Выбрать главу

Пры слове «Купал» шматтысячная публіка ўстрывожана выдыхнула. У гэты час паліцэйскі спецназ ужо сабраўся ў немалой колькасці побач з натоўпам і пачаў шыхтавацца. «Хутка будуць прарублівацца да нас», — прамармытаў Арцём і выгукнуў:

— Людзі! Мэр і ейныя памочнікі хочуць схаваць ад вас важную інфармацыю. Дапаможаце нам цяпер — дапаможаце сабе на самую блізкую будучыню! Тут недалёка, на Койданаўскай вуліцы, месціцца наша менская FM-станцыя. Давайце не дамо паліцыі нас захапіць, і хай наш госць раскажа ўсім, і Менску і Гораду-Герою, падрабязнасці таго, што ведае пра небяспеку!

Ці сама Альжбета даўмелася, ці хто з памочнікаў параіў, але паліцыя нікога не ча­пала, толькі ішла збоку вялікай гурбы ўзрушаных людзей. А пасля заблакавала ўсе хады-выхады вакол двухпавярховага дамка пасярод гістарычнага квартальчыку. У дамку і быў офіс радыё «Адзінкі», работнікі якога не хавалі шалёнай радасці ад эксклюзіву, які абрынуўся ім на галаву. Ды яшчэ ў той самы дзень, калі запускаліся канкурэнты з інтэрнэт-медыямі.

Што праўда, над галавой радыйнікаў ужо заселі снайперы, але бачна гэта было толькі некаторым мінакам на вуліцы. Койданаўская і ўнутраны дворык-патыё былі шчыльна забітыя людзьмі і не пакідалі шанцаў паліцыянтам для манеўру. А дахі — хадзі, як на праменадзе. Тым больш студыя радыё была абшытая гукаізаляцыйным матэрыялам — не пачуюць крокаў. У офісных памяшканнях радыё раўлі калонкі. А самыя моцныя дынамікі, што знайшліся на «Адзінцы», выставілі на вуліцу.

— Прывітанне, сябры, у студыі для вас працуе Жанна Гудбай, — вядоўца сваім глыбокім кантральта прамаўляла інтымнай інтанацыяй начных эфіраў, хоць за акном было крыху па апоўдні. — Пасля выпуску навінаў і кароткай рэкламы мы пазнаёмімся з гасцямі нашага ток-шоу «Прыехалі»...

Відаць, у навушнікі Жанны моцна пікнулі і штосьці сказалі, бо з аблічча вядоўкі знікла ўсмешка жанчыны-вампа, а вочы рэзка вылезлі наперад.

— Увага! У студыі радыё «Адзінка» — госць з далёкіх усходніх выспаў Станіслаў Дзікун... — пік у навушнікі, — Станіслаў Рабянок, вядомы як Дзікун, які мае важнае паведамленне для жыхароў Менску і сумежных тэрыторыяў. Вам слова, спадар Дзікун.

— Вітаю. Ва ўсіх вас, ва ўсіх нас застаецца няшмат часу, магчыма, часу ўжо няма. Вядомыя многім менчукам з паездак у Горад-Герой «чорныя», яны не проста новае ваенізаванае фармаванне. Насамрэч дакладна невядома, ці гэта людзі наагул, ніхто не бачыў, што ў іх пад касцюмамі.

Дзікун каротка паўтарыў гісторыю пра «чорных» і рыбакоў Новай Зямлі. Таксама сцісла, але з выразнымі дэталямі, апісаў масавы расстрэл гледачоў на стадыёне «Трактар».

— Самае галоўнае, што «чорных» бачылі сёння самай раніцай у Менску.

— ...Хо-хо, ну іх бы нашы памежнікі адразу супакоілі, — Жанна Гудбай выразна паглядзела на капітанскія пагоны Арцёма.

— Іх бачылі з боку Купалу.

— Ой...

У навушнікі Жанны Гудбай зноў пікнулі і штосьці сказалі.

— Дзікун, падчас свайго выступу на плошчы Свабоды каля Ратушы вы распавядалі пра сістэму дэмакратыі ў вас на Новай Зямлі. Пра нейкія майстроўні, якія робяць немагчымай узурпацыю ўлады.

— У нас чалавек не атрымлівае грамадзянства аўтаматычна, зрэшты, як і паўсюль. Але адрозненне сістэмы Новай Зямлі ў тым, што грамадзянства калі даецца, то не адразу з правамі і абавязкамі ў межах усёй дзяржавы, а толькі адной супольнасці, якую мы клічам майстроўняй. Дый дзяржавы як такой няма, ёсць канфедэрацыя майстроўняў. Яны аб'яднаныя адзіным кіраўніцтвам. У майстроўнях абіраюць сваіх ачольнікаў, а тыя ўжо галоўнага каардынатара майстроўняў — Вялікага Ачольніка. Такім чынам папулізм адразу адмятаецца, а магчымасць узурпацыі ўлады адной групоўкай зводзіцца да нуля, бо людзі ўнутры сваіх суполках праходзяць пільны палітычны адбор. Нейронныя сувязі грамадства робяцца вельмі складанымі.

— А як можна стаць сябрам... Ці як правільна сказаць?.. Удзельнікам майстроўні?

— Для нас важныя этычныя крытэры, якіх трымаецца кандыдат ва ўдзельнікі нашай супольнасці. Таксама яго мінулае. Большасць майстроўняў сфармавалася тут, у Менску, яшчэ да Вялікага Выбуху. У тыя часы бы­ло досыць проста з праверкай інфармацыі. А цяпер, калі да нас грукаюцца прышлыя на Новую Зямлю людзі, мы даем ім шанец выявіць сябе. Пасля чалавек здае свайго кшталту экзамен перад майстроўняй. Толькі ў звычайных экзаменах ёсць білеты, якія ты мусіш вывучыць, а тут супольнасць робіць «білеты» згодна ўласных правілаў, пра якія кандыдат не ведае.

— А што за правілы?

— Калі агулам, то чалавек адказвае на пытанне свайго матыву: чаму грукаецца да нас — менавіта ў нашу майстроўню? Як ён уяўляе сваё жыццё сярод нас? Якія мае планы, надзеі, як бачыць перспектывы сябе ў майстроўні? Яго слухаюць, абмяркоўваюць, спрачаюцца, выстаўляюць аргументы «за» і «супраць». Пасля адбываецца галасаванне. «За» лічыцца дзевяноста працэнтаў. Калі не прымаюць, чалавек жыве далей, як жыў, толькі без права голасу.