Выбрать главу

12

У дзверы нумару пагрукаліся. «Заходзьце!» На парозе стаяла рудая кабета, апранутая ва ўніформу пакаёўкі. «Знаёмае аблічча...» — пачаў прыгадваць Дзікун. Пакаёўка крыху пагойдвалася. І крыху засмучана ўсміхалася. Добразычліва патлумачыла:

— У мяне змена пачынаецца.

— ?!

— Выклік у гэты нумар, — пакаёўка паправіла карацюсенькую форменную спаднічку і шмыганула міма Дзікуна ў суседні пакой.

— Ну што — ачуняў? — пачуўся з-за дзвярэй другога пакою бадзёры голас Немца. — А я сяджу не п'ю ужэ с утра.

Дзікун глядзеў унутр сябе.

— Што, узгадваеш, што было ўчора? Не напружвай пукацельную вену. — Немец радасна глуміўся. — Пачакай, раскажу.

Рудая тым часам распраналася, а з ложку вылезла другая пакаёўка — Таццяна.

— Пост здаў, пост прыняў, — весела казырнула Таццяна правай рукой, а левай прыкрыла голыя грудзі. Нядаўняй строгасці, што была падчас засялення ў нумар Дзікуна, як не было.

— Ты, Дзікун, не хвалюйся, я гэты рахунак ужо аплаціў, — супакоіў Немец.

Дзікун не хваляваўся, а спрабаваў узгадаць, якім чынам тут апынуўся Немец. Дзікун вярнуўся ў асноўны пакой. Наліў са збана яшчэ квасу з сокам. На стале побач з букле­там «Стоп рабства!» ляжаў «Прэйскурант тавараў і паслуг».

Ручнік — столькі рашчотных білетаў, мы­ла — столькі...

Абрус, фіранкі, бялізна, збан, шыба, псаванне падлогі, псаванне ложка, псаванне крэсла, псаванне фатэля. Усё каравым ледзь чытэльным почыркам. Побач ляжаў прайс з загалоўкам «Спецыяльнае абслужываніе». Вельмі старая паперка, на выгляд — ксеракопія, была ўстаўленая ў не менш ста­ры поліэтыленавы файлік.

«Секс классический, Секс анальный, Секс групповой, Секс лесбийский, Услуги семей­ной паре, Минет в презервативе, Минет без резинки, Минет глубокий, Куннилингус, Игрушки, Стриптиз профи, Стриптиз не про­фи, Лесби откровенное, Лесби-шоу, Лёгкое БДСМ, Бандаж, Госпожа, Ролевые игры, Лёг­кая доминация...» І яшчэ два дзясяткі словаў, палову з якіх Дзікун не зразумеў, хоць са школы ведаў пяць моваў і пры патрэбе мог вывучыць яшчэ пяць менш чым за год. І порна Дзікун бачыў у бібліятэцы Добрага Месца. «Ну, Альгердыч! Так-то ты мне распавёў «усё, што ведаеш пра Менск»?!»

«Качаства ўслуг, как і абеды, у нас пракцічаскі дамашнія», — прыгадаў Дзікун словы адміністратаркі Алы Пятроўны.

На ксеракопіі было прыпісана тым самым каравым почыркам, што на прэйскуранце: «Абанямент. Паўдня, дзень, тры дня, нядзеля, дзве нядзелі, месяц. Гражданам Горада-Героя — льготны крэдзіт».

— Немец, мясцовыя тут карыстаюцца паслугамі?!

— Панты. Ціпа, «я тыдзень жыў у «Турысце», зайздросціце мне». Піва будзеш? Менскае «Граф Чапскі», старажытная рэцэптура — 1993 года! Чуеш? З дадаткам ядлоўцу!

Ядлоўцу ў Добрым Месцы не было. Але Дзікун ужо не хацеў нічога каштаваць з таго, чаго не ведаў. Накаштаваўся ўжо ўчора... Але дзе і чаго? Дзікун перавёў тэму:

— Немец, тут так файна. Я ведаю пра Менск, пра Менск і Горад-Герой, усё-усё. Ну, амаль усё, — выправіўся Дзікун, зірнуўшы на прэйскурант паслуг гасцініцы. — Я разу­мею, што я проста ўпершыню ў жыцці ў горадзе. Таму ад усяго, — а ў думках удакладніў: «Ладна, шмат ад чаго», — у захапленні. Але ж ты п'еш менскае піва, не ўжываеш мясцовых харчоў, высмейваеш сваіх суайчыннікаў, у цябе ёсць менская віза. Чаму ты не з'язджаеш?

Немец паглядзеў на Дзікуна задуменна і прапанаваў схадзіць папаліць у спецыяльны пакойчык. Гасцініца «Турыст» стаяла на высокім пагорку, плюс пятнаццаты паверх — Менск быў бачны далёка. Усё было знаёмае Дзікуну з фотаздымкаў і відэа. Чагосьці ўжо не было. Напрыклад, «дом Чыжа» каля Траецкага прадмесця напалову быў разбураны. Аграмадны безгустоўны жылы будынак, які ў свой час навісаў над усім гістарычным цэнтрам Менску.

А Немец распавёў пра сучасны Менск.

— А нахвіг мне з'язджаць?

Загінае пальцы:

— Я работаю ў сумесным прадпрыемстве з менскай фірмай. Кантрольны пакет Велазаводу — у Менску. На нашым «Мотавела», які «мы адстаялі ў пяцігадзіннай вайне і ганарымся подзвігам нашых мужных людзей», вырабляюць ровары, якія нам жа і прадаюць. Я зарабляю ў іншамарках. Іншамаркі свабодна канверсуюцца ў менскія баксы. Я ма­гу ездзіць у Менск хоць кожныя выходныя. Бо працаўнікам «Мотавела» — адкрытая віза. У Менску адтапырваюся — тут зарабляю. Нахер я каму ўпаў у Менску, калі вытвор­часць у іх тут? А ўлазіць інтэгравацца ў іхнае жыццё, абзаводзіцца новымі сацыяльнымі сувязямі, пачынаць з якога прыбіральшчыка ці разносчыка дранікаў — у мяне не той узрост ужо. А рыбалка? У менскіх жа няма выхаду да фарватараў. Яны толькі на забалочаныя берагі Заходніх тэрыторыяў могуць з'ездзіць. Што яны там зловяць? Лупатых жаб? Дык тыя жабы атрутныя ўжо за метр вакол сябе. Ну і галоўнае: на каго я гэтых усіх кіну, дружкоў-піражкоў, якіх ты бачыў у «Сумёце»? Гэта ж родныя людзі. Эта родзіна мая, панімаеш?..