Выбрать главу

Катуй мяне, ратуй мяне,

Катуй мяне, ратуй мяне-е-е!..»

Яны з Рамонкай толькі-толькі пачалі гуляць разам. Літаральна напярэдадні ўпершыню ўзяліся за рукі, акурат сёння Дзікун планаваў першы пацалунак, і вось...

Дзікун кідаў нажы і сякеры ў сцяну насупраць. «Няма чым працаваць, — паскардзіўся шэф-кухар уладальніку кавярні, пану Андрэю. — Пятнаццаты раз слухае і інструменту не аддае». Жылісты дзядзька з пшанічнымі вусамі, пан Андрэй моўчкі падышоў да сцяны, складзенай з бярвёнаў, павымаў кухарскі рыштунак, перадаў шэфу, прынёс Дзікуну травяную гарбату і падсеў да ста­ла — маральна падтрымаць вядомага ўсяму Добраму Месцу, ды што там — усёй Новай Зямлі і прылеглым тэрыторыям, чалавека. Дзікун абхапіў рукамі галаву і цяжка выдыхнуў з сябе: «Тры-май-ся за по-руч-ні...»

«Трымайся за поручні!» — любімая фра­за Дзікуна. Дзікун ніколі ў рэальным жыцці не бачыў не тое што поручняў, але грамадскага транспарту наагул. Але Дзікуна быў развесяліў расповед Альгердыча пра тое, што некалі ў Менску дзяржаўную арганізацыю «Менсктранс» завалілі тысячамі лістоў і тэлефанаванняў: абураныя менчукі фактычна крычалі: «Вы што — нас за поўных ідыётаў лічыце?!» А ўсіх клопатаў было, што нейкі дробны клерк склаў такі тэкст, які круціўся ў тралейбусах і аўтобусах: «Шаноўныя пасажыры, падчас руху трымайцеся за поручні, якія спецыяльна для гэтага прадугледжаныя». «Не, блін, мы на поручнях бялізну сваю развесім сушыцца!» — абураліся пасажыры.

Дзікун быў апантаны Менскам. З дзяцінства чытаў і глядзеў усё, што было ў Новым Месцы датычнага Менску. Тэксты і фоткі, гісторыю і сучаснасць на момант сыходу старэйшых у пошуках новай зямлі.

Тры-май-ся за по-руч-ні... У жыцці Дзікуна была ўжо аднойчы невыносная роспач. Яе перажыў шмат гадоў таму — неўзабаве пасля інцыдэнту з вадзяным пацуком. Памяць падкідала ўспаміны кароткімі выбліскамі. Будынак аэрапорту, шмат людзей, нервовыя крыкі. Мама трымае Стасіка за руку. Тата цягне за сабой валізу. Дзікун з бацькамі — у канцы чаргі на чартарны рэйс Менск — Сант'яга-дэ-Чылі. Апошні самалёт, які мусіць пакінуць аэрапорт «Менск-2». Ва­да падступіла да самай узлётнай паласы. Салдаты адціскаюць аўтаматамі тых, хто не паспеў ускочыць у апошні вагон, у сэнсе — самалёт. З дынамікаў ідзе апавяшчэнне пра тое, што з вайсковага аэрадрому ў Мачулішчах, прадмесці Менску, таксама ладзіцца эвакуацыя ўсіх ахвочых. Гэтыя дэталі Дзікун дазнаўся пазней ад старэйшых, калі падрос, а ў памяці круціліся адно карцінкі штурханіны і поціск напружанай рукі мамы. Малы вос­тра адчуваў неверагодную пагрозу, крычаў, каб папярэдзіць, але бацькі, відаць, думалі, што ён проста баіцца агульнай панічнай атмасферы. Рука мамы літаральна на імгненне адпусціла Стасіка, і малога хтосьці адразу падхапіў. Гэта быў вайсковец з ачаплення. Ён перакінуў хлопчыка камусьці з натоўпу. Маці залямантавала, салдаты закрылі праход. Ні туды, ні сюды больш ніхто не змог прайсці.

Тады быў толькі адчай, малы не мог патлумачыць дарослым, што загадзя адчуў небяспеку. А цяпер Дзікун згараў не толькі ад роспачы, але і ад сораму — бо ён быў бачуном.

Як бачун Дзікун мусіў угледзець пагрозу смерці, якая прыйшла з-пад вады і забрала Рамонку і сяброў-рыбакоў. Бачуны наўперад адчувалі небяспеку з адносна блізкай адлегласці. «Бачуны», казалі людзі. Насамрэч ніякія карцінкі перад бачунамі не паўставалі. Кшталту, праз секунду сабака ўкусіць чалавека, ці праз хвіліну пачнецца атака бандытаў, ці праз пяць хвілінаў у кагосьці ўдарыць маланка.

«Штосьці будзе, — спрабаваў тлумачыць Дзікун, калі ў яго пыталі, як ён адчувае небяс­пеку. — Першы раз ты не ведаеш канкрэтна, што. Калі небяспечнае здараецца, адразу ў свядомасці фіксуецца нібы хімічная фор­мула. І ты яе запамінаеш назаўсёды. Стрэл са зброі, рык звера, утварэнне віра... Наступны раз пры прадчуванні такой небяспекі формула ўсплывае ў мяне з памяці за некаторы час да падзеі: секунды ці хвіліны. І тады я магу папярэдзіць.

Крыніца пагрозы можа змяніць канфігурацыю. Напрыклад, злачынец дасць пас напарніку, і куля прыляціць з іншага дула, а значыць, па іншай траекторыі, чым ты прадбачыў, альбо драпежнік вось-вось кінецца, але трапіць у пастку, таму прадчуванне нападу спрацуе ўхаластую, — Дзікун шукаў вобразы, каб патлумачыць, што бачуны не ўсёмагутныя. — Калі небяспека для бачуна новая, то застаецца спадзявацца на шацунак, на тое, што ты правільна ўгадаеш удар. Як брамнік падчас пенальці».

Бачуны складалі базы формулаў небяспек, абменьваліся імі. Інфармацыю перадавалі зразумелымі толькі ім гукамі і жэстамі і — галоўнае — малюнкамі-іерогліфамі. Скрасці таямніцу бачуноў было немагчыма. Бо звычайны чалавек не мог успрыняць, а бачун не мог перавесці свае веды ў звыклае для людзей кадаванне.