкавіцкае сухое вінаграднае віно.

— Ок. Толькі без віна.

Дзікун спытаўся, ці можна набыць цыгарэты. У кавярні не прадаваліся, але бармен паказаў на суседнюю краму. На ёй на шыльдзе быў намаляваны знак «$». «Замежнікам можна за валюту». У вітрыне размяшчаліся дызайнерская вопратка, аўтарскія ювелірныя вырабы, дыскі з музыкай і фільмамі, адзін камп'ютар. А таксама цыгарэты «Менск». «Вельмі дорага», — Дзікун пакруціў перад вачыма цэннікі, якія ўжо паспеў пабачыць у Горадзе-Героі. Дзіва што ў краме «Бакс» наведнікаў не было.

Каля крамы тусаваліся непрыкметныя персанажы, якія сваёй «непрыкметнасцю» адразу звярталі на сябе ўвагу. «Толькі не купляйце і не мяняйце нічога ў барыгаў, ніколі не ведаеш, ці не аператыўнік гэта», — папярэдзіў бармен.

Дзікун упершыню паліў цыгарэты з фільтрам. Гэта быў кайф. У горадзе было шмат новых кайфаў.

Праз сценку з «Баксам» суседнічала крамка, пазначаная на шыльдзе малюнкам пэндзля. Зразумець мастацкага канцэпту шыльды Дзікун не змог: ці тут прадаюцца прылады для малявання ці карціны? Зрэшты, наўкола скрозь панавала нязвыклая воку візуальная эклектыка. Больш дакладна — адсутнасць хоць якога мастацкага канцэпту. На білбордах, на расцяжках і плакатах усё было выканана бляклым малінава-бэзавым, часам з пераходам у маскіравальна зялёна-сіне-карычнівае адценне.

Вось партрэт Караля. Так патлумачылі Дзікуну, бо насамрэч быў бачны адно кепска напісаны абрыс мужыка ў паўпрофіль. А вось групавая выява барацьбітоў з каларадскімі жукамі на білбордзе, за якім бачны намаляваны на палову сцяны палавы акт мужчыны і жанчыны: над геніталіямі ўзыходзіць сонца, а ўсё разам аздобленае вянком з бульбянога бацвіння і валошак. Сэнс кампазіцыі Дзікуну патлумачылі ў кра­ме з пэндзлем.

— Духоўнымі карцінкамі цікавіцеся? — добразычліва ўсміхнулася дама гадоў пад семдзесят з акуратна зачасанымі назад сівымі валасамі і ў круглых акулярах на даўгім носе.

— Ды якая ж гэта духоўнасць?! Гэта самае сапраўднае порна! — упэўнена парыраваў Дзікун у шчырым здзіўленні гартаючы першы-лепшы ўзяты з паліцы комікс.

— Ма-ла-ды ча-ла-век! — строга пачала прадавачка. — Я вас па-пра-шу! Прынцып нашай крамы — духоўнасць, духоўнасць і яшчэ раз духоўнасць!

Дама рэзка схапіла з паліцы адзін са сшыткаў з малюнкамі, пачала хутка гартаць старонкі і па чарзе соваць пад нос Дзікуну:

— Вось — гэта, гэта, гэта, вось — глядзіце? Гэта порна?!

— Порна як порна, і не вельмі якасна намаляванае.

— Гэта ў іх там, — рука прадавачкі скіравалася ў бок Менску, — у іх — порна! У іх — бездухоўнасць! У іх — разлажэнне грамадства.