Выбрать главу

Вельмі хутка людзі з мінулага, да ката­строфы, жыцця высветлілі, што чым бліжэй чалавек быў да Вялікага Выбуху па часе нараджэння, тым лепш ён адчуваў небяспекі. Так сталася, што тым дарослым, які ўбачыў бой малога Стасіка з сінякрылым вадзяным пацуком, быў Альгердыч. Гэта ён досыць хутка здагадаўся пра незвычайную здатнасць хлопчыка. Стасік вырас найлепшым бачуном. Бо быў адзіным, чыё нараджэнне супала з момантам, калі адбыўся Вялікі Выбух.

Усе астатнія, хто прыйшоў на свет адразу па­сля Вялікага Выбуху, таксама мелі здольнасці бачуноў, але ў крыху меншай ступені.

Дзікун вучыў малодшых сяброў з дарам бачуноў. Напрыклад, як адрозніваць фонавыя небяспекі. Вось проста нядобры па жыцці чалавек, а вось канкрэтны зламысны намер, які ад яго сыходзіць. Ці вось — стан­дартная прыродная пагроза, а гэта — невядомы прыродны катаклізм.

«Гады трэніровак і інтуіцыя, якая вынікае з жыццёвага досведу і аналітычных практыкаванняў, — падмурак поспеху бачуна», — так тлумачыў сваю работу Дзікун, калі навучаў маладзейшых.

Сярод іншага, бачуны суправаджалі рыбакоў, каб абараніць іх ад пагрозаў з боку людзей і прыроды. І вось Дзікун сядзеў у «Трэцім Статуце» і не глядзеў у вочы сябрам — вінаваціў сябе за тое, што прапусціў пагрозу «чорных п'явак». Прапусціў, бо не адчуў. Нічога. Нуль. А гаспадар кавярні пан Андрэй, акуратна падбіраючы словы, тлумачыў, што і Рамонка таксама была бачунняй. Можна было б спісаць сітуацыю на тое, што яна мела дар меншай магутнасці, але калі два бачуны адначасова... Значыць, усе разам сутыкнуліся з чымсьці новым, абсалютна не ўласцівым для ваколіцаў Новай Зямлі. Таму няма каго за што вінаваціць.

3

Калі б хто-небудзь стварыў глабальны рэйтынг падполляў, Менскае магло б прэтэндаваць на самае экстраардынарнае. Рэч у тым, што Менскае падполле ўтварылася не з пачаткам баявых дзеянняў, а ў чаканні вайны. ІІІ сусветнай вайны. Ніхто не сумняваўся, што вось-вось мусіць пачацца, але як канкрэтна? Ворагі адразу бабахнуць ракетамі ці пяройдуць у наступ малымі групамі ва ўніформе без апазнавальных знакаў? Зрэшты, галоўны «ікс» у раўнанні быў у цэнтры Менску: на чыім баку ў глабальным канфлікце будуць улады? А найперш, уласна, чыны Міністэрства абароны. Паколькі з адкрытых крыніцаў было зразумела, што многія генералы прададуць сваю краіну за нядорага, то спачатку ўтварыўся Супраціў, а вось з яго крыху пазней сфармавалася Падполле.

Калі Дзікун вырас, ён пэўны час нёс памежную варту разам з Альгердычам на базе ў Білева, колішнім мікрараёне Віцебску. Гэта была такая заморская, насамрэч запраліўная, тэрыторыя Новай Зямлі. Дзікун як бачун дапамагаў адбіваць напады бандытаў, якія прыходзілі з боку Веляшковічаў і Лёзна. А таксама Ваўкоў, Брусоў, Шапак і Задняй. Гэта ўжо за колішняй усходняй мяжой. У першыя гады, як пачалося фармаванне супольнасцяў Новай Зямлі, госці са зброяй не спынялі атак.

А на поўдзень ад Білева ляжала мноства выспаў. Ад незлічоных драбнюткіх да некалькіх вялікіх. Найбліжэйшай была самая аграмадная, якая звалася Талачынскай, — кавалак сушы, які застаўся ў межах былых ды існых мястэчак: Круглае, Друцк, Шчацінка, Талачын, Усвіж-Бук, Абольцы, Латыгаль, Юрцава. Вада між Білевам і Талачынскай выспай была адзіным уваходам у акваторыю Новай Зямлі.

Талачынская выспа — у некалькі разоў большая за Новую Зямлю, але мала заселеная. Пераважна дробнымі бандыцкімі групоўкамі, якія рабавалі хутаранаў з невялічкіх выспаў. А таксама шукалі здабычу па гарадах, якія самі нібы выспы вытыркаліся з ва­ды. Ды хоць бы Жодзіна са сваім аграмадным БелАЗам. А дадай туды яшчэ шчыльныя рады дзясятка заводаў, а дадай мікрараёны шматпавярховікаў. Было дзе і што здабываць! Толькі ведай фарватары ды пільнуй, каб не закрыліся. Калі на заводах найперш шукалі каштоўныя металы, то па жылых да­мах выглядалі прыдатную для ўжывання побытавую тэхніку. І каштоўныя металы, зноў жа. Усё перапраўлялася кантрабандай у Горад-Герой.

Апроч Дзікуна ў Білеве разам з салдатамі неслі варту іншыя бачуны. Сядуць маладыя хлопцы і дзеўкі пасля змены каля вогнішча, а тут і Альгердыч падыдзе. Хтосьці запаліць, хтосьці трынькне на гітары, а пасля хтосьці папросіць: «Пане Фларыяне, а распавядзіце, калі ласка, як вы ў Падполлі змагаліся». «Ну як змагаліся, — пачне Альгердыч, відавочна задаволены ўвагай, — мы рыхтаваліся».

Яшчэ да Вялікага Выбуху Альгердыч быў сувязным з адной з групаў, што схавалася ў падземным Менску. Працаваў у рэстаўрацыйнай майстэрні мастацкага музею. А гэта значыць, што ён камунікаваў не толькі з навуковымі супрацоўнікамі-мастацтвазнаўцамі, але з вялікім колам прыватных заказчыкаў. Ідэальны сувязны. Проста ў цэнтры гораду ў сябе на рабоце сустракаўся з кліентамі. А кліенты былі розныя: ад чорнага капача да калекцыянера, ад нуварыша-пакупніка да прафесійнага гандляра антыкварыятам. Усе ўзросты, полы, сацыяльныя становішчы.