Выбрать главу

Немец заглыбіўся ва ўспаміны пра Менск больш як трыццацігадовай даўніны. Тады яшчэ ў горадзе заставаліся такія ўстановы, якія можна было назваць сумессю румачных і пабаў. Зробленыя ў былых пад'ездах, міні-барчыкі працавалі ў стылі «налівайка». Месца там было няшмат, але памеры мала каго пужалі. Па вечарах налівайкі шчыльна забіваліся наведнікамі, абсалютная большасць якіх была заўсёднікамі не адзін год, а часам не адзін дзясятак гадоў. Таму — паб. Бо ўсе адзін аднаго ведалі. Ды што там ведалі, некаторыя перажаніўшыся былі па некалькі разоў. У госці адзін да аднаго хадзілі, разам на шашлыкі ездзілі. Ледзь не адна сям'я.

Як тлумачыў Немец, яму падабалася пярэстасць публікі. Тут побач стаялі і прафесар універсітэту, і рабочы будоўлі, і адстаўны вайсковец, і дзейны міліцыянт, і журналіст, і літаратар, і «снабжэнец», і таксіст. Сацыяльная сетка ва ўсёй красе з шырокім дыяпазонам поглядаў і меркаванняў. Сярод заўсёднікаў пачэснае месца старажыла займаў Артур Карлавіч — мужчына за пяцьдзясят з вечна пагнутай аправаю акуляраў, з ускудлачанымі валасамі і падкрэслена ветлівым зваротам да ўсіх без вынятку. Артур Карлавіч быў даўнім карэспандэнтам інфармацыйнага агенцтва «Баец». Публіка «Бутэрбродкі» вельмі любіла расповеды Карлавіча пра ягоныя камандзіроўкі ў вайсковыя часці і на палігоны Міністэрства абароны. Пасля камандзіровак Карлавіч традыцыйна заходзіў у барчык. Ужо на падагрэве. Бо афіцэры шчодра частавалі карэспандэнтаў — каб матэрыялы пра войска выходзілі бадзёрымі і жыццесцвярджальнымі.

Але аднойчы Карлавіч вярнуўся цвярозым і... не тое што разгубленым, але засяроджаным на чымсьці сваім. Стаяў за стойкай з чаркай у руках, вусамі шаволіў, як рак — ва ўсе бакі. Гэта значыць, напружана думаў.

А наведнікі падколвалі: «Што, Карлавіч, падышоў да снараду і не ведаеш, якую вяршыню ўзяць?» А ўсе ў барчыку як ніколі чакалі гэтага вяртання Карлавіча, бо той анансаваў, што едзе ў незвычайнае месца — на былы Альманскі палігон.

«Паўтараем, таксі для Артура Карлавіча з бару «БНР», былая «Чабурэчка», дзякуй».

— Бачыш, у іх там правадны тэлефон ужо амаль ва ўсіх установах. Плаціш, напрыклад, кавярні і замаўляеш абвестку. А кавярня па­сля з ФМ-станцыяй разлічваецца і свой працэнт забірае. Зручна! А ў нас у Горадзе-Героі трэба цягнуцца ў офіс радыёкропкі, запаўняць бланкі, пасля чакаць хер ведае колькі. Хіба што павіншаваць кагосьці можна, а так... Ага, дык Альманскі палігон.

Альманскі палігон стратэгічнага бомбамятання стварылі ў канцы 1950-х гадоў. Быў ён па тэрыторыі як тры цэлыя непадзеленыя Менскі. А самі Альманскія балаты — дык як усе пяць Менскаў. А пасярод тых балатоў была тэрыторыя на некалькі дзясяткаў квадратных кіламетраў, якая звалася Мярлінскія хутары. Балаты калісьці належалі князям Радзівілам. З пачатку 1920-х, а то і ра­ней, Радзівілы пачалі за нядорага прадаваць кавалкі зямлі, раскіданыя паміж бяскрайняю багнай. З'язджаліся туды людзі з усіх бакоў. Простыя сяляне. Так, пад канец 1930-х назбіралася некалькі тысяч жыхароў Мярлінскіх хутароў. А тут прыйшлі саветы. Частка мясцовых пасунулася хто куды ад новай улады, але большасць засталася. У ІІ сусветную немцаў там не бачылі, толькі партызанаў розных відаў. Можна сказаць, што быў на Альманскіх балатах край геаграфіі, а можна — што пачатак. Як бы там ні было, але ў 1959 годзе хутаранаў сагналі ў пару вёсак. Людзі свае хаты і гаспадарчыя пабудовы разабралі, перавезлі, сабралі на новым месцы. Такі сабе традыцыйны сялянскі «Lego». А ў 1961-м мярлінцаў пачалі высяляць ужо канчаткова — развозіць у розныя бакі ад Альманскіх балатоў. Цэлы генерал прыехаў камандаваць аперацыяй. Людзі кідаліся пад колы, людзей пужалі аўтаматамі, выбівалі шыбы ў хатах, разбіралі дахі акурат тады, калі сям'я сядала абедаць. А перад тым высяленнем быў моцны выбух, які мярлінцы чулі. Ды што мярлінцы — за сто кіламетраў у радыусе людзі чулі. З «варожых галасоў» даведаліся, што на Захадзе зафіксавалі радыяцыйную актыўнасць побач з Мярлінамі.

А далей ажно да пачатку 1990-х па балатах шпурлялі ўсялякімі відамі авіяцыйнай і ракетнай зброі — трэнаваліся. Толькі, як пасля высветлілася, трэніроўкі не дапамаглі.

— Маем што маем, — уздыхнуў Немец і правёў рукой так, нібы паказвае на ўвесь сусвет.

На пачатку 1990-х палігон закансервавалі, а незадоўга перад Вялікім Выбухам раскансервавалі. Пачалі там дарогі будаваць. А за чвэрць стагоддзя без людзей на Альма­нах утварылася ўнікальная прыродная зона з кучай раслінаў і птушак усялякіх рэдкіх. Тады эколагі і абаронцы птушак забілі ў званы. Маўляў, Міністэрства абароны зноў штосьці чалавекашкоднае пачало муціць. Вось Арту­ра Карлавіча і адправілі ў камандзіроўку зрабіць рэпартаж, які б суцешыў ці хоць бы прыцішыў грамадства. Каб выставіў Міністэрства абароны пяшчотным стварэннем. Карлавіч вярнуўся цвярозы і задуменны. Пакруціў вусамі, адставіў чарку. Развітаўся. І больш Карлавіча ніхто не бачыў. А тут во — аб'явіўся больш як праз трыццаць гадоў.