Усталявалася абсалютная цішыня.
Суседка, якая нядаўна падавалася добрай феяй, на вачох учарнела, ссушылася і ператварылася ў злосны гаварашчы корч, які прашаптаў: «Эта ня наш...»
«Эта ня наш!!!» — хорам грукатнулі гаварашчыя карчы.
Немец слухаў расповед з усмешкай, а пасля перабіў:
— Я з «Сумёту» заскочыў у хол гасцініцы па цыгарэты, бо ў «палтосачнай» яны не прадаюцца. Выйшаў на ганак, запаліў, а тут ты бяжыш-ляціш. А за табой нясецца натоўп з крыкамі «эта ня наш!» і кідае ў цябе крэслы. Дык я першаму падножку зрабіў, яны ўсе і паваліліся адзін за адным. На ўваходзе ж прыступкі крутыя. Пакуль яны там валтузіліся ў кучы-мале, я цябе засунуў у ліфт — і ў нумар затарабаніў.
У дзверы рашуча пагрукалі.
— Уваходзьце.
На парозе стаяла цэлая дэлегацыя. Мужык у камуфляжы і з аўтаматам за спінай. Адміністратарка Ала Пятроўна бюстам была ўжо ў гасцінічным нумары, а ўсім астатнім — за парогам. Над ёю ўзвышаўся мужык у гарнітуры, за імі былі бачныя яшчэ некалькі кабет.
— Мы міжведамсьцьвенная маніторынгавая група. Асушчысцвляем кантроль за качэствам услуг, за правамернасьцю прыбываньня грамадзян на тэрыторыі аб'ектаў гасударсьцьвеннай собственнасьці, за пажарнай безапаснасьцю.
Дзікун жэстам запрасіў зайсці.
— Ала Пятроўна, штойта вы такая сур'ёзная сёння? — спытаўся Немец, якога відавочна забаўляла сітуацыя. На каленях у Немца сядзела рудая пакаёўка, на якой быў адзеты адно толькі форменны чапец на галаве.
— Дакумент аб аплаце паслуг? — без «добры дзень» спытаўся службовец з аўтаматам.
Немец моўчкі працягнуў чэк.
Той, што быў у гарнітуры, аглядаў пакоі нумара. Пасля кінуў камуфляжнаму: «Пажарка залічваецца». «Што гэта ён пажаранебяспечнага шукаў у маіх рэчах, зваленых у куце?» — падумаў Дзікун.
Ала Пятроўна строга спыталася:
— Прэтэнзіі па сэрвісе ёсць?
— Усё задавальняе, — адказаў Дзікун.
— Магчыма, жадаеце замяніць персанал?
— Усё цудоўна.
— Прабачце за нязручнасці.
Кумпанія, як салдаты на пляцы, адначасова развярнулася. Візіцёры адзін за адным выйшлі вонкі.
14
«Не тая Марына, не тая Марына», — са скрухай круціў у галаве думку Дзікун, калі падыходзіў да Падшыпнікавага праезду 3. Прыватныя дамы. Пустыя. Гнілыя.
Кустоў і лішайнікаў практычна няма. «Відаць, не дабівае сюды «дружба», ветру бракуе». Смурод застаялага балота. Дзікун спыніўся, пачыналася вада. Дакладней, кісель з вады і «ўсялякага гаўна і палак». Ямы, выбоіны, каналізацыйныя люкі — гэта найменшае зло, якое магла хаваць твань. Але не, унутраны сігнал «алярму» маўчыць. Наконт небяспек — усё спакойна. Вось Дзікун ужо на месцы: стаіць пасярод двухпавярховага дому па самыя яйцы ў вадзе. Першы паверх. Гнілыя рэшткі мэблі. Больш нічога. Другі паверх. Калі Дзікун падняўся па прыступках і зайшоў у пакой на другім паверсе, то ўбачыў здаравенныя — на ўсё сцяну — літары: «КОМІКСЫ».
— Уважаемый, спускаемся!
Голас знізу быў і патрабавальны, і разняволены адначасова. Чуйка бачуна маўчала, значыць, нічога экстрэмальнага не будзе. Ці — пакуль не будзе? На першым паверсе стаялі тры ўзброеныя арбалетамі мужыкі. У камуфляжы з малінава-бэзавымі павязкамі на рукавах. На нагах у мужыкоў былі высачэзныя гумавыя боты рыбакоў — «балотнікі».
— Праходзім.
Галоўны ішоў наперадзе, Дзікун — за ім, двое ззаду. Так дашкандыбалі па вадзе-кісялі да «веладжыпа», як акрэсліў сабе Дзікун канструкцыю, якая чакала на пачатку сухога ўчастку вуліцы. Шасціколавы ровар на чатыры пасадачныя месцы нагадваў абрысамі аўтамабіль.
— Давай, уважаемы, тожа пакруцілі педалі, з вецярком даляцім.
Даляцелі да «пункта ахраны правапарадка», які мясціўся ў забаўляльным цэнтры «ДК МАЗ», падзеленым на два крылы. Злева двухпавярховае выцягнутае — былая канцэртная зала — цалкам аддадзенае пад казіно. А справа — трохпавярховае шматфункцыйнае крыло. Праз сцяну ад пастарунку быў ЗАГС. Далей — крама кветак, вырабленых з пластыкавых бутэлек, следам — «пункт прыёму запчасцей ад насяленія». На другім паверсе быў рэстаран, а на трэцім — працаваў урад Горада-Героя.
Дзікун слухаў бадзёрае «умц-умц-умц» з рэстарану і думаў пра тое, што ніколі не бываў пазбаўленым волі, нават на секунду. «Дзіўнае адчуванне». Заперлі ў «абізьяннік» — закратаванае памяшканне для затрыманых. Думкі пра тое, чаму не спрацавала «чуйка бачуна», імгненна зніклі, калі Дзікун убачыў сваіх вымушаных суседак.
— Яня, хірург хуткай дапамогі. Спецыялізуюся на п'яных калецтвах на заводах і панажоўшчынах каля бараў.
— Хрысціна, юрыстка, спецыялізуюся на камерцыйных сувязях з Менскам.